Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шмат перапынкаў і мала хатняга заданьня. Выкладчык расказаў, як фінскія школы сталі найлепшымі ў сьвеце


«Палова дзяцей ня пойдзе ва ўнівэрсытэт». Знакаміты настаўнік пра посьпех фінскай школы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00

«Палова дзяцей ня пойдзе ва ўнівэрсытэт». Знакаміты настаўнік пра посьпех фінскай школы

У краіны не было рэсурсаў, і таму ўрад зрабіў стаўку на адукацыю. З гэтага пачалася школьная рэформа ў Фінляндыі ў 1970-я гады. Пасьля адмены тэстаў і праверак настаўнікаў фінскія школьнікі сталі найлепшымі ў пісьменнасьці і ўменьні прымяняць веды на практыцы.

Пра гэта 18 студзеня ў Менску распавядаў Кары Лоўхівуоры — былы дырэктар школы, дзе вучні ходзяць без абутку, не здаюць тэстаў, а настаўнікі ствараюць уласную праграму навучаньня.

Пасьля таго, як Фінляндыя пачала рэформы ў адукацыі 45 гадоў таму, фінскія школьнікі сталі найбольш пасьпяховымі ў сьвеце. Штогод яны займаюць першыя месцы ў рэйтынгу PISA — міжнароднай праграме ацэнкі адукацыйных дасягненьняў навучэнцаў. Свабода наведала лекцыю, арганізаваную кампаніяй «А-100 Дэвэлапмэнт», і запісала самыя яскравыя выказваньні Кары.

У Фінляндыі не было нафты, таму ўрад вырашыў інвэставаць у адукацыю

У 1972 годзе ў Фінляндыі пачалася школьная рэформа. У краіне зьмянілі падрыхтоўку настаўнікаў і адмовіліся ад іспытаў і тэстаў у школе.

«У Фінляндыі зразумелі, што ў нас няма нафты, як у Нарвэгіі. Мы маем лясы, зялёнае золата, але гэтага недастаткова. Мы зразумелі, што адукацыя мусіць быць нашай моцнай рысай. Таму грамадзтва зрабіла шмат высілкаў для падрыхтоўкі настаўнікаў».​

Усе школы аднолькавыя, няма прэстыжных і непрэстыжных

У Фінляндыі не існуе паняцьця прэстыжнай ці непрэстыжнай школы. Бацькі ня могуць выбраць школу для свайго дзіцяці. Паводле закону, вучні мусяць наведваць школу па месцы жыхарства.

«Такая сыстэма забясьпечвае роўнасьць, кожнае дзіця мае аднолькавыя магчымасьці», — кажа Кары.

Усе школы Фінляндыі дзяржаўныя і цалкам бясплатныя. Вучні ня плацяць ні за падручнікі, ні за гарачае харчаваньне.

Бацькі ня ўмешваюцца ў жыцьцё школы

Фінскія бацькі давяраюць настаўнікам і школьнай адміністрацыі і ня ўмешваюцца ў справы школы.

«У нас няма школьных інспэктараў, — кажа ён. — Пытаньне даверу тычыцца ўсяго грамадзтва. Урад давярае муніцыпальнай уладзе, мясцовыя органы ўлады давяраюць дырэктару школы, дырэктар давярае настаўніку, а настаўнік — вучням. Такім чынам, сем’і давяраюць школе. У нас няма такога, як у Амэрыцы, калі бацькі ўмешваюцца ў паўсядзённае жыцьцё школы».

Конкурс на настаўніка — 10 чалавек на месца

Каб стаць школьным выкладчыкам, абавязкова трэба мець ступень магістра.

«Прафэсія настаўніка прэстыжная. Таму мы маем вельмі добрых абітурыентаў, якія хочуць стаць студэнтамі», — пасьля гэтых словаў заля патанае ў аплядысмэнтах. Конкурс на пэдагагічныя спэцыяльнасьці ў фінскіх унівэрсытэтах — да 10 чалавек на месца.

У Фінляндыі працаваць настаўнікам у школе больш прэстыжна, чым ва ўнівэрсытэце. Статыстыка сьведчыць, што школьны выкладчык у сярэднім атрымлівае большы заробак, чым унівэрсытэцкі.


Выкладчыкі самі складаюць навучальныя праграмы

У Фінляндыі існуе нацыянальная праграма, паводле якой працуюць настаўнікі. Але як арганізоўваць навучаньне, у кожнай школе вызначаюць самі.

«Няма рэформаў, якія спускаюцца зьверху, — кажа Кары. — Адміністрацыя ці міністэрства іх не навязваюць. Заўжды гэта абмяркоўваецца з настаўнікамі».

Формы ня носяць ні вучні, ні выкладчыкі

«У Фінляндыі школьная форма — гэта джынсы і байкі, — кажа Кары. — Таксама і настаўнікі ходзяць у джынсах і байках— у нас гэта вельмі нефармальна. Вонкавы выгляд ні на што не ўплывае».

Вялікія перапынкі і шмат часу для гульняў

Стандартны расклад заняткаў у фінскай школе такі самы, як і ў большасьці краінаў: 45 хвілін уроку і 15 хвілін перапынку. Часам настаўнікі аб’ядноўваюць два ўрокі, і тады перапынак цягнецца паўгадзіны. Калі на дзень вучань мае шэсьць заняткаў, у яго выходзіць 75 хвілін для адпачынку.

«Чатыры асноўныя рэчы ў фінскай адукацыі: гэта кароткія дні навучаньня, шмат вольнага часу, мала хатняга заданьня і доўгія вакацыі, — кажа Кары. — Усё вельмі проста».


Тэставаньне не патрэбна

У Фінляндыі адмовіліся ад матывацыі вучняў за кошт ацэнак.

«Лічбы мала пра што кажуць, — кажа Кары. — Самае важнае — параўноўваць сябе сёньняшняга з сабой мінулым, а не зь іншымі людзьмі. Гэта значыць, параўноўваць сваё разьвіцьцё адносна ўласных навыкаў, а не зь іншымі вучнямі».

Таксама ў Фінляндыі адмовіліся ад тэставаньня. Настаўніку ня так важна, наколькі яго вучні лепшыя за вучняў іншых школаў.

«У нас няма тэставаньня, і нам не даводзіцца пастаянна даказваць, наколькі мы лепшыя за іншых», — кажа Кары.

Вучняў не пакідаюць на другі год

Нават калі ў вучня сур’ёзныя праблемы зь нейкім прадметам, яго не пакідаюць на другі год. Напрыклад, ён сёлета не спраўляецца матэматыкай, але няма патрэбы другі год запар вывучаць усе астатнія прадметы.

«Больш важна, каб вучань мог заставацца са сваімі аднаклясьнікамі і разам зь імі вучыўся і разьвіваўся далей».

На наступны год вучняў, якія адставалі ў пэўных прадметах, зьбіраюць у групу і дадаткова праводзяць зь імі заняткі.

Міністэрства адукацыі ня робіць праверак

«Адмена школьных інспэктараў. Думаю, кожны чалавек у гэтай залі ведае, што прыезд інспэкцыі — гэта тэатар», — пасьля гэтых словаў Кары ў залі зноў загрымелі аплядысмэнты. Большасьць наведнікаў лекцыі былі пэдагогі.

Замест міністэрскіх праверак у Фінляндыі створаная сыстэма самаацэнкі. Кожныя тры гады праводзіцца апытаньне бацькоў, супрацоўнікаў школы і вучняў. Так адміністрацыя школы вызначае дзесяць галоўных дасягненьняў і дзесяць самых слабых бакоў сваёй школы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG