Пазамінулая праграма пра расстрэл як вышэйшую меру пакараньня за асабліва цяжкае забойства стала самай чытанай «Свабодай у турмах» у жніўні ды набрала найболей водгукаў. Усё, што пішацца пра такія злачынствы ды пакараньні, не застаецца без рэакцыі чытачоў ды слухачоў. Сытуацыя, калі адзін чалавек пазбаўляе жыцьця другога, тычыцца ня толькі права, але і маралі, антрапалёгіі. І тут, як адзначаюць нашы карэспандэнты, падыходы людзей у мантыях ды проста людзей істотна адрозьніваюцца. Канчатковае ж рашэньне адносна пакараньня тых, хто пераступіў мяжу дабра і зла, увогуле належыць адной самай галоўнай асобе. Як казалі ў такіх выпадках у старажытным Рыме, "quod licet Iovi, non licet bovi" – што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку.
Самасуд у Пухавічах. Пасьляслоўе
З допісу нашай сталай чытачкі Галіны:
«Недзе ў 2009-м прэзыдэнт памілаваў некалькіх жыхароў адной вёскі на Гомельшчыне, якія засеклі свайго аднавяскоўца. Іх было, здаецца, чацьвёра, і самы вялікі тэрмін быў крыху большы за пяць гадоў. Многія забойцы ўжо павыходзілі з-за кратаў. Хацелася б ведаць, як памілаваныя пражылі гэты час на волі. Наколькі апраўданы быў такі шырокі гуманітарны жэст?»
Наша праграма пабывала у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну, дзе здарыўся той жудасны самасуд. Але спачатку ўзгадаем саму гісторыю, якая пяць гадоў таму ўскалыхнула Беларусь, а цяпер пакрысе стала забывацца. Тады ў Пухавічах чацьвёра маладзёнаў, сярод якіх адна дзяўчына, па-зьверску забілі аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, бо падазравалі яго ў падпалах стагоў сена ды гаспадарчых пабудоваў. Забілі абухамі сякераў у хмызьняку. Падвечар вярнуліся, аблілі зьнявечанае цела бэнзінам, падпалілі — і рушылі сьвяткаваць новы, 2009 год.
Па факту забойства арыштвалі Сяргея Аліферовіча, Ігара Макарэвіча, Тацяну Юхневіч і Аляксандара Петручэню. Але неўзабаве іх адпусьцілі — умяшаўся прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе сілавікоў ён асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. Да таго ж прапанаваў старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу «ляяльна весьці гэтую крымінальную справу».
Ад таго часу ўсіх чацьвярых вазілі на допыт, а потым і ў суд міліцэйскай машынай ці аўтобусам. Гомельскі абласны суд асудзіў забойцаў Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча адпаведна на пяць і тры гады пазбаўленьня волі. У калёнію іх не адправілі — пакараньне адбывалі пад хатнім арыштам. Дзеяньні памагатых у забойстве — Тацяны Юхневіч і Аляксандара Петручэні — суд перакваліфікаваў на ўкрывальніцтва сьлядоў асабліва цяжкага злачынства. Абое атрымалі па два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу.
Цяпер падчас нашай кароткай сустрэчы галоўны фігурант гучнай справы , Сяргей Аліферовіч, які працягвае жыць у Пухавічах, трымаецца з намі на адлегласьці два мэтры. Размаўляць адмаўляецца — спасылаецца на занятасьць гаспадаркай і дзецьмі. І акурат так, як і перад судом, цьвердзіць: «Усе пытаньні да адваката».
Адзін з жыхароў Пухавічаў, які добра памятае тую рэзанансную справу, распавёў, што, акрамя Аліфяровіча, усе астатнія ўдзельнікі забойства пазьяжджалі зь вёскі хто куды:
Што да забітага Мікалая Макарэвіча, то ня ўсё людзі ў Пухавічах па ім бедавалі, бо шмат хто лічыў яго падпальшчыкам:
"Хто шкадаваў, а хто й не шкадаваў. Але самасуд — гэта кепска. Дабра няма, калі самасуд«.
Яшчэ адзін вясковец, які назваўся Мікалаем, згадвае, што тыя, хто меў на забітага крыўду, нават узрадаваліся, што былога загадчыка фэрмы Макарэвіча, які вярнуўся з турмы і нідзе не працаваў, больш ня стала:
«Каго ён паліў, да каго ноччу прыходзіў, у вокны стукаў і дзьверы рваў, тыя рады былі. За яго тут мала хто быў».
Сястра забітага Мікалая Валянціна Макарэвіч кажа, што пасьля замены забойцам пакараньня на хатні арышт, тыя адчулі сваю перавагу і нават дэманстравалі яе:
«Паводзілі сябе вульгарна ў дачыненьні да нас. Мне шмат было пагрозаў. Аліферовіч мяне аднойчы перастрэў на вуліцы. Разумееце, такое было: узяў бутэльку віна, адкрыў і мне на галаву выліў. Абліў віном. Я не магла адказаць. І дапамогі ад міліцыі няма. Я ніхто. Зьдзекаваўся — гэта было».
Валянціна лічыць, што няхай бы брата судзілі, калі б даказалі віну. А яго 31 сьнежня выпусьцілі зь міліцыі — і зь ім маладыя вяскоўцы расправіліся:
«Я вам прама скажу, хаця можа й груба. Так і мне, мабыць, можна забіць таго Сяргея, Качана, як на яго тут кажуць, ці Ігара таго — і мяне адпусьціць пад амністыю. І я буду пяць гадоў хадзіць і пасьмейвацца. Можна так усіх. Мая мама праз забойства тое памерла — перанесла такую вялікую трагедыю. Разумееце, галавешку, палена забінтаванае, ляльку з крамы „Дзіцячы сьвет“ прывезьлі — брата майго, нябожчыка Мікалая. Ні зубоў, ні носа — сказьнілі так, страўмавалі. І вушы, і верхняя частка галавы зьбіта, зьнятая была. І, прабачце, палавы член адрэзалі. Звыроды! Ну як гэта прэзыдэнт — ты б разабраўся! Цяпер гэты Сяргей, як яго завуць Качан, пасьмейваецца: маўляў, мой прэзыдэнт Лукашэнка — другі бацька хросны, і я магу любога пакараць».
Жанчына распавяла, што другі забойца брата, Ігар Макарэвіч, сам вінаваціў яе ў пагрозах. Быў нават суд:
«Напісаў участковаму, што нібыта я пагражала адпомсьціць. У суд падаў за пагрозы. Праўда, быў суд і мяне апраўдаў. Але ж навошта ты лжывыя паказаньні даваў? Разышліся мы так: сьледчы Касьцючэнка сказаў яму пісаць заяву, што я ні ў чым не вінаватая. І каб больш мяне не чапаў».
Тое, што забойцы (хай сабе яны забілі нават нягодніка) прэзыдэнцкай ласкай былі вызваленыя з-пад адказнасьці і ў выніку ніводнага дня не прабылі ў месцах пазбаўленьня волі, выклікала, мякка кажучы, непаразуменьне сярод юрыстаў, праваабаронцаў, грамадзкасьці… Зь лёгкай рукі былога адваката, а цяпер праваабаронцы Гары Паганяйлы шмат хто характарызаваў тое памілаваньне як прававы маразм. Злачынцы ня проста не атрымалі адэкватнага пакараньня – яны не атрымалі пакараньня ўвогуле...
«Там, дзе правасудзьдзе залежыць ад прэзыдэнта, магчымае ўсё»
Жонка асуджанага на 18 гадоў Пятра Кучуры (недаказанае зьдзяйсьненьне забойства егера на паляваньні ) Людміла ня можа нават супаставіць з гэтай гісторыяй тое, за што на такі доўгі тэрмін асудзілі яе мужа. Але «там, дзе суд залежыць ад прэзыдэнта, магчымае і не такое...Многім дагэтуль незразумела, чаму сьпяшаліся пакараць сьмерцю двух віцебскіх хлопцаў, нібыта выканаўцаў тэракту ў Менскім мэтро. Зь іншага боку, расстрэлу пазьбег асуджаны на „вышку“ сынок судзі з Гомельшчыны (Пра.выпадак некалі пісаў журналіст урадавай „Рэспублікі“ Леанід Юнчык). Сьмяротнае пакараньне рашэньнем Вярхоўнага Суду было адмененае, нягледзячы на ўсю доказнасьць забойства. Генэральная пракуратура потым рабіла нейкія спробы для таго, каб прысуд застаўся ў сіле, але так нічога не дамаглася. Гісторыя ж з памілаваньнем пухавіцкіх забойцаў увогуле з шэрагу сюррэалістычных».
Паводле Людмілы, «гэта цалкам наўмыснае злачынства, што ў свой час прызналі самі асуджаныя, увогуле цягне на пажыцьцёвае. Гэтыя забойцы сацыяльна небясьпечныя. Яны і раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці. Нехта зь іх на той момант нават быў асуджаны, але толькі без адбыцьця тэрміну ў калёніі закрытага тыпу. Ці могуць яны спакойна гуляць на волі?».
Тым часам на пажыцьцёвым, — дадае мая суразмоўца, — сядзяць тыя, хто асуджаны несправядліва ці ў выніку прыцягнутага абвінавачваньня.
Людміла Кучура адзначае, што ў шэрагу інтэрнэт-публікацыяў ёй сустракаліся наступныя зьвесткі: сваю віну не прызнаюць 49% абвінавачаных у забойстве. (Раней было 37%.). Сярод гэтых людзей нямала тых, хто ўвогуле не рабіў такога цяжкага злачынства. А ёсьць такія, хто сапраўды забіў чалавека, але ў СІЗА пад ціскам сьледчых, а прасьцей кажучы – пад катаваньнямі мусіў даць паказаньні, што нібыта датычны да іншых забойстваў. Пра гэта ёй пісалі і самі асуджаныя, зь якімі Людміла цягам 10 апошніх гадоў вяла ліставаньне
«Тыя на ПЗ, з кім я ліставалася (некаторыя за гэты час памерлі ) прызнаваліся, што нават пісалі звароты да прэзыдэнта аб замене іхняга прысуду на расстрэл – настолькі там невыносныя ўмовы ўтрыманьня, зь няспыннымі зьдзекамі ды катаваньнямі. Гэта сапраўднае пекла. Зразумела, большая частка грамадзтва, хутчэй за ўсё, рада такому абыходжаньню з забойцамі. Але ж… Калі мы маем справу зь несправядлівым ці нацягнутым прысудам?»
Так здарылася, напрыклад, з адным вязьнем-пажыцьцёвікам, віна якога, таксама як і віна мужа Людмілы, палягала толькі ў тым, што ён паляваў ня ў тым месцы і ня ў той час. У выніку шматлікіх апэляцыяў вязьня суд усё ж быў вымушаны перавесьці яго ў калёнію на строгі рэжым ды скараціць тэрмін зьняволеньня да 17 гадоў.
«Такіх як ён на пажыцьцёвым ні адзін і ні два. Пасьля таго як яму, адзінаму ў гісторыі крымінальнай Беларусі, адмянілі пажыцьцёвае, у іншых пэзэшнікаў зьявілася надзея на нейкі перагляд справы…», – адзначае Людміла Кучура
Рэчы расстралянага сына маці чакала некалькі месяцаў
Яшчэ на пачатку вясны на пажыцьцёвае як на нейкі цуд прэзыдэнцкага памілаваньня спадзявалася і невялікая сям’я зь Вілейкі. Сёньня маці расстралянага ў красавіку Паўла Селюна жыве як пустэльніца. Вельмі рэдка пакідае сьцены дому, дый тое – дзеля найпільнейшай патрэбы. Нядаўна яна мусіла заехаць у Горадню, у абласны суд.
...Была жнівеньская раніца, у Горадні з ночы было прахалодна, хоць паказалася сонца, рэзкі вецер рабіў надвор’е няўтульным... Перш па ганку Гарадзенскага абласнога суду, што на вуліцы Карбышава, спусьціліся праваабаронцы Раман Юргель і Ўладзімір Хільмановіч з пакункамі, у якіх былі рэчы расстралянага за падвойнае забойства Паўла Селюна. Абодва яны прысутнічалі пры выдачы гэтых рэчаў ягонай маці Тамары Сялюн.
Наступіла паўза, больш ніхто не выходзіў. Раптоўна дзьверы судовага будынку расчыніліся. Невысокая жанчыла, як здалося, выйшла сьпінай наперад, Паветра быццам разрэзаў жахлівы лямант: «Будзьце вы прокляты!» Усе, хто быў побач з судом, былі прыгаломшаны. Ужо спусьціўшыся з ганку. яна пракрычала гэта яшчэ некалькі разоў на ўсю вуліцу, павярнуўшыся да вокнаў: «Будзьце вы прокляты!»
Ужо пазьней, на аўтобусным прыпынку, супакоіўшыся Тамара Сялюн расказала аб тым, што толькі з дапамогай праваабарончага цэнтру «Вясна» ёй праз чатыры(!) месяцы пасьля расстрэлу ўдалося атрымаць рэчы сына-нябожчыка.
Што адчувае яна цяпер, атрымаўшы гэтыя рэчы?
Сялюн: «А што я магу адчуваць? Я не ўсьведамляю, што сына няма, разумееце? Для мяне ён ёсьць, таму што я ня бачыла яго мёртвым, І для мяне ён жывы, таму што да той пары, пакуль я ня ўбачу ягонага цела, я ня буду верыць, што гэта так, што гэта такое адбылося. Гэты боль са мной застаецца кожную сэкунду».
Сьведкам здарэньня перад абласным судом быў Віктар Сазонаў з гарадзенскай «Вясны». Ён дапамагаў Тамары Селюн несьці пакункт, стараўся яе супакоіць.
Сазонаў: «Колькі ўжо гэтых сваякоў расстраляных, якія пішуць першым асобам — аддайце хоць цела ці пакажыце магілку. Гэта ж так проста — адмяніць гэтую страшную сталінскую традыцыю. Нашто дзяржаве гэтае цела? А тым больш рэчы расстралянага? Вось прыехала зараз гэтая жанчына па рэчы сына. З сабой прывезла тое, што можа пра яго напомніць — яго фоткі, тыя ж лісты, якія ён пісаў з турмы. Напісаны яны па-беларуску. Пачытаўшы іх, я сам ледзь ня плакаў. Бачна, што чалавек гэта разумны».
Праўдападобна, Павал Сялюн быў першым сьмяротнікам, які пісаў з турмы на беларускай мове. У апошняй паштоўцы, датаванай 18 красавіка (за два дні да сьмерці) чытаем: «Вітаю, дарагая матуля!», далей перапісаны рускамоўны верш. У дужках зьнізу пазначаны аўтар — паэт ХІХ стагодзьдзя Афанасі Фет. Заканчваецца ліст словамі: «У мяне добра ўсё. Не хвалюйся дарэмна. Не турбуйся наконт зьнешняга, матэрыяльнага.
Беражы сябе».
Сазонаў: «Бачна, што гэты хлопец шмат чытаў, займаўся самаадукацыяй... Маці ўспамінала пра яго толькі добрае... Канечне, зрабіў ён нешта страшнае. Але, тым ня менш, калі глядзець душу чалавека, яшчэ раз пераконваесься, што сьмяротнага пакараньня ўсё ж такі быць не павінна. І чалавек мусіць мець шанец на жыцьцё, на ўласнае перавыхаваньне. Безумоўна, небясьпечных злачынцаў трэба ізаляваць ад грамадзтва. Расстрэлаў у Беларусі быць не павінна. Інакш гэта кладзецца на душу кожнага беларуса, таму што кожны мае дачыненьне да кожнага забітага. І калі па судовай памылцы, якую ніхто не адмяняў, ці нейкай іншай прычыне чалавек расстраляны несправядліва, то кожны беларус нясе за гэта адказнасьць»
«Асуджаныя на ПЗ павінны забясьпечвацца працай»
Былы адвакат, а цяпер праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка трымаецца думкі, што забойцаў кшталту расстралянага Селюна ўсё ж трэба лячыць, а не караць.
Сапелка: «Ёсьць розныя псыхіятрычныя лякарні, якія паводле ўмоваў бясьпекі ніколькі не саступаюць пэнітэнцыярным ўстановам. А што тычыцца такога моманту як гуманізацыя, то яны нават і далей стаяць, бо калі вязень мае нейкія дзейсныя інструмэнты, напрыклад, напісаньне скаргаў, то кожная скарга хворага проста ляжа ў яго мэдычную картку».
Павал Сапелка перакананы, што на сёньняшні дзень пажыцьцёвае зьняволеньне – рэальная альтэрнатыва расстрэлу. Па-першае, яно выконвае функцыю самай працяглай ды найбольш надзейнай ізаляцыі злачынца ад грамадзтва. Зь іншага боку, той, хто трапляе на ПЗ, мае хоць нейкую надзею на вызваленьне, мару, да якой ён можа імкнуцца, а таму вымушаны адбываць свой час пакараньня з максымальнай павагай да закону ды турэмных правілаў. Іншымі словамі, у такім прысудзе знойдзены пэўны балянс.
Паводле Паўла Сапелкі, у беларускіх пэнітэнцыярных установах, згодна зь міжнароднымі абавязаньнямі, не павінны парушацца нормы ўтрыманьня вязьняў за кратамі. Тым ня менш, пажыцьцёвае пакараньне ў Беларусі, на думку юрыста, паводле сваіх умоваў ня горшае за вязьніцы той жа Цэнтральнай Амэрыкі. Хоць, зразумела, гэта ня тыя ўмовы, якія стварылі ў Нарвэгіі тэрарысту Брэйвіку.
— Але пажыцьцёвае пакараньне забойцаў у большасьці іншых краінаў мае ўсё ж нейкі сэнс для грамадзтва. Так, у Нарвэгіі з такімі злачынцамі працуюць псыхолягі, каб даць бацькам ды настаўнікам неабходныя веды пра тое, калі, пры якіх паводзінах дзіцяці трэба біць трывогу ды зьвяртацца да адмыслоўцаў… Не кажу ўжо пра тое, што ў большасьці замежных турмаў цывілізаваных краінаў пажыцьцёвікі працуюць. Ці нейкую мэту, акрамя ізаляцыі злачынцы на ПЗ, дзяржава перад сабой ставіць?
Сапелка: «Тое, што асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне ў нашай краіне не забясьпечваюцца працай – гэта недапрацоўка айчыннай пэнітэнцыярнай сыстэмы. Падобныя ўстановы павінны стварыць такія працоўныя месцы, якія б не дазволілі вязьням наносіць сабе ды іншым фізычную шкоду, а таксама адпавядалі ўмовам падвышанай бясьпекі… Так, для гэтага патрэбна больш укладаньняў, але ж грамадзтва віннае ім, бо людзі гэтыя не прыляцелі да нас з Марсу, як правіла, не прыехалі сюды зь іншых краінаў. Гэты мы іх такімі выхавалі…»
Ці можа быць пажыцьцёвае пакараньне за забойства альтэрнатывай расстрэлу? Ці павінны пажыцьцёвікі працаваць і ці ёсьць неабходнасьць, каб зь імі працавалі адмыслоўцы-псыхолягі? Такая тэма апытаньня мінакоў на вуліцах Магілёва.