Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала вызваліць калег, асуджаных за «несанкцыянаваныя акцыі»


Ілюстрацыйнае фота. Асуджаны на 10 сутак арышту пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў абвясьціў галадоўку пратэсту.
Ілюстрацыйнае фота. Асуджаны на 10 сутак арышту пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў абвясьціў галадоўку пратэсту.

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) 12 траўня выступіла з заявай, у якой «рашуча пратэстуе супраць прыцягненьня калег да адміністрацыйнай адказнасьці».

11 і 12 траўня суды ў Магілёве і Глыбокім пакаралі журналістаў, сябраў БАЖ Алеся Асіпцова, Міхася Аршынскага, Аляксандра Буракова і Зьмітра Лупача адміністрацыйнымі арыштамі на 10 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія журналісты насамрэч асьвятлялі.

Як адзначае БАЖ у сваёй заяве, беларускі закон «Аб СМІ» дае журналістам права прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у раёнах надзвычайных сытуацый, у месцах грамадзка важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю.

«Такім чынам, журналісты мелі права прысутнічаць на акцыях і выконваць там сваю працу», — падкрэсьлівае БАЖ.

«Асаблівым зьдзекам лічым прымяненьне ў якасьці пакараньня адміністрацыйнага арышту ў пэрыяд пандэміі каранавірусу, што ставіць пад сур’ёзную небясьпеку здароўе калег», — заяўляе БАЖ і патрабуе тэрміновага перагляду адміністрацыйных спраў журналістаў і ўсіх іншых, каго «прыцягнулі за адказнасьці за выказваньне меркаваньня», і іх неадкладнага вызваленьня.

  • У пачатку траўня ў Беларусі прайшлі пратэсы супраць правядзеньня вайсковага параду падчас пандэміі каранавірусу, якія перайшлі ў акцыі супраць зьняволеньня блогера Сяргея Ціханоўскага, які клікаў на «антыпарад». За апошнія дні ў Беларусі затрымалі і асудзілі дзясяткі чалавек, у тым ліку журналістаў, якія асьвятлялі акцыі.
  • Суды пачаліся яшчэ да параду — у Гомлі, Горадні, Лідзе, Магілёве і актывістам прысудзілі ў 15 выраках сумарна прынамсі 102 сутак арышту.
  • За 11 траўня вынесьлі прынамсі 28 выракаў на прынамсі 206 сутак арышту і прынамсі 5751 рубель штрафаў.
  • За 12 траўня вядома ўжо пра шэсьць выракаў сумарна на 57 сутак арышту.
  • На 10 сутак асудзілі таксама журналістаў Алеся Асіпцова, Міхася Аршынскага, Аляксандра Буракова і Зьмітра Лупача, якія асьвятлялі акцыі.
  • Некаторыя затрыманыя раней, як то актывіст «Моладзевага блёку Пётар Маркелаў, а таксама затрыманыя 12 траўня яшчэ чакаюць судоў у наступныя дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG