У Вільні грузавы самалёт упаў побач з двухпавярховым жылым домам і загарэўся, піша Delfi.
Відавочцы сьцьвярджаюць, што гэта быў самалёт кампаніі DHL. Паведамленьне аб выбуху і пажары гарадзкія службы атрымалі ў 5:31 раніцы.
На борце знаходзіліся 4 чалавекі — два пілёты і два работнікі.
Адзін зь пілётаў загінуў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Дэпартамэнту паліцыі Літвы Рамунас Матоніс. Трагедыя адбылася на вуліцы Жырню.
Дваіх членаў экіпажу шпіталізавалі, яшчэ аднаго шукаюць.
Зьвестак пра пацярпелых жыхароў дома няма. У доме жывуць тры сям'і, 12 чалавек, якія былі ў будынку, эвакуавалі. Участак вуліцы, на якім адбылося здарэньне, закрылі. Гэта раён чыгуначнага вакзалу.
Кіраўнік Дэпартамэнту супрацьпажарнай бясьпекі і ратаваньня Рэнатас Пажэла адзначыў, што толькі дзякуючы шчасьлівай выпадковасьці самалёт упаў не на дом, а побач зь ім.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру крызіснага кіраваньня Вілмантас Віткаўскас у камэнтары тэлеканалу LRT сказаў, што папярэдняя вэрсія крушэньня — тэхнічныя праблемы самалёту.
Самалёт ляцеў зь нямецкага Ляйпцыгу.
Амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal са спасылкай на зьвесткі заходніх выведак паведамляла, што ў ліпені ў лягістычных цэнтрах службы дастаўкі DHL у Ляйпцыгу і Бірмінгеме адбыліся два загадкавыя выбухі.
Расьсьледаваньне паказала: здэтанаваныя запальныя прылады былі часткай таемнай апэрацыі, якую праводзіла расейская выведка. Падрываць плянавалася не лягістычныя цэнтры, а пасажырскія і транспартныя самалёты, якія перавозілі небясьпечныя пасылкі. Сьледзтва высьветліла, што бомбы мелі выгляд электрамасажораў, у якіх замест электроннай начынкі было лёгказапальнае рэчыва.
Форум