Міхэіл Саакашвілі, былы прэзыдэнт Грузіі і кіраўнік Адэскай вобласьці, пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства, здолеў трапіць ва Ўкраіну, паведаміла журналістка украінскага каналу «Громадське».
Паводле яе, прыхільнікі Саакашвілі прарвалі мяжу і літаральна ўнесьлі Саакашвілі на ўкраінскую тэрыторыю. Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзіў прадстаўнік Памежнай службы Ўкраіны.
Раней польскія памежнікі на пункце пропуску «Шэгіні» прапусьцілі Саакашвілі на тэрыторыю Украіны.
Раней Саакашвілі спрабаваў праехаць ва Ўкраіну цягніком. Ён пакінуў цягнік пасьля таго, як той быў спынены на польскай тэрыторыі на патрабаваньне ўкраінскіх уладаў.
Цягнік павінен быў адправіцца ў 14:07 кіеўскага часу, аднак кіраўнікі дзяржаўнай кампаніі «Укрзалізниця», паводле Саакашвілі, забаранілі рух да таго часу, пакуль ён не пакіне цягнік. Праз гучную сувязь паведамілі, што згодна з інфармацыяй, якая паступіла ад нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, у цягніку знаходзiцца асоба, якой забаронены ўезд на тэрыторыю Ўкраіны, таму цягнік ня можа пачаць рух, пакуль гэты чалавек там застаецца.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Юры Дзеравянка, які суправаджае Саакашвілі, назваў «злачынным» загад украінскіх уладаў аб забароне руху цягніка, у якім знаходзіцца экс-прэзыдэнт Грузіі.
Тымчасам прэс-служба ўкраінскай паліцыі паведаміла, што каля пункту пропуску «Кракавец» затрыманыя больш за сто чалавек у камуфляжнай форме, якія рухаліся ў бок ўкраінска-польскай мяжы. У іх сканфіскавалі газавыя балёнчыкі, стартавы пісталет, а таксама мэталічныя прадметы.
Прыхільнікі Саакашвілі заяўлялі, што будуць сустракаць свайго лідэра на мяжы. Сярод іх могуць быць і народныя дэпутаты, якія маюць статус недатыкальнасьці.
Праціўнікі Саакашвілі заяўляюць, што ягоныя заявы і дзеяньні правакацыйныя. Памежнікі нагадалі, што каля дзяржаўнай мяжы рэжымная зона, і заклікалі ўсе бакі да стрыманасьці.
26 ліпеня прэзыдэнт Пятро Парашэнка сваім указам пазбавіў Міхэіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства.
Паведамлялася, што міністэрства юстыцыі Грузіі спадзяецца на выдачу Саакашвілі пасьля яго вяртаньня ва Ўкраіну.