Праваабаронцу Ўладзімера Вялічкіна аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у шэсьці праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці 3 траўня. Ён вызвалены з-пад варты ў судовай залі.
Як паведамляе БелаПАН, суд Ленінскага раёну Берасьця абвінаваціў Вялічкіна у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. У суд яго даставілі з ізалятара часовага ўтрыманьня.
Вялічкін знаходзіўся ў ІЧУ з 10 траўня. Яго затрымалі падчас назіраньня за акцыяй супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Два наступныя дні месцазнаходжаньне праваабаронцы заставалася невядомым. Жонка Вялічкіна накіравала скаргу ў абласную пракуратуру на ўтойваньне супрацоўнікамі міліцыі інфармацыі пра яе мужа.
12 траўня Вялічкіна даставілі ў суд Ленінскага раёну, які аштрафаваў яго на 1 350 рублёў, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна цягам году). Пасьля пасяджэньня яго зноў затрымалі і адвезьлі ў ІЧУ.
10 траўня быў затрыманы яшчэ адзін берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк. Некалькі дзён не было вядома, дзе ён. 11 траўня ягоная маці Роза Кісьляк накіравала заяву ў абласную пракуратуру аб гвалтоўным зьнікненьні сына. Тады ёй паведамілі, што той у ІЧУ Ленінскага РАУС.
12 траўня суд Ленінскага раёну пачаў разглядаць матэрыялы ягонай справы за ўдзел у шэсьці праціўнікаў акумулятарнага заводу 12 красавіка. Кісьляк заявіў хадайніцтва аб адвакаце. Падчас паседжаньня 14 траўня Кісьляка вазвалілі, але адразу ж затрымалі і зьмясцілі ў ІЧУ.
Пазьней яго пачалі судзіць за ўдзел у шэсьцях праціўнікаў заводу 14 красавіка і 3 траўня. Праваабаронца заявіў хадайніцтва аб дадатковым часе для падрыхтоўкі сваёй абароны. Судзьдзя прызначыў паседжаньне на 19 траўня, Кісьляка вызвалілі з-пад варты.