Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпэтытар Лівянт: 25% выпускнікоў валодаюць ведамі пачатковай школы, 95% ня ведаюць ніводнага фізычнага закону


Яўген Лівянт, рэпэтытар па матэматыцы і фізыцы
Яўген Лівянт, рэпэтытар па матэматыцы і фізыцы

Вядомы беларускі рэпэтытар Яўген Лівянт у інтэрвію Свабодзе дае вельмі жорсткія ацэнкі беларускай сыстэме школьнай адукацыі.

Паводле яго, за апошнія дзесяць гадоў у ёй не было ніводнага дасягненьня, чвэрць выпускнікоў валодаюць ведамі толькі пачатковай школы, а 95% выпускнікоў пасьля заканчэньня школы ня могуць напамяць расказаць ніводнага верша, ня ведаюць ніводнага фізычнага закону, ня ведаюць ніводнай тэарэмы. У размове са Свабодай Яўген Лівянт выказвае сваё бачаньне выхаду з сыстэмнага крызісу ў школьнай адукацыі, а таксама гаворыць пра тое, чаму ня трэба вучыць у школе.

Ці можна вучыцца без рэпэтытара?

— Спадар Яўген, калі я вучылася ў школе ў 1980-я гады, у нас не было рэпэтытараў. Самі вучыліся, самі паступалі, калі трэба было, хадзілі на дадатковыя заняткі ў школу ці на падрыхтоўчыя курсы ў ВНУ. Калі ўжо вучылася ў школе ў Беларусі мая дачка ў 2000-я, амаль усе вучні займаліся дадаткова з рэпэтытарамі. Цяпер вучні практычна ўсіх клясаў у Беларусі займаюцца з рэпэтытарамі. Пытаньне да вас як да найбольш вядомага ў Беларусі рэпэтытара, чаму так сталася? Чаму сучасная школа ня ў стане даць такія веды, каб вучні іх засвойвалі без дадатковых заняткаў?

— Рэпэтытары былі заўсёды, і ў 60-я, і ў 70-я гады. Іх не было вельмі шмат, праблема не была такой вострай. Займаліся ў асноўным вучні выпускных клясаў, каб паступіць у прэстыжныя ВНУ. Гэта вельмі сур’ёзная праблема, што цяпер вучні масава зьвяртаюцца да рэпэтытараў, пачынаючы зь першай, заканчваючы 11 клясай. Гэта гаворыць пра тое, што шмат гадоў сыстэма школьнай адукацыі знаходзіцца ў крызісе. Нельга казаць, што толькі дрэнныя падручнікі ці праграмы, што прафэсійны ўзровень настаўнікаў зьнізіўся ці сыстэма кіраваньня стала горшай. Нешта адно назваць будзе няправільна. Гэта глябальны крызіс, які прывёў у тым ліку і да такіх наступстваў. Але нават калі б у нас была шыкоўная сыстэма школьнай адукацыі, усё роўна ў рэпэтытараў было бы вельмі шмат працы.

Рэпэтытары цяпер як пэрсанальныя трэнэры.

Ёсьць прыклад Паўднёвай Карэі, дзе выдатная сыстэма школьнай адукацыі, і тым ня менш з рэпэтытарамі займаецца пераважная большасьць школьнікаў. Зьмяніўся сьвет, у ім стала вельмі шмат канкурэнцыі, ён стаў непрадказальным, нельга пралічыць, што будзе праз год ці два, тым больш праз 10 гадоў. Усе, у каго ёсьць хоць нейкія матэрыяльныя магчымасьці, разумеюць, што ў сучасным сьвеце добрая адукацыя — у многім залог будучага посьпеху ў карʼеры, магчымасьць атрымліваць годную аплату. Многія людзі ўкладваюць у адукацыю дзяцей сурʼёзныя грошы. Рэпэтытары цяпер як пэрсанальныя трэнэры...

— Раней вы працавалі ў школе настаўнікам матэматыкі і фізыкі. Чаму вырашылі пайсьці са школы?

— У 1995 годзе мне было 29 гадоў, у мяне ўжо былі нейкія прафэсійныя посьпехі. Заробкі настаўнікаў былі тады каля 25-30 даляраў у месяц, пры тым, што я браў вялікую нагрузку. Так атрымалася, што к 30 гадам я ня мог ня тое што ўтрымліваць сямʼю, я сябе ня мог утрымліваць. Рэпэтытарствам я стаў займацца дзеля таго, каб сябе матэрыяльна падтрымаць. У 1996 годзе я стаў настаўнікам найвышэйшай катэгорыі і ўвесь час павялічваў сваю рэпэтытарствую практыку. У 2001 годзе я працягваў працаваць у школе і зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік-рэпэтытар, напэўна, быў першым у краіне, хто гэта зрабіў легальна.

Я заўсёды рабіў так, як лічыў патрэбным.

У 2008 годзе колькасьць ідыятызму ў школе стала зашкальваць. Я хацеў працаваць у школе, але мяне адцягвалі на розную лухту кшталту запаўненьня папераў. Я хацеў, каб у мяне не здымалі вучняў з урокаў, каб я мог працягваць карыстацца тымі падручнікамі, якімі я лічыў патрэбным карыстацца. Я заўсёды рабіў так, як лічыў патрэбным. У 2008 годзе адбылася чарговая школьная рэформа, якая нарабіла шмат, і я сказаў сабе, што не магу расходаваць жыцьцё на барацьбу, а не на працу. І я пайшоў са школы.

«Інтэлектуальны патэнцыял моладзі вельмі высокі»

— У Беларусі лічыцца добрай адукацыя ў сфэры тэхнічных навук, пра што сьведчыць колькасьць у сьвеце пасьпяховых і вядомых айцішнікаў, ураджэнцаў Беларусі. Гэты ўзровень трымаецца высокім яшчэ з савецкага часу. Як вы лічыце, ці захоўваецца ён?

— Беларуская зямля рэгулярна дае маладых людзей з добрым інтэлектуальным патэнцыялам. Я не прымаю ніякіх расповедаў пра тое, што раней трава была больш зялёная, сонца больш ярка сьвяціла, а дзеці былі больш разумныя. Трава і сонца — можа быць, а што тычыцца дзяцей, дык не, інтэлектуальны патэнцыял моладзі вельмі высокі. Я ня бачу зьніжэньня гэтага патэнцыялу. Я бачу, што ўзровень школьнай адукацыі падае.

— Як бы вы адной мэтафарай, адным азначэньнем маглі сказаць пра беларускую школу? Ці гэта савецкая школа?

— Не. Гэта нешта дзіўнае, нешта сюрэалістычнае, у ёй шмат элемэнтаў абсурду і трагікамэдыі. Гэта нешта незразумелае.

«У школьнай сыстэме адукацыі Беларусі няма ніякіх дасягненьняў за апошнія дзесяць гадоў»

— А маглі бы пры гэтым назваць тры асноўныя дасягненьні беларускай сыстэмы школьнай адукацыі?

— У іншых сфэрах нашага жыцьця я лёгка магу назваць як дасягненьні, так і праблемы за апошнія дваццаць гадоў. Што тычыцца нашай школьнай сыстэмы адукацыі, то няма ніякіх дасягненьняў увогуле за апошнія дзесяць гадоў.

— Ніводнага дасягненьня?

— Нядаўна на эканамічным форуме выступаў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі Ігар Марзалюк, і я папрасіў яго назваць хаця б адно дасягненьне ў школьнай адукацыі за 10 гадоў. Адказ дэпутата мяне ўзрушыў: «А дзе, як не ў нашай школе, вучыліся тыя маладыя людзі, якія цяпер вучацца ва ўнівэрсытэтах іншых краінаў?» Тое, што пасьля нашай школы частка моладзі паступае ў ВНУ іншых краінаў, было названа дасягненьнем. Іншых не было названа.

«Яны ня ведаюць ніводнага фізычнага закону, ня ведаць ніводнай тэарэмы з геамэтрыі, практычна ня ведаюць нічога»

Апошні званок.Ілюстрацыйнае фота.
Апошні званок.Ілюстрацыйнае фота.

— А якія тры галоўныя праблемы вы бы вызначылі ў сыстэме школьнай адукацыі?

— Крызіс — гэта мноства існуючых і ўзаемазьвязаных праблем. Калі мне скажуць, што напішуць добрыя падручнікі і ўсё выправіцца, ці распрацуем добрыя праграмы і крызіс вырашыцца, то так не адбудзецца... Найгалоўная праблема — адмова ад прызнаньня таго, што крызіс існуе. Каб далей вырашаць, што рабіць, трэба спачатку зразумець, што ёсьць. А тое, што ёсьць, вельмі дрэнна. Па маіх ацэнках, каля 25% выпускнікоў школаў валодаюць ведамі толькі пачатковай школы, не вышэй, яны ня ведаюць нічога з таго, што вывучалася з 5 па 11 клясу. І недзе 95% выпускнікоў пасьля заканчэньня школы ня могуць на памяць расказаць ніводнага верша, няважна, на якой мове, ніводнага. Яны ня ведаюць ніводнага фізычнага закону, ня ведаюць ніводнай тэарэмы з геамэтрыі, практычна ня ведаюць нічога. Гэта і ёсьць праява гэтага крызісу.

А ніякіх глябальных звышзадачаў, звышідэяў я ў нашай сыстэме адукацыі ня бачу, ня памятаю нават, каб яны ставіліся.

Другая сурʼёзная праблема — крызіс кіраўніцтва сыстэмы адукацыі. За апошнія шмат гадоў ніхто з кіраўнікоў сыстэмы адукацыі не выступаў з ідэямі, прапановамі паставіць нейкую звышзадачу ў адукацыі. Я дакладна бачу, што ў Расеі, Эстоніі, Фінляндыі, Казахстане, Польшчы, Кітаі кіраўнікі сыстэмы адукацыі маюць звышзадачу, ідэю зрабіць нешта крутое ў адукацыі. У Эстоніі дамагліся таго, што іх сыстэма школьнай адукацыі лічыцца найлепшай у Эўропе. У Фінляндыі дамагліся таго, што школьнікі атрымліваюць добрую адукацыю з найменшымі псыхалягічнымі затратамі і праблемамі найбольш рацыянальным спосабам. У Расеі за апошнія гады дамагліся таго, што расейскія школьнікі сталі зноў выйграваць на міжнародных алімпіядах па фізыцы і матэматыцы. Летась у лістападзе расейскія школьнікі зрабілі фурор на міжнароднай алімпіядзе па робататэхніцы, дзе занялі фактычна ўсе першыя месцы. У Польшчы цяпер абсалютна шыкоўная сыстэма адукацыі. А ніякіх глябальных звышзадачаў, звышідэяў я ў нашай сыстэме адукацыі ня бачу, ня памятаю нават, каб яны ставіліся. А бяз гэтага немагчыма.

«Я бы скончыў пэрыяд хуткіх рэформаў»

— Калі бы да вашага меркаваньня прыслухаліся, якія рэформы ў сыстэме адукацыі вы правялі б неадкладна?

Яўген Лівянт.
Яўген Лівянт.

— Ніводнай рэформы я не праводзіў бы тэрмінова, хутка, без абмеркаваньня, бо ад гэтага ня будзе карысьці, а толькі шкода. Адна з галоўных бедаў нашай сыстэмы адукацыі — калі не пралічыўшы наступствы, не прадумаўшы, не абмеркаваўшы ў экспэртнай супольнасьці, не дапускаючы ніякай крытыкі, прымаюцца рашэньні, якія, можа быць, як ідэі і нядрэнныя, але іх рэалізацыя за кароткі тэрмін прыносіць толькі шкоду. На мой погляд, пачатак новага навучальнага году ў школах быў сарваны, таму што былі пераробленыя за кароткі час падручнікі для многіх клясаў. Яны аказаліся няякаснымі, дрэнна напісанымі, зь вялікай колькасьцю памылак. За тры месяцы і нават за год нельга напісаць добры падручнік. Таксама было прынятае скарасьпелае рашэньне пра перанос часу пачатку заняткаў у школе без адаптацыйнага пэрыяду.

Мы ў IT-краіне жывем, але ніхто не выпускае кампутэрную праграму адразу.

Што тычыцца Менску, то памылковым быў перавод аплаты харчаваньня дзяцей праз ЕРИП. Месяц клясныя кіраўнікі займаліся не сваімі асноўнымі абавязкамі, а спрабавалі адаптаваць гэтую сыстэму, каб яна запрацавала. Памянялі праграмы ў многіх клясах. Хутка — нельга, якая б ні была добрая ідэя, найперш трэба адмовіцца ад скарасьпелых рэформаў без усебаковага абмеркаваньня і крытыкі. Мы ў IT-краіне жывём, але ніхто не выпускае кампутэрную праграму адразу. Праграму замаўляюць, распрацоўваюць, тэстуюць, правяраюць вэрсіі, дапрацоўваюць. Гэта ж відавочныя рэчы. З таго, што я б пасьля абмеркаваньня зрабіў дастаткова хутка, я б скончыў пэрыяд хуткіх рэформаў. Я б радыкальна зьменшыў колькасьць дакумэнтаў, якія павінны запаўняць настаўнікі. Нядаўна Міністэрства адукацыі пастанавіла, што настаўнікам засталося толькі чатыры дакумэнты запаўняць. Але добра было б, каб міністэрства пералічыла, якія дакумэнты цяпер запаўняць ня трэба. Тады б у настаўнікаў не зьяўлялася так шмат пытаньняў. Яшчэ б я даў настаўнікам магчымасьць мець два дні адпачынку на восеньскіх, зімовых і вясеньніх вакацыях, два законныя дні, каб аднавіцца, вырашыць нейкія свае праблемы. Гэта крайне важна для працы настаўніка.

«Трэба радыкальна скараціць колькасьць інфармацыі па ўсіх школьных прадметах ва ўсіх клясах»

— У сувязі з разьвіцьцём тэхналёгій чалавецтва ў будучыні многія прафэсіі стануць непатрэбнымі, што можа прывесьці да беспрацоўя. Пэнсійны ўзрост паступова павялічваецца, працягласьць жыцьця таксама, і неўзабаве будзе вельмі шмат людзей працаздольнага ўзросту, якім цяжка будзе знайсьці працу. У сувязі з гэтымі выклікамі на каго б вы параілі вучыцца цяперашнім вучням, якія выбіраюць будучую прафэсію? Якія веды, кваліфікацыі будуць запатрабаваныя заўсёды?

— Не адчуваю сябе экспэртам у гэтай сфэры, не даваў бы глябальных парадаў. Магу паразважаць. Лічыцца, што кожныя два гады інфармацыя ў сьвеце павялічваецца ўдвая ці ўтрая, і адным з наступстваў зьяўляецца значнае павелічэньне гэтай інфармацыі ў школьных праграмах і падручніках. Гэта сурʼёзная праблема. Адзін з кірункаў рэформаў, якія трэба праводзіць, гэта значнае скарачэньне памеру школьных праграмаў. Справа ў тым, што чалавечы мозг, мозг вучня не павялічваецца ўдвая ці ўтрая кожныя колькі гадоў. Праграмы вельмі перанасычаныя інфармацыяй, і мне здаецца, што ў дзяцей ёсьць рэакцыя адарваньня на залішнюю інфармацыю, яны ня здольныя яе пераварваць і засвоіць.

Трэба было б радыкальна скараціць колькасьць інфармацыі па ўсіх школьных прадметах ва ўсіх клясах. Я маю на ўвазе матэматыку, фізыку, літаратуру, хімію — усе прадметы.

А таксама:

  • З усіх абавязковых прадметаў прыбраць залішнюю навуковасьць у выкладаньні.
  • Даць магчымасьць школьнікам пісаць больш сачыненьняў, рабіць больш пераказаў.
  • Вырашаць задачы, уключна з дастаткова складанымі, але не перагружаць інфармацыяй.
  • Даць вучням магчымасьць у старэйшых, а лепей ужо ў сярэдніх клясах самому выбраць кірунак навучаньня, каб у далейшым на ім засяродзіцца.

Што да канкрэтных навыкаў, якія могуць спатрэбіцца ў будучыні... Тыя ж мовы праграмаваньня мяняюцца рэгулярна, абнаўляюцца кожныя 3-5 гадоў. А трэба закласьці ўменьне складаць альгарытмы рашэньня задач. Укладаць трэба ў тое, каб навучыць вучняў думаць крытычна, умець ацэньваць верагоднасьць, знаходзіць памылку ў сваім жа рашэньні. Гэта атрымаецца, калі спыніцца гонка за колькасьцю інфармацыі, якую трэба спажываць.

— Вы разам з пісьменьнікамі Яўгеніяй Пастарнак і Андрэем Жвалеўскім агучваеце шмат ініцыятываў дзеля таго, каб настаўнікі ў школах мелі магчымасьць займацца непасрэдна сваёй настаўніцкай працай, а не шэрагам іншых, не ўласьцівых ім функцый. Летась гэта быў актыўны, падтрыманы многімі настаўнікамі, бацькамі, вучнямі грамадзкі рух, жывая ініцыятыва. Ці можна казаць пра пэўныя вынікі ці чаканыя вынікі ў будучыні?

— Нам удалося прыцягнуць увагу да праблемаў школьнай адукацыі. Адным са скарасьпелых і дрэнных было рашэньне спачатку ледзь не закрыць гімназіі, але ў выніку нашай актыўнай дзейнасьці гэтую прапанову скарэктавалі. Мы вельмі баімся, што ўсё гэта прывядзе да тых нэгатыўных наступстваў рэформы 2008 году, калі былі закрытыя профільныя клясы. Дарэчы, профільныя клясы, гімназіі, спэцыяльныя праграмы, падручнікі для іх, курсы павышэньня кваліфікацыі — гэта было дасягненьнем беларускай школы. Гэта тое, што зьявілася за гады нашай незалежнасьці. Калі казаць пра дасягненьні сыстэмы адукацыі, то яны былі ў 1990-х гадах і пачатку 2000-х. Вучні гэтых клясаў мелі вельмі высокі ўзровень школьнай адукацыі. Іх закрыцьцё ў 2008 годзе нанесла нашай сыстэме адукацыі калясальныя страты. І цяпер закрыцьцё гімназій адкіне сыстэму школьнай адукацыі назад яшчэ мацней. Таму мы так жорстка супрацьстаім гэтай прапанове.

Я вельмі ўдзячны Жэні Пастарнак і Андрэю Жвалеўскаму за тое, што яны ўключыліся ў гэтую справу.

У нас атрымалася пакуль адтэрмінаваць рашэньне аб зьнішчэньні гімназій. А гэтае рашэньне, якое прапаноўваў міністар, прывядзе да іх зьнішчэньня. Дзякуючы нашым дзеяньням былі скасаваныя слуханьні ў пытаньні адукацыі, іх перанесьлі на больш позьні пэрыяд. Мы адкрыта гаворым пра тыя праблемы, якія могуць узьнікнуць. Мы не чакаем, пакуль нешта здарыцца, а потым кажам: «Ой, які жах!» Мы загадзя кажам: «Калі будзе зроблена так, атрымаем цяжкія наступствы». Я вельмі ўдзячны Жэні Пастарнак і Андрэю Жвалеўскаму за тое, што яны ўключыліся ў гэтую справу. У многім дзякуючы ім праблемы ў адукацыі сталі больш зразумелыя для тых, хто не працуе ў гэтай сыстэме. Спадзяюся, што ў нас атрымаецца прыцягнуць увагу да гэтага крызісу і нават пачаць выхадзіць зь яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG