Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б у нас было самакіраваньне, мітрапаліт Павал ня быў бы кіраўніком БПЦ, — Натальля Васілевіч


Менскі праваслаўны катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу
Менскі праваслаўны катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал заявіў пра неабходнасьць большай самастойнасьці Беларускай праваслаўнай царквы — наданьня статусу самакіраваньня БПЦ. Адмыслоўцы заяўляюць, што гэта ініцыятыва мае малыя шанцы быць увасобленай у жыцьцё.

Пра патрэбу наданьня статусу самакіраванай царквы для БПЦ мітрапаліт Павал заявіў падчас сходу эпархіі Менскай мітраполіі ў прысутнасьці пяці дзясяткаў прадстаўнікоў вышэйшага духавенства. Пры гэтым арцыпастыр спаслаўся на прыклады Эстоніі, Латвіі, Малдовы, дзе праваслаўныя цэрквы маюць большую самастойнасьць, а таксама назваў Беларускую праваслаўную царкву трэцяй найбуйнейшай пасьля Расейскай і Ўкраінскай, якой таксама неабходная большая самастойнасьць. Прэсавы сакратар БПЦ а. Сяргей Лепін пацьвердзіў гэты факт:

«Гэта так, але ў нас яшчэ не гатовая ўся інфармацыя адносна ўчорашніх падзеяў. Яна будзе апублікаваная цягам дня».

Айцец Сяргей Лепін, а таксама іншыя сьвятары ў Беларускай праваслаўнай царкве ініцыятыву мітрапаліта пакуль не камэнтуюць. Тым часам, гэтая прапанова была падтрыманая ўдзельнікамі сходу і ўвайшла ў выніковы дакумэнт паседжаньня з фармулёўкай «Прасіць Высокую Сьвятасьць Мітрапаліта Паўла паставіць перад Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы пытаньне пра магчымасьць наданьня БПЦ статуса самакіраванай царквы ў складзе Расейскай праваслаўнай царквы».

Леанід Акаловіч
Леанід Акаловіч

Сьвятар непрызнанай царкоўнымі і сьвецкімі ўладамі Аўтакефальнай праваслаўнай царквы а. Леанід Акаловіч кажа, што незалежна ад сур’ёзнасьці намераў, мала спадзяваньняў, што ідэя самакіраваньня стане рэальнасьцю:

«Яны ўздымаюць пытаньне, бо, пэўна, бачаць, што ва Ўкраіне лёс Расейскай праваслаўнай царквы можа быць вырашаны не на карысьць Масквы. І, каб пазьбегнуць тут беларускай аўтакефаліі, беларускай нацыянальнай думкі і духоўнасьці ў царкве — даць, нібыта, такую аўтаномію. Я думаю, што гэта хітры ход Расейскай праваслаўнай царквы, каб трымаць нас, беларусаў, „у аглоблях“. Таму ён і гуляецца зь беларускімі сьвятарамі. Пры Пуцінe яны ня выпусьцяць Беларусь праваслаўную з-пад Масквы».

Надзённая ініцыятыва мітрапаліта Паўла трапна ахарактарызавала даўнія настроі вялікай часткі духавенства, калі меркаваць, што прамову арцыпастыра прысутныя духоўныя герархі некалькі разоў перапынялі авацыямі. Аднак пры цяперашнім статусе Сыноду БПЦ, нават зьвяртацца з ініцыятывамі да вышэйшага кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы можна толькі з дазволу патрыярха. Але галоўнае пытаньне — адкуль паходзіць ініцыятыва мітрапаліта Паўла і хто яе падтрымлівае, кажа кіраўніца інтэрнэт-сайту «Царква», палітоляг і багаслоў Натальля Васілевіч:

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

«Магчыма, што пытаньне пра большую аўтаномію і большы статус можа прасоўвацца беларускім рэжымам — Лукашэнкам. Большая статуснасьць Беларускай праваслаўнай царквы дае большую статуснасьць беларускай дзяржаве. А па-другое, гэта дазваляе зрабіць царкву больш кіраванай унутры Беларусі — дзяржава можа больш ціснуць на царкву ў нейкіх сваіх мэтах, у тым ліку палітычных.

Таксама хачу адзначыць, што калі паўстала пытаньне пра новага кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы, то Масква не палічыла патрэбным нават пракансультавацца і пацікавіцца меркаваньнем беларускіх біскупаў і беларускага Сыноду адносна кандыдатуры кіраўніка. І прыслала правінцыйнага біскупа, каб паставіць кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы. Гэта паказвае, што які б статус ні быў, але тое, як Масква ставіцца да магчымага самакіраваньня БПЦ, — мы бачым паводле стылістыкі гэтага рашэньня. Калі б у нас было магчымае самакіраваньне, мітрапаліт Павал ня быў бы цяпер кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG