Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недабудаваны помнік Першай усясьветнай у Смаргоні: у саюзнай дзяржавы не хапіла грошай. Фота


На няпэўны час замарожана будаўніцтва мэмарыялу героям і ахвярам Першай усясьветнай вайны ў Смаргоні на Гарадзеншчыне.

Адпачатку аб’ект абяцалі здаць 1 жніўня 2014-га — да 100-годзьдзя пачатку вайны, якая ахапіла Эўропу ды іншыя кантынэнты. Потым запэўнівалі, што адкрыцьцё прымяркуюць да пачатку абароны горада ў верасьні 1915-га. Цяпер кажуць, што за арыентыр узяты іншы юбілей — 100 гадоў падпісаньня мірнай дамовы ў лістападзе 2018-га.

Нягледзячы на тое, што Першая ўсясьветная пракацілася па большай частцы беларускіх земляў, Смаргонь для мэмарыялу выбралі не выпадкова — гэта адзінае месца на ўсёй лініі фронту, змаганьне за якое расьцягнулася ажно на 810 дзён. За гэты час горад быў цалкам зруйнаваны, а 16 тысяч жыхароў эвакуавалі ў расейскі тыл, адкуль бальшыня назад не вярнулася.

Расейскія грошы скончыліся датэрмінова

Дасьледчык тагачасных падзеяў, аўтар некалькіх кніг пра абарону Смаргоні Ўладзімер Лігута адзначае: хоць савецкая прапаганда ўпарта ігнаравала трагедыю беларусаў, якія трапілі ў самы цэнтар імпэрскіх спрэчак, матэрыялізаваныя праявы той вайны нагадваюць пра сябе дагэтуль — у выглядзе лясных акопаў, германскіх бэтонных умацаваньняў, затанулых загародаў:

Інфармацыйны стэнд пра забытую вайну
Інфармацыйны стэнд пра забытую вайну

«Да восені 1915-га фронт стабілізаваўся, і год завяршыўся пад знакам пазыцыйнай вайны. Зімой ваююць меней, што пацьвярджаюць нават падзеі Другой усясьветнай — умовы неспрыяльныя. Акопваліся, заглыбляліся. У архіве знайшоў цікавы дакумэнт. Штаб фронту стаяў у Менску, а штаб 10-й арміі — у Маладэчне. Дык вось было распараджэньне і франтавое, і армейскае — пра мініраваньне возера Вішнеўскага. Што і пацьвярджаецца. На Сьвіры, на Вішнеўскім ёсьць рыбныя гаспадаркі, і рыбакі скардзяцца: рэгулярна рвём сеткі. Столькі гадоў мінула, а справа ў чым? З 1915-га на 1916-ты, з 1916-га на 1917-ты, з 1917-га на 1918-ты — тры зімы па лёдзе стаялі германскія драцяныя загароды. І хоць мін тады не было, расейцы вешалі на іх фугасы, розным чынам падрывалі. Увесну, натуральна, усё гэта ішло на дно, і да гэтага часу наўскасяк упоперак возера ляжыць. Цікавы факт».

Скульптурны трыптых без аздабленьня
Скульптурны трыптых без аздабленьня

Скульптура «Ўцекачы»
Скульптура «Ўцекачы»

Амаль за тры гады пазыцыйнага супрацьстаяньня ў Смаргоні і ваколіцах загінулі тысячы салдатаў і афіцэраў з абодвух бакоў. Але ідэю паваеннага замірэньня аўтары мэмарыялу не разглядалі — адрозна ад падобных помнікаў у іншых краінах Эўропы, якія ня дзеляць тых, хто загінуў, на «лепшых» і «горшых», «сваіх» і «чужых». Тут жа ўвекавечваецца, па сутнасьці, адзін з бакоў супрацьстаяньня — Расейская імпэрыя, у склад якой уваходзіла і тагачасная Беларусь. Зрэшты, наўрад ці магло быць інакш: скульптуры, бронзавыя і гранітныя элемэнты прафінансаваныя зь бюджэту так званай саюзнай дзяржавы, беларускі бок забясьпечвае перадусім афармленьне, брук, мантаж.

Схема мэмарыялізацыі Смаргоні
Схема мэмарыялізацыі Смаргоні

Кіраўнік праекту мэмарыялу, менскі скульптар Анатоль Арцімовіч вызначае кампазыцыю комплексу як трыптых. Дамінантай — трыадзіная скульптурная кампазыцыя: «Крылаты геній салдацкай славы», «Салдаты Першай усясьветнай» і «Ўцекачы». У мэмарыяльную зону таксама ўваходзяць адлітая з бронзы мапа баявых дзеяньняў, валуны з пазначэньнем асноўных этапаў смаргонскага эпізоду вайны.

Бронзавы кругляк баявой мапы
Бронзавы кругляк баявой мапы

Усталяваныя «сьцены памяці»: на адной маюць нанесьці звыш 800 прозьвішчаў расейскіх вайскоўцаў, на другой зьявіцца надпіс па-нямецку пра тое, што ў смаргонскай зямлі пахаваныя тысячы нямецкіх салдатаў і афіцэраў, якія загінулі цягам 1915–1917 гадоў. Пасярод узвышаецца капліца са звонам і георгіеўскім крыжам, такі самы крыж выкладзены перад уваходам на тэрыторыю комплексу. Стылістычна мэмарыял зьбіраюцца падмацаваць памятнымі знакамі па лініі супрацьстаяньня праз увесь горад, а ўздоўж шашы Менск — Вільня паўстане бронзавы помнік «Праклён вайне».

Расеі пасьля Ўкраіны «не да жыру»

Практычна ўсё заплянаванае — у недаробленым ці нават не пачатым стане: сродкі дачасна скончыліся, і ніякіх прыкметаў дзейнасьці на аб’екце не назіраецца. Мала таго — як прызнаўся Свабодзе спадар Арцімовіч, на пэўным этапе нават даводзілася ўкладаць свае грошы:

Капліца з георгіеўскім крыжам
Капліца з георгіеўскім крыжам

Крыжы буйным плянам
Крыжы буйным плянам

«Разьлічыліся за тое, што ляпілі, што ў бронзе адлівалі. Але не было грошай, каб усталяваць — уласным коштам ажыцьцяўлялі ўстаноўку помніка, плацілі рабочым, каб дапамаглі. То бок спачатку заплацілі, а потым з гэтых сродкаў давялося наймаць людзей, каб паставіць на месца. Таму там ня толькі расейскія грошы, намаганьні і нашых арганізацыяў, і прыватных асобаў. Ну, што зробіш, ня кідаць жа? Хоць не павінна так быць, проста небывалы выпадак — архітэктар не павінен класьці дом! Як быццам я стаўлю помнік для Смаргоні з уласнага жаданьня. А ад Расеі цяпер увогуле цяжка нечага чакаць: вельмі на іх спадзяваліся, але пасьля Ўкраіны ім „не да жыру“. Плюс санкцыі, лішніх грошай няма. Хутка пойдуць на тое, каб усё дараблялі сваім коштам».

Кінуты на паўдарозе помнік пакідае ўражаньне замарожанага даўгабуду. Пастамэнты са скульптурамі не абліцаваныя, сьцены памяці голыя — ні граніту, ні надпісаў. Дарожкі забрукаваныя фрагмэнтарна, з капліцы тырчыць электрычны кабэль, пад гранітнай плітой на ўваходзе — белыя падцёкі.

Смаргонская «сьцяна плачу»
Смаргонская «сьцяна плачу»

Брукаванка пераходзіць у гравійку
Брукаванка пераходзіць у гравійку

Георгіеўскі крыж пры ўваходзе
Георгіеўскі крыж пры ўваходзе

Раз-пораз даводзіцца замаўляць новыя пазалочаныя літары, якія зламысьнікі, мяркуючы па ўсім, адкалупваюць і здаюць у пункты прыёму каляровага лому. У адзін час зьніклі адразу шэсьць літараў з указальніка «Мэмарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяньня ў Першую ўсясьветную вайну 1915-1917 гг. у г. Смаргоні». Тым часам мясцовыя ўлады непакояцца, што ад падобнага лёсу не застрахаваныя і іншыя фрагмэнты маштабнага збудаваньня, якое ўзводзіцца фактычна на ўскрайку лесу — пры будаўніцтве выкарыстоўваецца багата дарагога мэталу і каменю розных пародаў.

Помнік расейскім салдатам на Вілейшчыне
Помнік расейскім салдатам на Вілейшчыне

Пахаваньні германцаў у Барунах
Пахаваньні германцаў у Барунах

Тым часам мясцовыя краязнаўцы сыходзяцца на думцы, што ўкладаньне вялізных сродкаў у маштабны мэмарыял — фінансавае марнатраўства. Вакол Смаргоні мноства неідэнтыфікаваных пахаваньняў, якія трэба прывесьці ў належны стан, але выдаткі на гэтыя мэты не прадугледжаныя. Нават расейскімі пахаваньнямі тут заняліся параўнальна нядаўна, дый тое збольшага высілкамі мастака Барыса Цітовіча, які зьехаў зь Менску і атабарыўся пад Вілейкай. Цяпер аднаўляе зьвесткі пра вайскоўцаў расейскай царскай арміі, усталёўвае крыжы і ладзіць «аўтапрабегі памяці». Нямецкімі магіламі апякуюцца дабрачынныя фонды зь Нямеччыны, таму большая іх частка дагледжаная.

Германскае ўмацаваньне на ўскрайку Смаргоні
Германскае ўмацаваньне на ўскрайку Смаргоні

Апроч таго, ад Крэва да Смаргоні і далей у бок Нарачы стаяць сотні германскіх дотаў. Бальшыня зь іх у выдатным стане, пасьля мінімальнага ўпарадкаваньня яны маглі б стаць ня толькі напамінам пра падзеі 100-гадовай даўнасьці, але і пунктамі турыстычнага маршруту, цікавага для нашчадкаў германскіх салдатаў і афіцэраў.

Сьметніца ў доце, Крэва
Сьметніца ў доце, Крэва

Але бальшыня ўмацаваньняў ня толькі ніяк не выкарыстоўваюцца, а ператвораныя ў сьметнікі. У рысе гораду некаторыя зь іх сталі бясплатным падмуркам для катэджаў, у вёсках дзе-нідзе іх прыстасавалі пад сховішчы-рэфрыжэратары. Усё больш зарастаюць лясныя штабы, дарогу да якіх ведаюць хіба што «чорныя капальнікі».

Чатырохногі наведнік комплексу
Чатырохногі наведнік комплексу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG