«Міжнародная амністыя» заклікае неадкладна вызваліць Сурапіна

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць 20-гадовага фатографа Антона Сурапіна і зьняць зь яго ўсе абвінавачаньні.

«Справа супраць Антона Сурапіна – гэта яшчэ адзін цьвік у труну свабоды слова і асацыяцый у Беларусі, дзе ілжывыя абвінавачаньні часта выкарыстоўваюцца ў спробах прымусіць замаўчаць тых, хто абараняе правы чалавека», – цытуе прэс-служба арганізацыі заяву дырэктара «Міжнароднай амністыі» ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі Джона Делхасэна.

Антон Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня супрацоўнікамі КДБ па падазрэньні ў «дапамозе наўмыснаму незаконнаму перасячэньню мяжы, учыненаму арганізаванай групай асобаў», яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.