Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сетку «Востраў чысьціні і смаку» ўдалося захаваць, але зьвязаныя з рытэйлерам кампаніі ліквідуюць


Беларускую гандлёвую сетку «Востраў чысьціні і смаку» ўдалося захаваць, хоць яе і падзялілі паміж старым і новым уладальнікамі. Тым часам зьвязаныя з гэтым рытэйлерам кампаніі ліквідуюцца. Прычым некаторыя гатовы запусьціць працэдуру банкруцтва, паведамляе «Люстэрка».

Інфармацыя пра праблемы ў сетцы «Востраў чысьціні і смаку» зьявілася ў другой палове 2023 году. У крамах скараціўся асартымэнт, а некаторыя крамы закрыліся. Фінансавае становішча кампаній сям’і вядомага бізнэсоўцы Віктара Рамука пахіснулася пасьля пільнай цікавасьці з боку сілавікоў. У чэрвені 2024 году стала вядома, што ўладальнікі сеткі ліквідуюць усе зьвязаныя зь ёй кампаніі, згортваюць сваю дзейнасьць як ІП і заснавальнікі рытэйлера. У верасьні зьявілася інфармацыя, што частка крамаў сеткі «Востраў чысьціні і смаку» перайшла новай кампаніі «АйландГруп».

Сетка «Востраў чысьціні і смаку» кіруецца кампаніямі, якія ўваходзяць у групу «Ромакс». Цяпер кампанія «ЗахадХімТорг» — асноўная фірма, якая кіруе рытэйлерам — па-ранейшаму знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. У лістападзе ў яе была запазычанасьць перад падатковай. Ёй таксама выставілі пазовы з прычыны заробкаў, судовыя паседжаньні прызначаныя на 12 сьнежня, вынікае са зьвестакь сэрвісу legat.by.

Разам з «ЗахадХімТоргам» падобная доля спасьцігла і іншыя кампаніі, якія існуюць пад крылом «Ромакса»: «Вытворчая кампанія Ромакс», «ЗахадХімСэрвіс», «ЗахадХімІнвест», «Гандлёвая кампанія Ромакс».

11 сьнежня ў Эканамічным судзе Горадзенскай вобласьці пройдзе паседжаньне па справе аб банкруцтве «ЗахадХімСэрвіса», вынікае з раскладу на сайце Вярхоўнага суда. Заяўнік — самі ўладальнікі фірмы. У лістападзе ў кампаніі сфармавалася запазычанасьць па унёсках у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Акрамя таго, гэтай восеньню некалькі супрацоўнікаў праз суд дабіваліся выплаты заробкаў.

19 сакавіка 2025 году ў гэтым жа судзе будуць разглядаць справу аб банкруцтве іншай кампаніі, зьвязанай з «Востравам чысьціні і смаку», «ЗахадХімІнвест». У гэтым выпадку заяўнікам таксама выступае сама фірма. Цяпер за «ЗападХімСэрвісам» лічыцца шэсьць крамаў гандлёвай сеткі, за «ЗахадХімІнвестам» — чатыры.

У «ПрадХімМаркета» (раней называўся «ВостраўФармТорг») сёлета стала на 148 крамаў сеткі менш. У той жа час у чэрвені — ліпені кампанія зарэгістравала ў гандлёвым рэестры тры новыя гандлёвыя аб’екты — у Менску, Сьветлагорску і Салігорску. Пры гэтым сама фірма больш не належыць сям’і заснавальніка гандлёвай сеткі.

Яшчэ адна фірма групы «Гандлёвая кампанія Ромакс» з чэрвеня не валодае складамі. Як паведамлялі раней, сама яна ліквідуецца. Гэтую ж працэдуру праходзіць «Вытворчая кампанія Ромакс».

У той жа час у кампаніі расейцаў «АйландГруп», якая ў гэтым годзе пачала кіраваць часткай крамаў сеткі паводле франшызы (партнэрства, па якім уладальнік бізнэсу дае іншаму прадпрымальніку права выкарыстоўваць свой брэнд і мадэль бізнэсу), колькасьць гандлёвых аб’ектаў павялічваецца. Паводле зьвестак на 27 лістапада, іх было ня менш за 62.

  • Сетка крамаў «Востраў чысьціні і смаку» ўваходзіць у групу кампаній «Ромакс», якая працуе на беларускім рынку з 1998 году. Крамы «Востраў чысьціні» (ранейшая назва сеткі) пачалі працу ў Беларусі ў 2010 годзе з продажаў бытавой хіміі і гаспадарчых тавараў. Уладальнікі сеткі крамаў — сужэнцы Віктар і Аксана Рамукі. Галоўны бэнэфіцыяр групы кампаній «Ромакс» — Ёсіф Рамук, бацька Віктара Рамука.
  • У верасьні 2022 году сілавікі з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў правялі ператрус у офісе кампаніі «Ромакс». Незалежныя тэлеграм-каналы пісалі, што ў менскім аэрапорце ў той жа дзень затрымалі заснавальніка групы кампаній Віктара Рамука з жонкай, але афіцыйнай інфармацыі пра гэта не было.
  • У лютым 2024 году заснавальнік групы кампаній «Ромакс» Віктар Рамук зьявіўся ў СМІ і заявіў рэсурсу Probusiness.io, што ён скарачае бізнэc.
  • Гандлёвая сетка «Востраў чысьціні і смаку» сёлета стабільна скарачалася. У траўні стала вядома, што некалькі юрыдычных асобаў, зьвязаных зь сеткай, ліквідуюцца. У ліпені адна з кампаніяў групы «Ромакс», у якую ўваходзіць сетка, падала заяву ў суд аб фінансавай неплатаздольнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG