Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь міленькім у спаленку». Ці быў у сярэднявечнай Беларусі хатні гвалт


Беларусы, фрагмэнт старой паштоўкі
Беларусы, фрагмэнт старой паштоўкі

На гэтае пытаньне адкажуць гісторыкі. Мой адказ — фальклёрны, з народных песень.

Пра тое, навошта муж б’е жонку, я думаў з маленства, чуючы размовы дарослых. Прыклады прыводзіліся так часта, што іншы раз здавалася, што гэта норма. Але навошта ён яе б’е? Тлумачэньні, вядома, знаходзіліся — ад рэўнасьці, напрыклад, ці дзеля падвышэньня самаацэнкі — але вычарпальнага адказу, зь якім можна было б зьмірыцца, не давалі. Прызнацца, у мяне і сёньня такога адказу няма.

Як няма адказу і на пытаньне, чаму гвалт, дзікунства і барбарства — гэта традыцыя, важнейшая за цывілізацыю. Этнограф Часлаў Пяткевіч, які падрабязна апісаў побыт беларускіх сялян пачатку мінулага стагодзьдзя, распавядае, што і прыбіральняў у палешукоў не было, хадзілі проста за хату. Чым гэтая «славянская традыцыя», якой чамусьці ніхто не трымаецца, горшая за гвалт?

Калі сорак гадоў таму мы пачалі запісваць і сьпяваць народныя песьні, пераважна жаночыя, там прыкладаў гэтага гвалту аказалася ці ня болей, чым я чуў у жыцьці. Ізноў жа, фальклёр — неацэннае багацьце народа — сваім аўтарытэтам падштурхоўваў да высновы, што гэта норма. Прынамсі, у беларусаў. Скажам так, нэгатыўная норма, бо жывыя прыказкі давалі гэтаму адназначную ацэнку: бойку мужа з жонкай на кухні ў нас называлі «Вайна пасярод г…на».

Норма можа быць нэгатыўнай толькі ў адным выпадку — калі яна важнейшая за чалавека.

А як норма можа быць нэгатыўнай? Толькі ў адным выпадку — калі яна падаецца як нешта важнейшае за чалавека. Духоўныя скрэпы. Гэта як зь дзедаўшчынай у войску, пра якую кажуць як пра традыцыю. Цяпер мяне, салагу, гвалтуюць, але стану дзедам — вось ужо адвяжуся. Так, маўляў, заведзена.

Стоп. Але духоўныя скрэпы ну ніяк не беларуская зьява. Няма і за ўсю гісторыю не было ў нас ніякіх скрэпаў. Дый усе тыя народныя песьні, дзе «а дадому прыйдзе, мяне б’е», зьявіліся на хвалі пралетарызацыі, то бок, у канцы 19 — пачатку 20 стагодзьдзя. Гэта значыць, пасьля анэксіі земляў ВКЛ Расейскай імпэрыяй і актыўнай русіфікацыі праз войска, царкву і школу. І сёньня гэты працэс ня менш інтэнсіўна працягваецца праз тыя ж каналы плюс тэлебачаньне. Людзі ў масе сваёй успрымаюць якога-небудзь Івана Грознага ці Пятра Першага як сваіх цароў, хоць яны тут ня царылі ніколі. Толькі заходзілі зь нязьменным гвалтам. І ў пары з гвалтам заўсёды былі скрэпы. Як два бакі будзь якой тыраніі.

У ВКЛ за пяцьсот гадоў існаваньня тыраніі не было. Разам з усёй Эўропай тагачасная Беларусь перажыла эпоху Адраджэньня, атрымаўшы ад яе гуманістычны дух і ўзвышэньне чалавека. І ў народных песьнях, што пяяліся ў тыя, вэкаэлаўскія часы, ніякі муж ніякую жонку ня біў. Проста не было гэтага. А любоўных песень і ў тыя часы нараджалася шмат.

Памятаю, на занятках «Майстроўні» з кампазытаркай Ларысай Сімаковіч мы развучвалі песьню 14-га стагодзьдзя, у якой чыстай беларускай мовай пяялася пра чыста беларускія дачыненьні мужа і жонкі. Мінула амаль сорак гадоў, а я дагэтуль памятаю і часам сьпяваю гэтую песьню:

Устану я ранюсенька,

умыюся бялюсенька,

выйду я на ганачак,

гляну я на зорачкі,

мілы мой з вайны ідзе,

коніка ў руках вядзе,

я ж яму рада стала,

я ж яго пераймала,

коніка за грывачку,

мілага за шыечку,

коніку аўса-сена,

зь міленькім сама села,

коніка ва стаенку,

зь міленькім у спаленку.

Зразумела, што выпадкі гвалту былі ў ВКЛ і ёсьць у цяперашніх найбольш цывілізаваных краінах, але ніхто там не трактаваў і не трактуе іх як нешта належнае, як нэгатыўную норму, як традыцыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG