На гэтых выходных у Менску прайшла другая сустрэча школьных настаўнікаў EdCamp Belarus — 2018.
Каля 150 настаўнікаў дзяліліся сваімі напрацоўкамі, мэтодыкамі, ідэямі і досьведам.
З дапамогай намесьніцы старшыні Таварыства беларускай школы Тамары Мацкевіч разьбіраемся ў адметнасьцях сёлетняга «кірмашу ідэяў».
- Дзеці і бацькі патрабуюць сучасных падыходаў да адукацыі. А сыстэма адукацыі не зьмянялася з савецкіх часоў. Аднак ёсьць настаўнікі, якія хочуць быць сучаснымі прафэсіяналамі, а не трансьляваць тое, што ім кажа Міністэрства адукацыі. І ім ёсьць што абмеркаваць.
- У кожнага з удзельнікаў EdCamp было 90 сэкундаў, каб прэзэнтаваць сваю ідэю.
- 50 заявак, 32 абмеркаваньні ідэяў, 12 майстар-клясаў на чатырох пляцоўках (іх запісы можна будзе паглядзець онлайн на сайце nastaunik.info)
«Дастаткова паклікаць аднаго, як ён прыводзіць вялікую колькасьць такіх самых — крэатыўных, зацікаўленых, у каго гараць вочы. То бок, ёсьць каманда, якая ўвесь час папаўняецца», — кажа Тамара Мацкевіч пра «рэформу адукацыі зьнізу».
Усе праекты, прэзэнтаваныя на EdCamp, адпавядалі чатыром крытэрам.
- Камунікацыя, навыкі
- Крэатыўнасьць, творчасьць
- Камандная праца, уменьне працаваць у камандзе
- Крытычнае мысьленьне
Першы EdCamp быў арганізаваны за сродкі аднаго бізнэсоўца — сузаснавальніка Maps.me Юрыя Мельнічака, а таксама падтрыманы ў рамках конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Сёлета арганізатары EdCamp 2018 у Беларусі — Global Shapers Minsk Hub i Таварыства беларускай школы пры падтрымцы Imaguru: Бізнэс-Клюб / Startup Hub, Social Weekend — Конкурс сацыяльных праектаў. Партнэрамі форуму сталі Амбасада Нідэрляндаў, партал Nastaunik.info, кампаніі «Кока-Кола Бэўрыджыс Беларусь» і «Актывія», арганізацыі PACT і USAID. Пляцоўку ж даў бізнэс-клюб «Імагуру».
«Дзякуй богу, наш бізнэс прачынаецца і пачынае разумець, што недастаткова інвэставаць толькі ў сябе, трэба інвэставаць у дабрабыт грамадзтва. Бо ня будзеш шчасьлівым сярод няшчасных людзей, ня будзеш багатым сярод бедных...
І тут адукацыя працуе як сацыяльны ліфт: каб разумныя людзі праз адукацыю маглі дасягнуць большага», — зазначае Тамара Мацкевіч.