Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч: Чакаем і молімся, каб Папа прыехаў у Беларусь


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч

Напярэдадні Нараджэньня Хрыстовага Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з прадстаўнікамі каталіцкіх і сьвецкіх СМІ. Паводле традыцыі, кіраўнік каталіцкага касьцёлу адказаў на пытаньні журналістаў, падзяліўся аплаткай і перадаў усім свае пажаданьні на новы год.

Сустрэча з журналістамі напярэдадні сьвята Нараджэньня Хрыстовага і Новага году — традыцыя, якую Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў, узначаліўшы касьцёл у Беларусі. Яшчэ раней арцыбіскуп таксама сустракаўся з мэдыкамі, будаўнікамі, прадпрымальнікамі і дзяржаўнымі службоўцамі.

Сярод галоўных падзеяў году арцыпастыр назваў высьвячэньне трох новых біскупаў і адзначэньне 100-годзьдзя кардынала Казіміра Сьвёнтка, сярод нетрадыцыйных для касьцёла — чэмпіянат Эўропы па футболе сярод сьвятароў. Сярод пытаньняў, якія цікавілі журналістаў — ці магчымы прыезд Папы Рымскага ў Беларусь, і якія адносіны касьцёла да намаганьняў Беларускай праваслаўнай царквы атрымаць большае самакіраваньне. На гэтыя пытаньні мітрапаліт адказаў гэтак:

«Чакаем і молімся, каб Папа прыехаў у Беларусь, але для гэтага, як ведаеце, патрэбнае афіцыйнае запрашэньне ўладаў, а таксама запрашэньне альбо выразна выказаная згода канфэсіі большасьці. Такой канфэсіяй зьяўляецца Беларуская праваслаўная царква. Таму тут накладваюцца некалькі не залежных ад каталіцкага касьцёла элемэнтаў. Але молімся, спадзяёмся, жывём надзеяй. Адносна самакіраваньня Беларускай праваслаўнай царквы, я прытрымліваюся такога правіла, што „са сваім статутам ня лезь у чужы манастыр“. Калі яны гэтак мяркуюць, калі такое рашэньне будзе прынятае — то гэта іх рашэньне. Гэта справа праваслаўнай царквы — выбіраць свой шлях».

Тадэвуш Кандрусевіч таксама падзяліўся плянамі дзейнасьці касьцёла ў наступным годзе, у тым ліку — пра ўсталяваньне на Сьвятой зямлі трэцяй беларускамоўнай шыльды з тэкстам малітвы «Магніфікат». Таксама, адказваючы на пытаньні журналістаў пра абвешчаныя пляны заснаваць у Менску каталіцкую тэалягічную акадэмію, у складзе якой былі б сэмінарыя і тэалягічная школа для людзей сьвецкіх, арцыпастыр не хаваў праблемаў з рэалізацыяй гэтых плянаў:

«Такая ідэя ў нас ёсьць, але, каб штосьці распачаць, напачатку неабходна атрымаць рэгістрацыю. Але, на жаль, дзьве спробы атрымаць рэгістрацыю былі безвыніковымі. Галоўная праблема — няма памяшканьня, няма будынку. Але ў мяне паўстае іншае пытаньне: як я магу мець будынак, прасіць зямлю пад яго ўзьвядзеньне, нават набыць, калі б на тое былі грошы, ня будучы юрыдычнай асобай? Як мы просім дазвол на пабудову касьцёла? Ня проста ж так — сабраліся і папрасілі. Напачатку рэгіструецца парафія, зьяўляецца юрыдычны адрас. Касьцёла яшчэ няма, але парафія зарэгістраваная — ёсьць юрыдычная асоба — і тады накіроўваецца просьба пра выдзяленьне пляцу пад будаўніцтва. Дзякаваць Богу, такія пляцоўкі мы атрымалі, і нямала, у Менску — дзесяць. Але ў гэтым выпадку закон глядзіць крыху інакш. Ну і зараз мы вядзем перамовы з уладамі — так стаіць пытаньне».

На завяршэньне сустрэчы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч традыцыйна падзяліўся з журналістамі аплаткай — кавалачкам белага хлеба — як сымбалем нованароджанага Хрыста. А таксама павіншаваў усіх з нагоды будучых сьвятаў:

Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:29 0:00

«З нагоды сьвята Божага нараджэньня хацеў бы павіншаваць усіх — каталікоў і ўсіх, хто будзе сьвяткаваць разам з намі, а таксама нашых братоў і сёстраў праваслаўных, якія рыхтуюцца да гэтага ж сьвята і праз два тыдні будуць яго адзначаць. Я жадаю таксама ўсім мас-мэдыям, каб дзякуючы вам наш народ убачыў Езуса, які прыходзіць, каб адчыніў дзьверы нашых сэрцаў, і яны сталіся Бэтлеемам нашых дзён. Радасных і вясёлых, поўных Божай ласкі, сьвятаў і шчасьлівага новага году».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG