Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: журналістку засудзілі за тое, што здымала калядаваньне


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

12 сакавіка судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Віктар Казачок пастанавіў аштрафаваць на 20 базавых велічыняў (3 мільёны 600 тысяч рублёў) журналістку-фрылансэра Ларысу Шчыракову — за выраб без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў «прадукцыі СМІ» для тэлеканалу «Белсат».

У судзе Ларыса Шчыракова хадайнічала, каб на паседжаньне быў выкліканы падпалкоўнік міліцыі Юры Панін, які склаў пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП. Хацела дазнацца, чаму ў дачыненьні да яе прымяняецца такая норма, бо вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ ні журналісты, ні фрылансэры не займаюцца. Гэта робяць рэдакцыі, тэлекампаніі — юрыдычныя асобы. Нельга ж, казала Шчыракова, паступаць паводле прымаўкі: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.

Аднак судзьдзя Казачок адхіліў хадайніцтва. Адрынуў ён і просьбу весьці разгляд справы на беларускай мове, а таксама просьбу, каб Шчыракова як сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» мела свайго прадстаўніка — юрыста Леаніда Судаленку.

Шчыракова патлумачыла, што 13 студзеня на «Цэнтральным» рынку яна сапраўды здымала на відэакамэру беларускі абрад «Калядаваньне», а заадно й пыталася ў мясцовых прадпрымальнікаў пра ўмовы іхняй працы ў зьвязку зь сёлетнім падвышэньнем падаткаў. Матэрыял яна разьмясьціла ў інтэрнэце на YouTube.

«Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь, даюць мне права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. І для мяне прэстыжна, калі мае здымкі, відэа выкарыстоўваюць нейкія СМІ, у дадзеным выпадку — „Белсат“. Выглядае, калі іх выкарыстаюць, напрыклад, Бі-Бі-Сі, „Аль-Джазіра“ ці Сі-Эн-Эн, то я ў Беларусі буду лічыцца іх супрацоўніцай без акрэдытацыі», — сказала, выступаючы ў судзе, фрылансэр Шчыракова.

Судзьдзя Віктар Казачок перад вынясеньнем штрафу заявіў, што журналістка вінаватая ў «саўдзеле ў вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканалу „Белсат“».

Шчыракова: «Найперш у справе павінен быў быць запыт на тэлеканал „Белсат“, ці зьяўляюся я іх супрацоўніцай. Насамрэч я ня маю працоўнай дамовы зь „Белсатам“ і не зьяўляюся іх супрацоўнікам. Ну, а міліцыя ўзяла толькі й зьвярнулася ў МЗС, каб высьветліць, ці акрэдытавана я, не пацікавіўшыся ў тэлеканала „Белсат“, ці працую я там. Вядома, яны выкарыстоўваюць гэтую норму, каб пакараць журналістаў, запалохаць іх — проста дзеля дадатковага ціску».

На думку фрылансэра, такім чынам беларускія ўлады імкнуцца пашырыць «паляваньне на ведзьмаў», абмежаваць доступ людзей да непадцэнзурнай інфармацыі, каб перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў грамадзтве не разбуралася карцінка «эканамічна стабільнай выспачкі» ў бурлівым акіяне крызісу:

Мэсыдж для ўсіх журналістаў: не асьвятляць крызісныя зьявы, не асьвятляць вострыя й балючыя сацыяльныя тэмы

«Гэта паляваньне па ўсёй Беларусі на „ведзьмаў“. А ў Гомелі проста абралі мяне, бо імя маё на слыху. І мэсыдж вельмі дакладны для ўсіх журналістаў, як фрылансэраў, так і не фрылансэраў: не асьвятляць крызісныя зьявы, не асьвятляць вострыя й балючыя сацыяльныя тэмы. А будзеце асьвятляць — паглядзіце на яе! — тады зацягаем па судах, міліцыях».

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, якога не дапусьцілі ў суд у якасьці прадстаўніка Шчыраковай, зьвяртае ўвагу на юрыдычны бок пакараньня штрафам фрылансэра Шчыраковай:

«Ларысу прыцягнулі да адказнасьці па артыкуле, паводле якога павінна адказваць юрыдычная асоба, а не асоба фізычная. Суд ня змог сабраць доказаў, што Шчыракова працуе на якісьці сродак масавай інфармацыі, на якуюсьці рэдакцыю. Тым ня менш суд сказаў, што яна „саўдзельнік“ правапарушэньня. Дзіўна проста. Я не пачуў таксама ад суду, будучы прысутным, дзеля чаго дзяржава абмяжоўвае правы Ларысы Шчыраковай на збор і распаўсюд інфармацыі — дзеля дасягненьня якіх мэтаў? Дзяржава абмежавала яе правы! Таму мы будзем абскарджваць гэтую пастанову. Калі спатрэбіцца, пойдзем і ў Камітэт ААН па правах чалавека».

Ларыса Шчыракова і праваабаронца Леанід Судаленка ў судзе
Ларыса Шчыракова і праваабаронца Леанід Судаленка ў судзе

У Беларусі, пачынаючы з 2014 году, міліцыя каля паўтара дзясятка разоў ініцыявала перасьлед журналістаў-фрылансэраў за матэрыялы ў замежных СМІ, адзначаючы, што яны падрыхтаваныя «без акрэдытацыі». На гэтай падставе штрафавалі журналістаў зь Берасьця, Бярозы, Бабруйску, Магілёва. Між тым артыкул 22.9 КаАП, паводле якога штрафавалі журналістаў, адказнасьці за дзейнасьць без акрэдытацыі не прадугледжвае. Дый сама частка 2 гэтага артыкула тычыцца юрыдычных асобаў — рэдакцыяў, інфармацыйных кампаніяў, а не канкрэтных журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG