Пайменны сьпіс апублікавала кіпрская газэта «Палітыс», на публікацыю зьвярнула ўвагу выданьне «Агентство». У сьпісе — 77 чалавек, але ў артыкуле адзначаецца, што «залатых пашпартоў» пазбавіліся ня толькі замежныя інвэстары, але і члены іх сем’яў.
У апублікаванай копіі дакумента можна знайсьці асобаў, чые прозьвішчы супадаюць з імёнамі расейскіх алігархаў, а побач у дужках пазначаная колькасьць дакумэнтаў іх блізкіх. Так, у сьпісе значацца:
- заснавальнік «Русала» Алег Дзерыпаска (+3) і ягоны стрыечны брат Павел Езубаў (+6),
- заснавальнік групы «Сафмар» Міхаіл Гуцэрыеў (+7),
- былы муж сьпявачкі Алсу бізнэсовец Ян Абрамаў (+4) ,
- сузаснавальнік «Альфа-груп» Аляксей Кузьмічоў (+5),
- сястра Алішэра Усманава — Гульбахор Ісмаілава (+1),
- экс-губэрнатар Чалябінскай вобласьці Міхаіл Юрэвіч (+7),
- экс-кіраўнік рады дырэктараў «Шарамецьцева» Аляксандар Панамарэнка (+4),
- былы сьледчы ФСБ Сяргей Каўбасюк (+4),
- дачка кіраўніка «Транснафты» Мікалая Токарава Мая Болатава (+1) і іншыя.
«У яго ўключаныя вядомыя расейскія мультымільянэры, а таксама малайзійскі біржавы брокер Джо Лоў, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку пад нумарам адзін за махлярства і фінансавыя злачынствы», — гаворыцца ў артыкуле.
У сьпісе таксама пазначаны пасярэднікі, у тым ліку юрыдычныя і аўдытарскія фірмы, празь якія выдавалі дакумэнты. Ёсьць там і ўкраінскі алігарх Ігар Каламойскі (+1), арыштаваны ў Кіеве па справе аб махлярстве і адмываньні грошай.
Паводле зьветак Politis, у дачыненьні да некаторых былых уладальнікаў «залатых пашпартоў» Кіпра ўжо завялі крымінальныя справы і іх расьсьледуе паліцыя. Выданьне адзначае, што з інвэстыцыйнай праграмы іншаземец выбывае ў выпадку наданьня ілжывай інфармацыі або інфармацыі, якая ўводзіць у зман, а таксама ў выпадку наяўнасьці судзімасьці або незахаваньні ўмоваў натуралізацыі.
Неўзабаве пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны Эўракамісія заклікала ўвесьці агульнаэўрапейскую забарону на выдачу «залатых пашпартоў». Кіпрскія ўлады пачалі адклікаць іх у расейцаў, а Мальта выключыла з праграмы грамадзян Расеі і Беларусі.
Так, сярод іншага, у красавіку 2024 году Кіпр запусьціў працэдуру пазбаўленьня грамадзянства расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева, якія зьяўляецца набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі. Сярод бізнэс-інтарэсаў Гуцэрыева ў Беларусі — Мазырскі НПЗ, здабыча калійных угнаеньняў, гатэль «Рэнэсанс», рэзыдэнцыя «Краснасельскае». Бізнэс Міхаіла Гуцэрыева трапіў пад санкцыі ЭЗ яшчэ ў канцы чэрвеня 2021 году менавіта за супрацоўніцтва з Лукашэнкам, а з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны ён трапіў у санкцыйныя сьпісы Польшчы і Канады.
У лістападзе 2023 году аб’яднаньне журналістаў-расьсьледнікаў (ICIJ) заявіла, што ўлады Кіпру 10 гадоў дапамагаюць расейскім бізнэсоўцам абыходзіць санкцыі. Паводле інфармацыі расьсьледнікаў, прадпрымальнікі з Расеі, якія трапілі пад санкцыі, укладвалі грошы ў нерухомасьць на Кіпры і іх інвэстыцыі справакавалі будаўнічы бум.
У кастрычніку 2024 году паведамлялася, што найбуйнейшы банк Кіпру — Bank of Cyprus — пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну зачыніў каля 20 тысяч рахункаў, якія належалі сямі тысячам кліентаў з расейскім грамадзянствам. Крыніца Forbes таксама паведаміла, што ня толькі Bank of Cyprus, але і іншыя мясцовыя банкі, такія як Hellenic Bank і Alpha Bank, сталі часьцей закрываць рахункі расейцаў, бо асьцерагаюцца санкцыяў.
Форум