У Фэйсбуку і іншых сацыяльных сетках сёньня шмат рэакцыяў на ўкраінскія падзеі, пераход украінскай мяжы Саакашвілі — рэакцыяў, якія чарговы раз даводзяць відавочную для мяне думку, што няма больш розных па мэнталітэце народаў, чым беларусы і ўкраінцы.
«...Волна и камень,
Стихи и проза, лед и пламень
Не столь различны меж собой».
Калі сфармуляваць гэтыя адрозьненьні зусім ляканічна, то ўкраінцы любяць свабоду (вольніцу), беларусы любяць парадак. Прытым ня толькі лукашэнкаўскія, але ў значнай ступені і неляяльныя да цяперашняй улады беларусы паважаюць парадак і моцную дзяржаву. Многія апазыцыйныя да Лукашэнкі беларусы таксама хацелі б моцнай дзяржавы — толькі «правільнай», «сапраўднай беларускай» моцнай дзяржавы. Каб гэтая дзяржава прыбірала за іх сьнег каля дому, строга карала за няправільную паркоўку і за той самы пераход вуліцы на чырвонае сьвятло.
З пункту гледжаньня большасьці беларусаў дапускаць несанкцыянаваны пераход дзяржаўнай мяжы — гэта ўвасабленьне Бардаку. Дарэчы, беларусы, якія сёньня абвінавачваюць Украіну ў правале дзяржаўнасьці, не заўважаюць, што ці не такі самы Бардак адбываўся падчас мігранцкага крызісу ў Эўропе, калі дзясяткі тысячаў людзей нелегальна пераходзілі эўрапейскія межы. У Беларусі такое немагчыма. У нас увогуле нельга пераходзіць пешкі дзяржаўную мяжу, а сьпяваць у пераходах можна толькі пасьля зацьвярджэньня адмысловай камісіяй.
Парадак сам па сабе — відавочна, патрэбная зьява. Але пры ўмове, калі грамадзяне самі жадаюць супольнымі намаганьнямі ствараць гэты парадак. Але ў Беларусі грамадзяне пераважна просяць дзяржаву — Дзяржава, навядзі Парадак.
Памятаю, калі Пятра Парашэнку абралі прэзыдэнтам з надзвычай вялікім для дэмакратычных выбараў працэнтам галасоў, то я сказаў калегам — праз год у Парашэнкі будзе амаль нулявы рэйтынг. І не таму, што я мог прадбачыць нейкія памылкі Парашэнкі на гэтай пасадзе. Мне проста здаецца, што для ўкраінцаў амаль аксіёма — любы самы папулярны дэмакратычны палітык праз год-два губляе свой рэйтынг. Магчыма, гэта вынікае са спэцыфічнага стаўленьня ўкраінцаў да ўлады.
Як сказаў мне адзін украінскі калега: вы, беларусы, уладу любіце ці прынамсі паважаеце. І не абавязкова канкрэтна Лукашэнку, а ўладу як такую. А мы ёй пагарджаем. Прычым любой. Радзіму любім, а ўладу — не.
Не магу лічыць сябе адмыслоўцам па ўкраінскім нацыянальным характары — але некаторыя агульныя высновы можна зрабіць. Украінцы — людзі эмоцыяў, захацелася — зрабіў. Беларусы, наадварот, спачатку шмат разоў нешта падумаюць, пралічваючы ўсе магчымыя наступствы. І ў выніку такая разважлівасьць прыводзіць да таго, што беларусы часам ня робяць таго, што варта — бо страшна, наступствы нечаканыя і невядомыя.
А ўкраінцы, як падаецца беларусам, гатовыя бясконца скідаць сваіх прэзыдэнтаў, мяняць законы, палюбіць новую ўладу, а потым гэтак жа рашуча яе ўзьненавідзець. Беларусы больш практычныя, рацыянальныя — таму звыкаюцца з тым, што ёсьць, паводле вядомага анэкдоту: «А можа, так яно і трэба?».
Калі б да ўкраінскай тактычнай хуткасьці і рашучасьці дадаць стратэгічную разважлівасьць беларусаў — магчыма, атрымалася б цудоўнае спалучэньне
Калі б да ўкраінскай тактычнай хуткасьці і рашучасьці дадаць стратэгічную разважлівасьць беларусаў — магчыма, атрымалася б цудоўнае спалучэньне. Але ў жыцьці так не бывае. Пакуль што дзьве суседнія нацыі настолькі ж адрозныя, як немцы і італьянцы. Пры гэтым, вядома, беларусы — гэта немцы (сёньня, на жаль, — у ГДРаўскім выкананьні).
Нездарма, дарэчы, паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў, беларусы паважаюць немцаў больш за іншыя эўрапейскія народы. Пры гэтым, мне здаецца, беларусы ўхваляюць нейкі гістарычны і цяпер ужо міталягічны вобраз немца — парадак, дысцыпліна, паслухмянасьць — які не абавязкова адпавядае сучасным рэаліям. Асьмелюся здагадацца, што беларусы любяць менавіта немцаў, а не галяндцаў ці там італьянцаў, не за іхнюю партыйную дэмакратыю ці свабоду прэсы, а менавіта за той самы «парадак».
Але ня варта сьмяяцца з італьянцаў. Магчыма, у іх сапраўды ўрадавыя крызісы кожныя паўгода, ёсьць мафія і карупцыя, і няма Парадку. Але жыцьцё вясёлае, і кухня смачнейшая.