Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «амэрыканцы» не прынялі перадачу для Антона Сурапіна


Антон Сурапін
Антон Сурапін

Маладога журналіста Антона Сурапіна падазраюць у садзеяньні пры незаконным перасячэньні мяжы і працягваюць утрымліваць у ізалятары КДБ.

Паводле адваката, які сустракаўся з Антонам Сурапіным у ізалятары КДБ, зь ім вядуцца допыты з прычыны падазрэньняў аб тым, што ён нібыта дапамагаў групе асобаў незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Беларусі. Маці затрыманага фатографа Алена Сурапіна так камэнтуе гэтыя падазрэньні:

«Гэта поўнае глупства. Ён ніводнага дня ня быў там, калі гэта ўсё адбывалася. Гэта сьмешна. Адвакат сказаў, што яго распрацоўваюць паводле гэтага артыкула».

Карэспандэнт: «А ён вам што-небудзь раней распавядаў пра гэтую гісторыю зь мішкамі?»

«Ён казаў: „Мама, у мяне будзе сэнсацыя, мне даслалі цікавыя фоткі“. Яго спэцыялізацыя — гэта навінныя фатаздымкі, таму ён быў вельмі задаволены. А бачыце, як атрымалася. Адвакат таксама казала, што ня бачыць ягонай віны, што фатаздымкі не ягоныя. А фоткі дакладна не ягоныя. Бо ён прыяжджаў дадому і казаў, што сэнсацыя, што даслалі вельмі цікавыя здымкі».
Алена і Андрэй Сурапіны, бацькі Антона Сурапіна.
Алена і Андрэй Сурапіны, бацькі Антона Сурапіна.

Паводле адваката, Антон Сурапін знаходзіцца ў двухмеснай камэры, на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіцца, настрой у яго нармальны. Апоўдні ў аўторак Алена Сурапіна спрабавала перадаць сыну ў «амэрыканку» перадачу, але ёй адмовілі:

«Дзяжурны сказаў, што там ёсьць пэўны супрацоўнік, які выходзіць па перадачы ў пэўныя дні, а сёньня ў вас ніхто нічога ня прыме».

Тэлефон цэнтру інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю КДБ маўчыць. Ці магчыма, каб сярод тыдня ў вязьніцы КДБ не прымалі перадачаў для вязьняў? Былы адвакат кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева Тамара Сідарэнка кажа, што сутыкалася з такой жа праблемай, калі яе падаабаронны быў у «амэрыканцы». «Нават тры дні на тыдзень могуць ня браць перадачы», — пацьвердзіла Тамара Сідарэнка. Паводле абаронцы, нават зьвесткі пра тое, што дазволена ўкладаць у перадачу, трэба загадзя спраўджваць, бо сьпіс увесь час мяняецца:
Нават тры дні на тыдзень могуць ня браць перадачы.

«Калі мне даводзілася туды хадзіць, дык амаль кожны дзень нешта мянялася. Садавіну маглі то прымаць, то не прымаць. Малочныя вырабы — таксама па-рознаму. Прыкладам, згушчонае малако, бывала, не прымалі. Карацей, трэба прыйсьці на Камсамольскую вуліцу да бюро прапускоў і пацікавіцца».

Студэнт інстытуту журналістыкі БДУ, фатограф Антон Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня на сваёй кватэры. КДБ зацікавілася, адкуль у Антона Сурапіна ўзяліся здымкі плюшавых мядзьведзікаў, якія ён выклаў у інтэрнэт. Паводле швэдзкіх грамадзян, падобныя мядзьведзікі раскідаліся зь лёгкаматорнага самалёта над Беларусьсю 4 ліпеня.

Улады Беларусі дагэтуль афіцыйна не прызналі, што на наступны дзень пасьля сьвяткаваньня Дня незалежнасьці Беларусі яе мяжу перасек замежны самалёт і тым жа шляхам вярнуўся. Між тым арганізатары палёту выклалі ў якасьці доказу ў інтэрнэт паўтарагадзіннае відэа.

Частка 3 артыкулу 371 Крымінальнага кодэксу Беларусі (наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, зьдзейсьненае арганізаванай групай асоб), прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG