Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджанага на сьмерць: «Карайце, але ж ня гэтак...»


Вольга Грунова зь лістом ад сына
Вольга Грунова зь лістом ад сына

6 кастрычніка ў Беларусі распачалася грамадзкая кампанія «Тыдзень супраць пакараньня сьмерцю». Прапануем гутарку з маці Аляксандра Грунова, асуджанага Гомельскім абласным судом на сьмяротнае пакараньне за асабліва жорсткае забойства студэнткі Натальлі Емяльянчыкавай.

Аляксандар Груноў жыў з маці ў такім жа панэльным шматпавярховіку, як і ягоная ахвяра — Натальля Емяльянчыкава, студэнтка-чацьвёртакурсьніца Гомельскага дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Нават вуліца ў іх супольная — Чачэрская называецца. У адным панэльным доме аплаквае дачку маці забітай студэнткі, у іншым — маці плача аб сыну-забойцу. Аляксандар Груноў цяпер у Менску, чакае выкананьня прысуду ў турме на вуліцы Валадарскага.

Вольга Грунова: «Кожны месяц мы езьдзілі да яго — з унучкай маёй, зь сяброўкай. Кожны месяц я езьдзіла туды. І толькі ў верасьні не паехала. Яму цяпер дазваляюць перадачу толькі адзін раз на тры месяцы. Дык мы ў жніўні перадалі перадачу. І спатканьне было. У ліпені, у чэрвені езьдзілі толькі на спатканьне. Даюць спатканьне — кожны месяц можна езьдзіць. Вось зараз 13 кастрычніка хачу паехаць — дазваляюць грошы пакінуць яму на цыгарэты».

Маці кажа, што сын у турме падаўся ў рэлігію:

«Ён зараз ударыўся ў рэлігію: чытае біблейскія кнігі. Да яго прыходзіць пастаянна айцец Васіль — зь ім размаўляе. І чытае літаратуру. Больш нічога такога. На твар быццам бы сын не зьмяніўся».

Саша Груноў у маленстве
Саша Груноў у маленстве

Што да размоваў, то Вольга Міхайлаўна кажа, што размовы вядуцца найбольш пра агульных гомельскіх знаёмых:

«Калі гутарым, то я расказваю, што тут у нас робіцца — пра агульных знаёмых. А ў яго што там — адно і тое ж, штодзённы рэжым. Устаюць — і да вечара. У турме як у турме — сядзіць з раніцы да вечара».

Вольга Міхайлаўна апавядае, што да апошняга часу сын быў у камэры адзін. На працу яго ня водзяць. У верасьні даслаў ёй ліст, у якім згадаў, што ў яго зьявіўся сукамэрнік:

«Даслаў ліст, у якім расказаў, што нібыта да яго ў камэру пасадзілі нейкага паляка. Дык кажа, што хоча яшчэ вывучыць польскую мову. Больш нічога такога. Нармальна сябе пачувае. Пытаюся: „Саша, ну як тут харчаваньне?“ Адказвае: „Ну як? Як усім!“ Ні на што ён ня скардзіцца, нічога не гаворыць. Ды ён нічога й ня скажа: „У мяне ўсё добра, у мяне ўсё нармальна“».

Аляксандр Груноў (зьлева) у Шклоўскай калёніі
Аляксандр Груноў (зьлева) у Шклоўскай калёніі

Грунова кажа: вельмі добра робяць грамадзкія актывісты, што падымаюць пытаньне пра адмену сьмяротнага пакараньня:

Тых, каго забілі — іх усё адно ня вернеш. А што забойцаў заб’юць — што ад гэтага зьменіцца?

«Я згодная: гэта вельмі правільна. Гэта робяць людзі, якія ўсьведамляюць, што тых, каго забілі — іх усё адно ня вернеш. А што забойцаў заб’юць — што ад гэтага зьменіцца? Нічога ня зьменіцца. Гэта ж будуць такія забойцы, як і яны. Іншая справа, калі б забітых паднялі зь зямлі. А тут ужо ж дзяржава забойца. У Сашы, дапусьцім, была прычына, чаму ён на гэта пайшоў. У іншых, пэўна, таксама. Яны ж ня проста так — не пайшлі, напрыклад, мяне забіваць. Менавіта з-за канфліктаў ідуць і ўчыняюць забойствы... Ой, я нават ня ведаю. Пакараньне яны мусяць панесьці — гэта зразумела. Але не сьмяротнае пакараньне».

Маці асуджанага кажа, што і сын праз адваката, і яна сама зьвярталіся да Аляксандра Лукашэнкі і да генэральнага пракурора наконт адмены сьмяротнага прысуду. Ёй на такія лісты звычайна адказваюць, што існуе парадак абскарджваньня выраку судоў і сама яна не надзеленая такім правам. Гэта могуць рабіць удзельнікі працэсу. Што да сынавых прашэньняў, то пэўнасьці і ў яго пакуль няма. Прынамсі, так ёй распавядаў сын:

«Пісаў і Лукашэнку, і ў камісію нейкую, памілаваньня ці іншую якую. Што там яму адказвалі — канкрэтна ня ведаю. Ёсьць так, як ёсьць — усё на адным месцы, паміж небам і зямлёю. Неяк так».

Адказ Груновай з Адміністрацыі прэзыдэнта
Адказ Груновай з Адміністрацыі прэзыдэнта

24 сьнежня мінулага году калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду паўторна абвясьціла сьмяротны прысуд Аляксандру Грунову за забойства студэнткі з асаблівай жорсткасьцю. Сёлета ў красавіку Вярхоўны суд адхіліў касацыйную скаргу Грунова на адмену расстрэлу.

Перад гэтым кіраўнік дзяржавы, прымаючы генэральнага пракурора Канюка, выказаўся наконт адмены Вярхоўным судом першага сьмяротнага пакараньня Аляксандру Грунову: «Калі ты нягоднік і падонак і ня першы раз учыняеш злачынства, забіваеш чалавека, дык якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакараньне павінны быць адпаведныя. Вазьміце гэта на кантроль. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпэратуру ў грамадзтве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку».

Вольга Грунова хоць і кажа, што надзея памірае апошняй, але вялікага спадзеву на нейкія перамены ў лёсе сына ня мае. У будучую сераду яна наважана ўзяць удзел у сустрэчы з Тамарай Чыкуновай і Тамарай Сялюн, чыіх сыноў расстралялі. Сустрэча ладзіцца ў межах грамадзкай кампаніі «Тыдзень супраць пакараньня сьмерцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG