Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз аб’явіў конкурс акадэмічных стыпэндыяў для беларускіх выкладчыкаў і дасьледчыкаў, якія зазналі рэпрэсіі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Эўразьвяз у рамках праграмы «EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’явіў конкурс на атрыманьне акадэмічных стыпендыяў для беларускіх дасьледчыкаў, выкладчыкаў і дактарантаў, якія пацярпелі праз сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю.

Мэты конкурсу — даць магчымасьць беларусам, якія зазналі пагрозы і рэпрэсіі паводле палітычных матываў, працягваць сваю акадэмічную і/або пэдагагічную дзейнасьць, паглыбляць веды, наладжваць прафэсійныя кантакты ў краінах ЭЗ; садзейнічаць акадэмічнай мабільнасьці беларускіх выкладчыкаў, навукоўцаў і дактарантаў і падтрымаць тых, хто вымушана выехаў у Эўразьвяз праз палітычны перасьлед.

Падаць заяўку могуць беларусы, якія пацярпелі (самі ці іх бліжэйшыя сваякі) ад перасьледу, пагрозаў, рэпрэсіяў ці звальненьня па палітычных матывах падчас і пасьля пратэстаў 2020 году і цяпер жывуць у Беларусі або краінах ЭЗ ці адной з краін Усходняга партнэрства (Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, Малдова, Украіна) — пры ўмове, што яны выехалі зь Беларусі не раней за жнівень 2020 году.

Стажыроўка або правядзеньне дасьледаваньня можа праходзіць з 28 красавіка 2025 году да 31 жніўня 2026 году. Агульная яе працягласьць можа складаць ад 100 да 300 каляндарных дзён.

Стыпэндыя пакрывае выдаткі на арганізацыю навуковага стажаваньня або правядзеньне дасьледаваньняў ва ўнівэрсытэтах або дасьледчых цэнтрах краін ЭЗ: удзел у сэмінарах, правядзеньне лекцыяў, збор неабходнай інфармацыі для дасьледаваньняў, чытаньне гасьцявых лекцыяў і інш.

Заяўкі прымаюцца да 15 студзеня 2025 году.

Падрабязнасьці па спасылцы.

Падчас працоўных візытаў у краіны Эўразьвязу дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская нярэдка ўздымае на сустрэчах пытаньні падтрымкі беларускіх навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў, якія зазналі рэпрэсіі на радзіме і былі вымушаныя выехаць за мяжу: у прыватнасьці запуск новых праграм для беларускіх навукоўцаў, фінансавую падтрымку навуковых ініцыятываў, павелічэньне колькасьці стыпэндыяў і стажаваньняў для беларускай моладзі і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG