Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі тлумачыць, чаму ён выступаў супраць прыняцьця закону аб папярэджаньні хатняга гвалту, канцэпцыя якога выклікала гарачыя абмеркаваньні ў грамадзтве.
— Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і» і сказаў, што біў сваіх сыноў. Як вы да гэтага ставіцеся?
— Тое, што Аляксандр Лукашэнка выступіў супраць закону, лічу гэта проста адной з папулісцкіх заяваў і ня больш за тое. Бо ён выказаўся пасьля таго, як прадстаўнікі ўсіх хрысьціянскіх канфэсій выказаліся супраць прыняцьця гэтага закону.
Такім чынам, ён спрабуе атрымаць падтрымку вернікаў на бліжэйшай прэзыдэнцкай кампаніі, што можа адбыцца ўжо ў наступным годзе. Што ж датычна сем’яў, у якіх ужываюць гвалт да дзяцей, то я проста магу выказаць ім свае спачуваньні — і дзецям, і бацькам.
— На вашую думку, ці існуе праблема хатняга гвалту ў Беларусі?
— У Беларусі наогул адна з галоўных нацыянальных праблем — гвалт як норма ва ўсіх галінах жыцьця грамадзтва. Хатні гвалт — тым больш жахлівая з’ява, бо ў сям’і, як у апошнім прытулку чалавек шукае дапамогі і паратунку ад гвалту грамадзкага і дзяржаўнага. І зь іншага боку, зь сямейных адносінаў гвалт пераходзіць у стасункі грамадзкія. Гэта велізарная праблема для нашай краіны, страшная бяда, з каторай неабходна змагацца. Падыходзіць да вырашэньня гэтай праблемы магчыма толькі комплексна, мабілізуючы ўсе сілы нашага грамадзтва, усіх, хто можа дапамагчы вырашыць гэтую праблему, і ў тым ліку хрысьціянскай арганізацыі.
А ў распрацоўшчыкаў закона, на жаль, атрымалася наадварот — замест кансалідацыі І згуртаваньня хаўрусьнікаў у барацьбе з хатнім гвалтам — раскол беларускага грамадзтва. Не прафэсійным падыходам пры распрацоўцы гэтай канцэпцыі яны справакавалі раскол і супрацьстаяньне ўнутры беларускага грамадзтва.
— Вы самі сваіх дзяцей калі-небудзь лупілі ў якасьці пакараньня?
— У нашай сямʼі мы не практыкуем і, вядома, я ніколі не ўжываў фізычны гвалт у дачыненьні да Евы, маёй дачкі. Нават не магу ўявіць як гэта магчыма — яе ўдарыць. Наогул лічу, што гвалту ў дачыненьні да любога чалавека дапушчальны толькі ў выпадку самаабароны альбо абароны іншага чалавека ад агрэсіі. Гвалт у сямейных стасунках проста немагчымы, бо ён зьнішчае сям’ю.
— У чым віна альбо, як вы кажаце, непрафэсіяналізм распрацоўшчыкаў?
— Відавочна, у скандальным правале канцэпцыі віна ня толькі ўраду, але і распрацоўшчыкаў закону. Наогул, перад намі прыклад — як ня трэба распрацоўваць законапраект. Бо тое, што на этапе распрацоўкі не запрасілі ніводнага прадстаўніка цэркваў, таксама сем’яў, з каторых гвалтам дзяржава забрала дзяцей ( на фоне неперастанных мэдыйных публікацый на гэтую тэму) — проста грубая прафэсійная памылка каманды распрацоўшчыкаў. Усё магло б быць зусім інакш.
Адно з фундамэнтальных хрэстаматыйных правілаў распрацоўкі любога дэмакратычнага прыняцьця закону- улічыць меркаванае асноўных закранутых бакоў і сацыяльных груп на этапе распрацоўкі. Гэтага зроблена не было. Было абвешчанае грамадзкае абмеркаванае. Але вядома, як звычайна ў нас робяцца «грамадзкія абмеркаваньні» — фармальна, дзеля галачкі. Супярэчнасьці былі настолькі вялікімі, што закон трэба было фундамэнтальна перапрацоўваць. Дзеля гэтага звычайна ствараюцца працоўныя групы, арганізуюцца круглыя сталы і г. д. Нічога з гэтага за месяцы з моманту публікацыі канцэпцыі зроблена не было. Сапраўдныя грамадзкія абмеркаваньні — гэта ня проста "напішыце камэнт на форум і можа мы ўлічым".І прадстаўнікі хрысьціянскіх арганізацый добра гэта разумеюць.
Да гэтага трэба дадаць відавочны недавер да распрацоўшчыкаў — МУС, каторае гвалтам забірае дзяцей і прадстаўніц выключна фэмінісцкіх арганізацый, на жаль вядомых сваёй антыцаркоўнай пазыцыяй.
Хрысьціянскіх грамадзкіх арганізацый, якія працуюць у розных сацыяльных сфэрах, у тым ліку, якія дапамагаюць ахвярам хатняга гвалту, у нашай краіне ў разы больш, чым іншых няўрадавых арганізацый. Гэта велізарная частка грамадзянскай супольнасьці нашай краіны, Такога, якое яно ёсьць. Ігнараваньне іх думкі — гэта проста непрафесіяналізм.
Выклікае пытаньне і аднабокі падбор фондам ААН у галіне народанасельніцтва, каторы фінансаваў распрацоўку гэтай канцэпцыі, партнэраў зь беларускага боку. Гэта «Гендэрныя пэрспэктывы», вядомыя сваёй антыхрысьціянскімі выказваньнямі а таксама «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын», каторая з’яўляецца філіяй аналягічнага міжнароднага аб’яднаньня і ня мае ніякага дачыненьня ці проста сувязей ні з адной з хрысьціянскіх канфэсій Беларусі. Тое ж самае можна сказаць пра склад Нацыянальнай Рады па гендэрнай палітыцы пры Савеце міністраў. Калі сытуацыя застанецца такой як сёньня — наперадзе нас чакаюць новыя падобныя праблемы.
— Вы асабіста за ці супраць прыняцьця закону?
— Лічу непрымальным прыняцьце закону ў такім выглядзе, якім ён быў прадстаўлены ў выглядзе канцэпцыі. Я катэгарычна супраць таго, каб дазваляць МУС як структуры, цалкам дыскрэдытаваўшай сябе ў грамадзтве, неаднакроць праявіўшая сябе выключна як рэпрэсіўны апарат у дачыненьні да грамадзян нашай краіны, умешвацца ў справы сямʼі.
Функцыі МУС у нашай дзяржаве трэба скарачаць. У прыватнасьці неабходна выводзіць пэнітэнцыярную сыстэму з сыстэмы МУС. І абсалютна недапушчальна пашыраць паўнамоцтвы МВД па ўмяшальніцтву ў сям’ю, аддаваць новую сфэру жыцьця людзей пад уладу сілавых структур.
Давайце ўзгадаем, як забіралі сына Андрэя Саньнікава і Ірына Халіп ад роднай бабулі, калі бацькі былі ў засьценках КДБ. Для апанэнтаў беларускага рэжыму пагроза з боку сілавых структур — рэчаіснасьць, у каторай даводзіцца жыць. І новы законапраект толькі пагаршаў гэтую сытуацыю.
Не сумняюся ў шчырасьці намераў распрацоўшчыкаў закона абараніць жанчын і дзяцей ад хатняга гвалту, але з прычыны памылак, дапушчаных пры падрыхтоўцы канцэпцыі, атрымаўся процілеглы вынік — замест кроку да вырашэньня праблемы, ініцыятары праекта спарадзілі рост варожасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве. Ужо цяпер відавочна што пасьля заявы заявы Аляксандра Лукашэнкі канцэпцыя не будзе прынятая.
Вельмі расчараваны з той прычыны, што дадатковага мэханізму па абароне сям’і, дзяцей і жанчын ад гвалту ня будзе. Яшчэ болей сумна з той прычыны, што замест кампаніі супраць гвалту ў сям’і можа распачынаецца кампанія супраць праціўнікаў прыняцьця закону. Тое, што пры распрацоўцы былі дапушчаныя памылкі — відавочна. І варта іх прызнаць і пачаць выпраўляць, замест таго, каб працягваць распальваць варожасьць паміж патэнцыйнымі саюзьнікамі. Царква — супраць хатняга гвалту (безумоўна, ёсьць адыёзныя асобы ў кожнай арганізацыі, але не яны вызначаюць пазыцыю царквы) А мясцовая кампанія фэміністак выстаўляе ўсе хрысьціянскія канфэсіі прыхільнікамі гвалту, а гэта ёсьць хлусьня.
— Што на Вашую думку, можна зрабіць у сёньняшняй сытуацыі?
— Таму замест паглыбленьня супрацьстаяньня (магчымы прыклад разьвіцьця такога супрацьстаяньня ў флэшмобах «зьбітых дзяцей» супраць флэшмобу «сем’і, разбураныя дзяржавай»), варта пачаць выпраўляць памылкі і распачынаць дыялёг з усімі зацікаўленымі бакамі, што не было зроблена ад пачатку.
Па сутнасьці, трэба пачынаць з нуля. У першую чаргу зьбіраць задні круг сталоў прадстаўнікоў розных меркаваньняў. Тое што трэба зараз — гэта ствараць дыскусійныя пляцоўкі па абмеркаваньні мер па прадухіленьні хатняга гвалту. Пляцоўкі, на якіх маглі б выказаць свае прапановы ўсе зацікаўленыя бакі — тыя, хто распрацоўваў закон і тыя, хто выступіў супраць. Па сутнасьці, канцэпцыю трэба распрацоўваць з нуля. Гэта няпросты, але адзіны магчымы шлях.