Судзьдзя Вера Галаўкова ў судзе Савецкага раёну Менску 13 траўня пакарала 10 суткамі арышту актывіста «Моладзевага блёку» Пятра Маркелава, піша «Прававая ініцыятыва».
Маркелава затрымалі ў тым самым судзе 11 траўня, дзе ён чакаў выракаў паплечнікам. Але першапачаткова сьцьвярджалася, што яго нібыта затрымлівалі з прычыны падабенства да злачынцы, які ў вышуку; затым — за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
Але на судзе, як перадае «Прававая ініцыятыва», яго вінавацілі ў тым, што ён «наўмысна, з хуліганскім намерам лёг на лаўку і ажыцьцяўляў відэаздымку грамадзян, на неаднаразовыя заўвагі грамадзян не рэагаваў, чым наўмысна парушаў дзейнасьць арганізацыі суду Савецкага раёну Менску, праявіўшы відавочную непавагу да грамадзтва».
Пасьля ён нібыта «адмовіўся выканаць законнае патрабаваньне лейтэнанта міліцыі Кавалеўскага, прайсьці ў службовае памяшканьне будынка суду, стаў хапацца за форменнае абмундзіраваньне, упіраўся рукамі за прадметы побач, спрабаваў уцячы».
На відэа відаць, што затрыманьне адбывалася іначай — міліцыянты тлумачылі, што ён «падобны прыкметамі», пра хуліганства не гаварылі. Прынамсі на апублікаваных кадрах Маркелаў не супраціўляўся.
Суд над Маркелавым праходзіў празь відэасувязь, на відэа ён быў у клетцы, казаў, што там халодна і што ён можа захварэць. Прасіў перадаць цёплыя рэчы і сустрэцца з адвакатам, але адваката да яго не пускаюць, спасылаючыся на эпідэмію каранавірусу.
Як сьцьвярджае «Прававая ініцыятыва», судзьдзя Галаўкова спытала Маркелава, ці зразумелая яму працэдура абскарджаньня — ён адказаў, што не, бо ён ня мае ні паперы, ні асадкі, а судзьдзя на гэта сказала толькі: «Усё зразумела».