Беларускія юнакі глядзяць тэлевізар менш за расейскіх і ўкраінскіх аднагодкаў, часьцей вандруюць і пры гэтым хочуць эміграваць, бо за мяжой лепшая адукацыя. У той жа час яны менш за расейцаў і ўкраінцаў гатовыя да зьмены ўлады, упэўнена глядзяць на ўласную будучыню. Такія вынікі дасьледаваньня прадставіў Фонд Нямцова.
Сумесна з Аналітычным цэнтрам Юрыя Лявады і пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Нямеччыны Фонд Нямцова правёў рэдкае для Беларусі дасьледаваньне. Ён запытваў, як маладыя жыхары буйных гарадоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны бачаць сваю будучыню. У апытаньні бралі ўдзел па адной тысячы чалавек ад 18 да 35 гадоў з кожнай краіны.
Свабода наведала прэзэнтацыю дасьледаваньня ў Прэс-клюбе і публікуе ягоныя вынікі.
«Мяне шакавала, што такое дасьледаваньне наогул зьявілася»
Найбольшая каштоўнасьць дасьледаваньня ў тым, што яно ўвогуле зьявілася, сказаў на абмеркаваньні Зьміцер Герыловіч, старшыня Беларускай нацыянальнай моладзевай рады «Рада».
Адказы беларускай моладзі адрозьніваюцца па большасьці пытаньняў. Напрыклад, беларусы часьцей за суседзяў былі за мяжой і часьцей за суседзяў хацелі б зьехаць за мяжу на сталае пражываньне.
«Верагодна, гэта тлумачыцца невялікімі памерамі краіны, яе памежным станам паміж Расеяй і Эўразьвязам, адноснай эканамічнай стабільнасьцю і распаўсюджаным сярод моладзі жаданьнем зьехаць з краіны, — пішуць аўтары дакладу. — Магчыма, гэты вынік варты асобнага абмеркаваньня на сэмінарах у Менску».
Дасьледаваньне чарговым разам паказала, што беларуская моладзь застаецца вельмі апалітычнай у параўнаньні з расейцамі і ўкраінцамі.
«Апалітычнасьць і робіць сытуацыю ў краіне дрэннай, — лічыць Данііл Лаўрэцкі, адзін з кіраўнікоў студэнцкай арганізацыі „Задзіночаньне беларускіх студэнтаў“. — Бо ў постсавецкіх краінах у людзей вельмі слабая палітычная адукацыя».
«Ніхто з моладзі ня хоча браць на сябе адказнасьць, каб станавіцца лідэрам нацыі»
Беларуская моладзь найменш гатовая да радыкальных пераменаў, найменш гатовая сама ўдзельнічаць у зьменах у краіне.
«У Беларусі ўсё, што зьвязана з публічным выказваньнем сваёй пазыцыі, набірае меншы працэнт у параўнаньні з адказамі расейскіх і ўкраінскіх рэспандэнтаў», — пішуць аўтары дасьледаваньня.
Пра гэта ж кажуць і лідэры моладзевых арганізацый. Ганна Агеева, сябра праўленьня моладзевага адукацыйнага цэнтру «Фіальта», кажа, што яе арганізацыя застаецца па-за палітыкай, але фармуе грамадзянскую супольнасьць празь лякальныя праекты.
«У Беларусі сьвядома ня хочацца займацца палітыкай, — кажа Ганна. — Але я вельмі веру ў невялікія зьмены, якія пачынаюцца зьнізу, нізавыя ініцыятывы вырашэньня праблем».
Апытаньне паказала, што для беларускай моладзі няма палітычных лідэраў. Самыя папулярныя палітыкі, якія, на думку моладзі, могуць прапанаваць новыя ідэі, — гэта Аляксандар Лукашэнка і прэм’ер-міністар Румас. Разам яны набралі 3%. У Расеі і Ўкраіне дзейныя палітыкі таксама непапулярныя, але яны маюць большы працэнт.
«Зараз з моладзі ніхто не захоча ўзяць на сябе такую адказнасьць (стаць лідэрам нацыі. — РС), — сказала Аліна Нагорная, заснавальніца грамадзкага руху „Дзея“. — Любы чалавек можа стаць прэзыдэнтам. Але пытаньне — навошта? Цяпер сытуацыя непрадказальная. І невядома, хто прыйдзе да ўлады (пасьля Лукашэнкі. — РС): ці вялікі патрыёт, ці вялікі махляр».
«Апалітычных моладзевых арганізацый ня можа быць. Яны ці трапляюць пад уплыў уладаў, ці становяцца апазыцыйнымі»
Ці могуць моладзевыя арганізацыя доўгі час заставацца апалітычнымі? У Расеі — дакладна не. Пра гэта казаў Ільля Касыгін, грамадзкі актывіст з Уладзіміра. Ён кажа, што любая грамадзкая арганізацыя ў хуткім часе або акажацца ўключаная ва ўладныя структуры, або стане апазыцыйнай.
«Ты або на мітынгі пачынаеш хадзіць і ўваходзіш у прапуцінскія палітычныя структуры, або пачынаеш крытыкаваць улады. Улады цябе запісваюць у апазыцыянэры і пачынаюць з табой змагацца», — сказаў Касыгін.
Тое самае адбываецца і ў Беларусі, кажа Зьміцер Герыловіч. У краіне няма супрацы паміж моладзевымі арганізацыямі і ўладамі.
«Нам бракуе супрацы зь дзяржаўнымі органамі, якія павінны прымаць рашэньні, што тычацца моладзі. Дабрацца да Міністэрства адукацыі амаль немагчыма. Моладзевыя арганізацыі ня могуць нават трапіць у школы ў пазаклясныя гадзіны, каб распавесьці, чым яны займаюцца», — сказаў Герыловіч.