У Магілёве 15 траўня быў затрыманы журналіст-фрылянсэр Аляксандар Буракоў-малодшы, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў. Перад затрыманьнем ён некалькі дзён не выходзіў з кватэры, бо ведаў, што яго чакае міліцыя.
Удзень 15 траўня міліцыянты прыйшлі да яго ў кватэру разам з гаспадыняй жытла і затрымалі, павезьлі ў Ленінскі РАУС Магілёва.
Журналіста вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага. Буракоў жа сьцьвярджае, што асьвятляў акцыю як журналіст. Суд чакаецца 15 траўня, затрыманаму пагражае штраф або арышт.
На гэтым тыдні суды ўжо пакаралі арыштамі журналістаў Алеся Асіпцова, Міхаіла Аршынскага, Зьмітра Лупача і дзядзьку Аляксандра Буракова-малодшага — Алеся Буракова. Агулам з 6 да 14 траўня ў Беларусі затрымалі каля 120 чалавек у сувязі з акцыямі ў падтрымку Ціханоўскага і супраць правядзеньня вайсковага параду падчас эпідэміі каранавірусу.