Ужо і не зразумела, чыю мадэль адукацыі мы выбудоўваем, выбудоўваем, а яна ўсё ніяк не выбудоўваецца. Ці то фінскую, ці то карэйскую, ці то Мантэсоры, ці то Вальдорф, зараз во да кітайскай прыглядаемся, усё гэта бяз стомы і з імпэтам прышчапляем на зусім сквашаны ўжо савецкі грунт.
І афіцыйная, і прыватная адукацыя, як хоча пахваліцца, абавязкова ўставіць у свае рэклямныя тэксты што-небудзь гэткае, гучнае і незразумелае, але абавязкова, каб чужое. І гэта — адзіная рыса ў сучаснай адукацыі, якую можна назваць выключна беларускай рысай: манера апранацца з чужых плячэй. Усё замежнае заўсёды падаецца нам апрыёры добрым, а ўсё сваё — апрыёры благім альбо апрыёры няісным.
Гэта насамрэч дзіўна. Фіны будуюць фінскую адукацыю, карэйцы — карэйскую, украінцы — украінскую, кітайцы — кітайскую, брытанцы — брытанскую, а мы — якую заўгодна, але не сваю.
А як яе будаваць?! — залямантуюць навокал. Што, ў Беларусі калі-небудзь была свая беларуская адукацыя? Ніколі яе тут не было!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці ня хочуць, бацькі патрабуюць. Настаўнікі — могуць? Выкладчыкі-энтузіясты дзяліліся досьведам у МенскуДык і ў фінаў калісьці не было. І ва ўкраінцаў. І — страшна падумаць! — у брытанцаў таксама некалі не было ніякай адукацыі. А пабач! Аднекуль узялася.
Так, наша беларуская нацыянальная адукацыя — адукацыя зь няпростай і драматычнай гісторыяй. Самае няпростае і драматычнае ў ёй тое, што пра яе ніхто нічога ня ведае. Навукоўцы дасьледуюць-дасьледуюць, часопісы друкуюць-друкуюць, і так гэта ўсё і гіне ў багне агульнага няведаньня. Усе ў нас ведаюць пра Царскасельскі ліцэй — а хто ведае пра наш, выключна беларускі, па беларускім лякалам пабудаваны Белпэдтэхнікум?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шмат перапынкаў і мала хатняга заданьня. Як фінскія школы сталі найлепшымі ў сьвецеЗа лічаныя гады, што далі папрацаваць, з Белпэдтэхнікуму выпусьціліся некалькі дзясяткаў (!) паэтаў, пісьменьнікаў, краязнаўцаў, выгадавадаўся ўнікальны хор, па ўсёй краіне паехалі рупліўцы беларускай школы, менавіта нацыянальнай школы, па сваіх правілах пабудаванай. Хто сёньня вывучае і засвойвае досьвед Белпэдтэхнікуму? Што мы ведаем пра ўласную, аўтарскую мэтодыку выкладаньня Якуба Коласа? Язэпа Лёсіка? Алеся Круталевіча? Шчэ да таго, як ацэньваць іх, як думаць, што браць адтуль, а што ня браць — што мы пра гэта ведаем? Зуб даю, пра Марыю Мантэсоры мы ведаем значна больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава робіць усё, каб адбіць у людзей ахвоту навучацца па-беларуску», — БаршчэўскіЦі ведаем мы, чым жыла Горацкая акадэмія — і ў дзевятнаццатым, і напачатку дваццатага стагодзьдзя? А гэта быў выбітны асяродак, адзіная вышэйшая навучальная ўстанова на ўвесь Паўночна-Заходні край сто шэсьцьдзесят год таму, і няхай заснавальнік яе — Расея, але ж колькі ў Горках было беларушчыны, і якую адукацыю яны давалі! Што нам аб гэтым вядома?
Што мы ведаем пра выбітныя пэдагагічныя калектывы Менскай мужчынскай гімназіі і гімназіі Фальковіча і Зубакіна, калектывы няхай рускамоўныя, але ж — сталыя, самастойныя ў пэдагагічнай тактыцы, калектывы, якія выпускалі дзяцей, здольных працягваць адукацыю хоць табе ў Маскве, хоць табе ў Бэрліне? Шчэ да таго, як мы вывучым, што ў іх дзейнасьці было менавіта «тутэйшага», шчэ да таго, як вылушчым нацыянальную мадэль адукацыі — што мы пра іх хаця б ведаем? Дзе мы хаця б пачынаем да гэтага дакопвацца? Ці ёсьць, саромеюся запытацца, у нас у Мінадукацыі спэцыяльны, можна сакрэтны, аддзел, які гэтым займаецца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпэтытар Лівянт: 25% выпускнікоў валодаюць ведамі пачатковай школы, 95% ня ведаюць ніводнага фізычнага законуБеларускія дзеці — ня фінскія. Не нямецкія. І тым больш — не Вальдорф. Беларускія бацькі — адрозьніваюцца ад бацькоў у Кітаі і па сваіх жыцьцёвых прыярытэтах, і па сваіх адукацыйных запытах. Беларускія настаўнікі — не брытанскія. Яно, можа, і шкада, але так ёсьць. У нас свая краіна. У нас павінна быць свая адукацыя са сваім выразным тварам.
А потым — так. Давайце прышчэпім на яе які заўгодна Вальдорф. Прышчэпка жыве толькі на здаровым падвоі, на тым, які каранямі трымаецца за гэтую зямлю. Інакш у прыродзе не бывае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.