Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка аб прарыве мяжы Саакашвілі: «Спадзяюся, што ён з такой жа стараннасьцю будзе прабівацца ў Грузію»


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў злачынствам дзеяньні былога губэрнатара Адэскай вобласьці Міхэіла Саакашвілі ды яго прыхільнікаў у памежным пункце пропуску «Шэгіні» (Львоўская вобласьць).

«Гэты інцыдэнт не патрабуе ніякіх палітычных камэнтароў. Яго трэба камэнтаваць выключна ў прававым полі», — заявіў Пятро Парашэнка.

Украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што прыпыніў грамадзянства Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі з прычыны пададзенай ім непраўдзівай інфармацыі.

Пятро Парашэнка перакананы, што Міхэіл Саакашвілі мусіў у судзе аспрэчваць гэтае рашэньне.

«Я, як прэзыдэнт, безумоўна, выканаю любое рашэньне суду. Не падабаюцца рашэньні ўкраінскіх судоў — ёсьць Эўрапейскі суд правоў чалавека. Гэта прававая плоскасьць. Прайшло паўтара месяца — ніхто да суду не зьвяртаўся. Замест гэтага ўчыненена злачынства, бо ёсьць канстытуцыйны прынцып недатыкальнасьці дзяржаўнай мяжы. Гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі дзяржавы. І мне ўсё роўна, хто парушае дзяржаўную мяжу — баевікі на ўсходзе ці палітыканы на захадзе. Мае быць абсалютна дакладная юрыдычная адказнасьць», — дадаў ён.

Украінскі прэзыдэнт таксама высока ацаніў дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў.

«Памежнікі зрабілі правільна, ня выкарыстаўшы зброю, хоць на гэта яны мелі поўнае юрыдычнае права. Яны не далі раздзьмуць канфлікт, як таго дабіваліся палітыканы. Зараз, я глыбока перакананы, — гэта справа праваахоўных органаў», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка.

«Пакінем палітыку палітыкам, злачынства — праваахоўнікам, пракуратуры, судам. І яны ўжо пачалі дзейнічаць. Я спадзяюся, што гэты спадар з такой жа стараннасьцю будзе прабівацца ў Грузію, як ён спрабаваў трапіць ва Ўкраіну», — рэзюмаваў украінскі прэзыдэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG