Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні судзяць журналістаў-фрылансэраў


Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў
Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў

Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава вінавацяць у тым, што яны зьнялі для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі МЗС Беларусі відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі, чым нібыта парушылі артыкул 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У судзе сёньня дапыталі абодвух журналістаў і сьведку, працэс перанесены на 22 красавіка.

Падчас апытаньня ў судзе і Кіркевіч, і Дзянісаў прызналі, што абодва, як і запісана ў міліцэйскім пратаколе, знаходзіліся на выставе слуцкіх паясоў, запісвалі супрацоўніцу музэя Галіну Хамко. Але ў той жа час не пагадзіліся, што займаліся вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ, як ім гэта інкрымінуецца ў міліцэйскіх пратаколах.

Дзянісаў тлумачыў суду, што ён не супрацоўнік «Белсата» і ня браў інтэрвію ў супрацоўніцы музэя, як запісана ў пратаколе, а толькі здымаў на сваю ўласную камэру размову Кіркевіча з Галінай Хамко. Ён даводзіў судзьдзі, што як журналіст-фрылансэр здымае розныя інфармацыйныя падзеі для шмат якіх СМІ, але не займаецца вырабам і распаўсюдам матэрыялаў, бо гэта складаны тэхнічны працэс, які могуць рабіць толькі самі рэдакцыі:

«І ў законе аб СМІ запісана, што мы як фізычныя асобы не нясем адказнасьці, а за гэта нясуць адказнасьць рэдакцыі, іх кіраўніцтва. А мне напісана ў пратаколе, што я браў інтэрвію. Але я ня мог браць інтэрвію, бо проста стаяў за камэрай — пра гэта, дарэчы, сказала і сьведка Хамко. Распаўсюдам інфармацыі мы тым больш займацца не маглі».

Кіркевіч прызнаў, што адзьняты матэрыял адаслаў па электроннай пошце на адрас «Белсата», гэтаксама як робіць і для іншых СМІ, але што ён не супрацоўнік «Белсата». Ён таксама падкрэсьліў, што нязгодны з высновамі міліцыянтаў, якія запісалі ў пратаколе, што ён займаўся вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ. Паводле Кіркевіча, з вопыту ранейшых судоў над журналістамі-фрылансэрамі працэс над імі адбываецца як па накатанай, і ніякага апраўданьня ён не чакае. Але, з другога боку, мае на гэты конт сваю думку.:

Я лічу, што прапаганда беларускай гісторыі і культуры на тэрыторыі Беларусі апрыёры ня можа быць злачынствам

«Я наагул лічу, што прапаганда беларускай гісторыі і культуры на тэрыторыі Беларусі апрыёры ня можа быць злачынствам, хоць бы ты і працаваў без акрэдытацыі. Няхай бы да цябе зьвярнулася МЗС і дало гэтую акрэдытацыю, калі ты працуеш на карысьць гэтае краіны. Але атрымліваецца, што няма розьніцы, пра што ты здымаеш і пра што пішаш, ёсьць розьніца — хто ты, адкуль, зь якога СМІ».

Сьведка Галіна Хамко сказала ў судзе, што паколькі яна рыхтавала выставу слуцкіх паясоў, то, як і прынята ў іх на працы, давала яшчэ інтэрвію ўсім прадстаўнікам СМІ, але ні ў кога зь іх пасьведчаньняў не пыталася. Яна таксама засьведчыла, што Кіркевічу распавяла тую ж самую інфармацыю, як і журналістам зь дзяржаўных выданьняў.

На гэтым судзьдзя Алена Пятрова абвясьціла перапынак у судзе да 22 красавіка. На наступным паседжаньні плянуецца прагледзець відэасюжэт Кіркевіча і Дзянісава з выставы слуцкіх паясоў у гарадзенскім музэі.

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч заўважыў Свабодзе, што працэсы над журналістамі-фрылансэрамі наагул нагадваюць нішто іншае, як абсурд, і цяперашні працэс, паводле яго, нічым ня розьніцца. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што судзьдзя Алена Пятрова, якая праводзіць працэс, публічна пагарджае ўжо ня першы раз беларускай мовай:

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

«Альбо гэта скрайні непрафэсіяналізм, калі яна перапытвае Кіркевіча, які назваў свой хатні адрас: верасень — гэта што такое? Альбо яна публічна зьневажае беларускую мову? Кіркевіч заявіў хадайніцтва, каб яго сьведчаньні заносіліся ў пратакол на беларускай мове, але яна адмовіла, хоць ён мае на гэта поўнае права. Думаю, што варта абскарджваць адхіленьні такіх хадайніцтваў, а таксама зьвяртаць увагу і пракуратуры, і старшыні суду на чарговы непрафэсіяналізм альбо сьвядомае парушэньне заканадаўства».

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку 2015 году беларускіх незалежных журналістаў паводле артыкула 22.9 судзілі ўжо 4 разы, а ў 2014 годзе — 10 разоў. Алесь Дзянісаў летась быў аштрафаваны паводле артыкула 22.9 на 30 базавых велічынь, у Алеся Кіркевіча ёсьць папярэджаньне паводле гэтага ж артыкула.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG