Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тамары Сялюн не выдаюць цела расстралянага сына: «Калі наша дзяржава не выдае цела, значыць, нешта хаваюць»


Тамара Сялюн
Тамара Сялюн

Тамара Сялюн, сына якой расстралялі паводле прысуду і ня выдалі ёй цела расстралянага, атрымала адказ з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на просьбу зьмяніць законы, якія забясьпечваюць ананімнасьць пахаваньня асуджаных на сьмерць злачынцаў.

Як паведамілі Свабодзе ў праваабарончым цэнтры «Вясна», які дапамагае Тамары Сялюн і сваякам іншых грамадзянаў Беларусі, расстраляных паводле прысудаў, адказ прыйшоў ад пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Гэтая інстанцыя пакуль адзіная, якая адрэагавала на ліст маці Паўла Селюна. Раней такія ж лісты Тамара Сялюн адаслала ў Вярхоўны суд, адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, іншыя ўстановы.

У Палаце прадстаўнікоў Тамары Сялюн адказалі, што закон «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» гарантуе ўсім грамадзянам краіны пахаваньне з улікам іх волевыяўленьня і пажаданьняў сваякоў. Але пры гэтым нявыдачу цела асуджанага на сьмерць «трэба лічыць мерай адміністрацыйнага характару, якая мае прэвэнтыўныя мэты». Пастаянная камісія па заканадаўстве спасылаецца таксама на дакумэнт пад назвай «Меры, якія гарантуюць абарону правоў тых, хто прыгавораны да пакараньня сьмерцю». Там гаворыцца, што працэдура прывядзеньня сьмяротнага прысуду ў выкананьне павінна ажыцьцяўляцца такім чынам, каб яна нанесла як мага менш пакут. «Гэта тычыцца ня толькі самога асуджанага, але і іншых людзей», — мяркуюць дэпутаты.

Што да непаведамленьня сваякам пра час сьмяротнага пакараньня, дык і тут аўтары ліста спаслаліся на закон. Яны працытавалі артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, паводле якога «сьмяротнае пакараньне выконваецца непублічна і асобна ў дачыненьні да кожнага асуджанага, пры адсутнасьці староньніх людзей». «Непублічнасьць сьмяротнага пакараньня распаўсюджваецца ня толькі на саму працэдуру яе выкананьня, але і на працэс пахаваньня цела пакаранага», — паведамілі ў Палаце прадстаўнікоў Тамары Сялюн, якая прасіла ініцыяваць зьмены ў законы, якія забясьпечваюць ананімнасьць сьмяротнага пакараньня.

Як паставілася да такога адказу Тамара Сялюн?

«Гэта зьдзек. Бо па-іхнаму аказваецца, што яны яшчэ паклапаціліся пра мяне, калі не перадалі мне цела сына для разьвітаньня і пахаваньня. Гэта парушае мае правы і проста бесчалавечна», — кажа Тамара Сялюн.

Гэта зьдзек. Бо па-іхнаму аказваецца, што яны яшчэ паклапаціліся пра мяне, калі не перадалі мне цела сына для разьвітаньня і пахаваньня

На мінулую Радаўніцу жанчына не змагла адведаць магілу сына, бо ня мае зьвестак, дзе ён пахаваны. Тамара Сялюн распавяла, як ушанавала памяць сына.

«Усе гэтыя дні я проста рыдала. Пайшла да магілаў сваіх бацькоў і сваякоў ды памалілася і за сына. А што мне застаецца? Для мяне ён жывы. Вось мне адзін чалавек распавёў, што асуджаных на сьмерць ужо не забіваюць, а адпраўляюць на органы, прадаюць іх. Гэтак шмат дзе ўжо робяць, і ў нас нібыта пачалі. І вы ведаеце, я лепш у такое паверу. Бо калі наша дзяржава не выдае цела, значыць, нешта хаваюць. Выдайце мне цела, дайце магчымасьць зрабіць усё як трэба, інакш навошта вы яго тоіце?»

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда зь «Вясны» ў камэнтары згадаў, як Беларусь ставіцца да ўжо прынятых рашэньняў Камітэту правоў чалавека ААН па гэтай праблеме.

Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

«Камітэт правоў чалавека ААН ужо разглядаў скаргі зь Беларусі на тое, што сваякам не выдаюць целы расстраляных паводле суду і не паведамляюць, калі гэта адбудзецца. Па справах „Ляшкевіч супроць Рэспублікі Беларусь“ і „Бандарэнка супроць Рэспублікі Беларусь“ было прызнана, што такія дзеяньні дзяржавы — гэта бесчалавечнае абыходжаньне са сваякамі асуджаных. Ёсьць гэтыя рашэньні, ёсьць рэкамэндацыі КПЧ ААН, але зноў ідуць вось такія адказы, што нібыта ўсё адпавядае закону».

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Былы судзьдзя Гары Паганяйла адзначае, што дзейныя законы, якімі забясьпечаная ананімнасьць выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі, былі сьпісаныя з законаў былога СССР і не адпавядаюць канстытуцыі дэмакратычнай краіны, якой абвясьціла сябе Беларусь. Чаму гэтыя законы не мяняюць?

«Бо наш рэжым пабудаваны на жорсткім стаўленьні да асобы, на непавазе да яе годнасьці. Гэтыя старыя савецкія традыцыі застаюцца і пры цяперашняй уладзе, якая па сутнасьці не зьяўляецца дэмакратычнай».

Цяпер у Камітэце правоў чалавека ААН знаходзіцца скарга грамадзянкі Беларусь Вольгі Груновай. Яе сына расстралялі паводле пастановы суду, і цела таксама не аддалі маці. Скаргу прынялі да разгляду, але час разгляду яшчэ не вызначаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG