«Я магу цябе забіць, і ніхто мяне ня спыніць» — так называецца даклад міжнароднай няўрадавай арганізацыі Human Rights Watch. У дакладзе арганізацыі гаворыцца, што наступствы адмены закону аб хатнім гвалце былі «выключна нэгатыўнымі»: сытуацыя ў Расеі значна пагоршылася.
«Скраў у 16 гадоў, а потым біў»
Для шматдзетнай маці Барыят Магамедзагіравай з Махачкалы сацыяльны цэнтар стаў родным домам. Яна прыйшла туды тры гады таму ды так і засталася.
Першы муж сілком, паводле старакаўкаскага звычаю, скраў яе зь сям’і, калі Барыят было ўсяго 16 гадоў. Жыцьцё ня склалася — муж яе біў.
«Ён мог на мяне падняць руку, нават калі я была цяжарная, — дзеліцца Барыят. — Асабліва было траўмаванае маральна маё старэйшае дзіця».
На дзявятым месяцы цяжарнасьці Барыят страціла дзіця, пасьля гэтага яна ўцякла ад мужа-тырана.
Цяпер тры яе дачкі жывуць у санаторыі, а яна робіць усё, каб яны не паўтарылі яе лёс: «Я перасьцерагла б сваіх дзяцей ад зносін з мужчынскім полам. Я не хачу, каб яны нават віталіся з мужчынамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»Схаваць шнары
Яўгенія Захар з Уфы — майстрыха тату. Да яе зьвяртаюцца жанчыны, пацярпелыя ад хатняга гвалту. Яны просяць замаскаваць тату шнары ад пабояў. Апошнім часам тэлефануюць кожны дзень, кажа Яўгенія.
«Звычайна дзяўчаты не зьвяртаюцца ў паліцыю — яны проста баяцца ці ня маюць надзеі на сілавікоў. Гэта ж бытавы гвалт, а на такое звычайна не зьвяртаюць увагі ў Расеі», — кажа Яўгенія.
«Страшныя гісторыі, пра якія я чую, дзяўчаты ібудуць, вядома, успамінаць. Але як з вачэй, то і з думкі», — тлумачыць яна сэнс сваёй дапамогі.
Згодна з дакладам Human Rights Watch, кожная пятая жанчына ў Расеі зазнае хатні гвалт з боку мужчыны. Апытаныя жанчыны расказалі, што іх душылі, білі кулакамі, зьбівалі драўлянымі палкамі і мэталічнымі прутамі, спальвалі, пагражалі зброяй, яны гвалцілі і падвяргалі сэксуальнаму зьдзеку, сьпіхвалі з бальконаў і вокнаў, выбівалі зубы.
Прычынай, на думку праваабаронцаў, стала палітыка ўладаў краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без закону аб хатнім гвалце: «Шмат жанчын у Расеі сядзяць за забойства свайго тырана»У 2017 годзе дэпутаты Дзярждумы Расеі дэкрыміналізавалі хатні гвалт і адмянілі крымінальнае пакараньне за першае зьбіцьцё сваяка, замяніўшы яго штрафам. У выніку выпадкаў сямейнага гвалту стала ўдвая больш.
Акрамя таго, як правіла, вынесены штраф хоць і выпісаны на канкрэтнага чалавека, выплачваецца зь сямейнага бюджэту. Атрымліваецца абсурдная сытуацыя: жанчыну зьбілі і ёй яшчэ за гэта трэба плаціць.
Праваабаронцы таксама ацанілі сытуацыю з цэнтрамі, куды могуць прыйсьці ахвяры гвалту. Рада Эўропы рэкамэндуе мець у сховішчах адно месца на 10 тысяч насельніцтва. Гэта значыць, Расеі патрэбна звыш 14 тысяч месцаў — цяпер іх у 32 разы менш: усяго 434 месцы на ўсю краіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыпяклі лытку прасам, ударыў сына па галаве, мог біць і цьвярозы». Тры споведзі пра хатні гвалт