Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кромвэл Лукашэнку: «Вазьмі сябе ў рукі»


Пэр Кромвэл
Пэр Кромвэл

Кіраўнік рэклямнай фірмы Studio Total і арганізатар "плюшавага дэсанру" Пэр Кромвэл напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку --> http://www.mynewsdesk.com/se/pressroom/studio-total/pressrelease/view/eng-open-letter-to-alexander-lukasjenko-concerning-the-studio-total-campaign-in-belarus-780607 . Ён заклікае яго ня мучыць сваіх людзей і абяцае прыляцець у Беларусь яшчэ раз.

Перадусім Пэр Кромвэл рэагуе на арышт КДБ Антона Сурапіна за публікацыю здымкаў плюшавых мядзьведзікаў, якіх Studio Total скінула на Беларусь. «Ад таго часу Сурапін застаецца зьняволены ў турме КДБ, ня маючы магчымасьці кантактаваць з вонкавым сьветам, пры гэтым супраць яго ня выстаўленыя афіцыйныя абвінавачаньнні». У сувязі з гэтым кіраўнік Studio Total падкрэсьлівае наступнае:

«Мы ніколі загадзя не паведамлялі ні Антону Сурапіну, ні якому іншаму грамадзяніну Беларусі пра тое, што мы плянуем зрабіць. Мы занадта іх любім, паважаем і захапляемся імі, каб выставіць іх такой рызыцы. Мы лёгка знайшлі ўсё, што нам трэба было ведаць пра беларускую паветраную абарону, у інтэрнэце (у Вікіпэдыі), і апісаньне паўсюль было аднолькавае: грубы, але надзвычай слабафункцыянальны мэханізм, які найлепш прыдаецца хіба што для парадаў і запалохваньня цывільнага насельніцтва».

Пэр Кромвэл згадвае таксама, што арганізатарам палёту было добра вядома пра зьбіцьцё паветранага шара, выпадкова занесенага ветрам у Беларусь, калі загінулі двое невінаватых людзей. Вядома пра рэгулярныя загады нападаць на невінаватых журналістаў, студэнтаў і актывістаў апазыцыі, а таксама саджаць іх у турмы. Усё гэта насамрэч праявы слабасьці і страху, піша швэд і далей ацэньвае крокі і заявы Лукашэнкі:

«Нядаўна ты абвясьціў, што асабіста гарантуеш эфэктыўнасьць беларускай абароны. Ты патраціў 20 мільярдаў эўра на сыстэму паветранай абароны, якая ня здолела заўважыць самаробны самалёцік з грузам плюшавых мядзьведзікаў. Як сказаў былы міністар абароны Беларусі Павел Казлоўскі, ты кіруеш рэжымам, які прыкладае ўсю сваю энэргію на тое, каб зрабіць выгляд, што пацыент здаровы, ня робячы нічога, каб яго лячыць».

Паводле Кромвэла, паведамленьні пра Лукашэнку ў нецэнзураваных СМІ даюць людзям нагоду зь яго пасьмяяцца: «У інтэрнэце цябе выстаўляюць клоўнам. Але мы не наіўныя. Ты нешта страшнейшае — узброены клоўн. Але ў даўжэйшай пэрспэктыве нават цяжка ўзброены клоўн ня можа забараніць людзям сьмяяцца. А калі людзі зь цябе сьмяюцца, нават тваім сябрам не захочацца быць побач з табой».

Аўтар ліста выкладае сваю параду беларускаму кіраўніку: «Вазьмі сябе ў рукі, пакуль ня позна. Выкарыстай частку фінансавых рэсурсаў, якія ты траціш на КДБ і вайсковыя парады, на тое, каб дапамагчы краіне выбрацца зь фінансавага крызісу. І, што яшчэ важней — зьменшы сваю палітычную актыўнасьць... Ты — кіраўнік фантастычнага народу. Ён заслужыў зьменаў».

Урэшце, усьведамляючы сваю адказнасьць за арыштаваных беларусаў, кіраўнік швэдзкай фірмы піша Лукашэнку: «Але калі ўжо табе ніяк не абысьціся без таго, каб садзіць і мучаць людзей — дык чаму б не запрасіць нас? Бо ўрэшце гэта ж мы прыляцелі на самалёце, а ня нейкі няшчасны хлопец, што на сваё няшчасьце прадаў нам шакалядку. Мы абяцаем прыехаць і адказаць на ўсе твае пытаньні і расказаць усё пра нашу апэрацыю. Як мы ляцелі, як мы абдурылі тваю сыстэму паветранай абароны і гэтак далей. Усё, што табе трэба зрабіць, гэта толькі паабяцаць ня мучыць з роспачы невінаватых людзей, што апынуліся паблізу. А можа нам проста яшчэ раз некалі праляцець над Беларусьсю? Каб не прапусьціць, напрыклад, твой чэмпіянат сьвету па хакеі?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG