Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Антона Сурапіна: «Перадаў пэрсанальна мне і тату, каб трымаліся»


Антон Сурапін
Антон Сурапін

Фатографа Антона Сурапіна пакінулі пад вартай у СІЗА КДБ. Там жа застаецца і рыэлтар Сяргей Башарымаў, які таксама фігуруе ў справе пра «плюшавых мядзьведзікаў».

Увесь дзень маці Антона Сурапіна Алена Сурапіна чакала зьвестак ад адваката адносна сына. Блізу 18 гадзінаў стала вядома, што Антона пакінулі пад вартай, але ці выставілі афіцыйна абвінавачаньне — гэтага Алена Сурапіна ня ведае:

«Працягваюцца сьледчыя дзеяньні, таму яшчэ, сказала, ня вызвалілі. Адносна таго, выставілі абвінавачаньне ці не, таксама нічога не вядома. Кажа, што таямніца сьледзтва».

Карэспандэнт: «Яна бачылася з Антонам?»

«Так, бачылася. Асабіста мне і тату ён перадаў, каб мы трымаліся. Яна сказала, што умовы ў яго, зь ягоных словаў, нармальныя. У камэры вэнтылятар, тэлевізар. На ўмовы ня скардзіўся. Выглядае нармальна, але, канечне, турма — гэта ня дом».

З 13 ліпеня Антона Сурапіна ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Праз адваката Алене Сурапінай вядома, што Антона правяралі паводле падазрэньняў у спрыяньні групе асобаў у незаконным перасячэньні мяжы. 23 ліпеня скончыўся 10-дзённы тэрмін ад затрыманьня. Паводле адваката, Сурапіну мусілі альбо выставіць афіцыйнае абвінавачаньне альбо пачаць праверку паводле новага артыкулу, альбо вызваліць з-пад варты.

Таксама пад вартай у СІЗА КДБ знаходзіцца рыэлтар Сяргей Башарымаў, які, паводле зьвестак сваякоў, быў затрыманы 6 ліпеня. Нібыта гэта Сяргей Башарымаў здаваў кватэру ў Менску швэдам, якія дапамагалі сваім сябрам у арганізацыі палёту лёгкаматорнага самалёта над Беларусьсю 4 ліпеня. Тады над Івяноцм і ўскарінай Менску швэды скінулі плюшавых мядзьведзікаў з патрабаваньнямі свабоды слова ў Беларусі.

Ірына Лагойка, дзяўчына Сяргея Башарымава, якую на адзін дзень таксама затрымлівалі сьледчыя КДБ, паведаміла «Свабодзе» 23 ліпеня:

«Чакаю навінаў ад ягонай маці. Што будзе далей? Ад Сяргея ўжо тыдзень фактычна зьвестак мы ня маем».

16-гадовую жыхарку Івянца Кацю Скурат, якая сфатаграфавала швэдзкіх плюшавых мядзьведзікаў, скінутых з самалёта над Івянцом, дапыталі супрацоўнікі КДБ у прысутнасьці бацькоў. Дзяўчына плакала, адказваючы на пытаньні чэкістаў, паведаміў сайт газэты «Народная воля».

Старонка Каці Скурат у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце», на якой былі разьмешчаны фатаздымкі цацачнага дэсанту, выдалена.

Паводле адной з вэрсій, Каця Скурат сфатаграфавала плюшавых мядзьведзікаў, якія знайшла ў Івянцы пасьля пралёту швэдзкага самалёта, і праз электронную пошту даслала здымкі Антону Сурапіну, які разьмясьціў іх на сваім сайце.

Супрацоўнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Артур Стрэх 23 ліпеня сказаў карэспандэнту «Свабоды», што справу Антона Сурапіна, Сяргея Башарымава ды ўвогуле справу пра плюшавых мядзьведзікаў у КДБ па-ранейшаму не камэнтуюць.

Мінабароны дагэтуль не прызнала, што 4 ліпеня швэдзкі лёгкаматорны самалёт парушыў паветраную прастору Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG