У Фэйсбуку праходзіць акцыя, значнасьць якой цяжка пераацаніць: Жанчыны і дзяўчаты распавядаюць пра тое, як яны зазналі сэксуальны гвалт. Многія зь іх упершыню кажуць пра гэта ўголас. Свае гісторыі публікуюць у сеціве пад хаштэгамі #янебоюсьмказати #янебаюсясказаць #янебоюсьсказать
Ініцыятарам акцыі стала ўкраінская сацыяльная актывістка Анастасія Мельнічэнка, якая напісала ў сябе на старонцы:
Я хачу, каб сёньня гаварылі мы, жанчыны. Каб мы гаварылі пра гвалт, які перажыла бальшыня з нас. Я хачу, каб мы не апраўдваліся — «я ішла ў трэніках сярод белага дня, а мяне ўсё роўна схапілі». Таму што нам ня трэба апраўдвацца. Мы не вінаватыя, вінаваты ЗАЎСЁДЫ гвалтаўнік.
Я не баюся казаць. І я не адчуваю сябе вінаватай.
За гэтымі словамі быў аповед актывісткі пра выпадкі зь яе ўласнага жыцьця, які запусьціў лавіну падобных прызнаньняў ва ўкраінскай частцы Фэйсбуку — пад тэгам #яНеБоюсьСказати.
Беларускі таксама далучыліся да акцыі:
Сьвятлана
Многія не баяцца сказаць - ня могуць. Вось і я падрабязнасьцях не магу. Зноў правесьці сябе празь перажытае: гэта піпец цяжка. Таму малайцы тыя, хто зрабіў сур'ёзны высілак і змог. Калісьці ў жж мяне раз прабіла і я таксама змагла распавесьці пра айчыма-садыста, яго "Армагедон" для нас, пацалункі ў засос, два тыдні ў шпіталі... Пасьля таго, як ён нарэшце зьнік з нашага жыцьця, я пару гадоў знаходзілася ў ступары, а потым узялася за сябе. Стала хадзіць на рукапашку, упрасіла трэнэра ўзяць мяне бясплатна ў сэкцыю, бо бабла не было ад слова "зусім". Штудзіравала кнігі Анатоля Тараса. Рабіла заточкі, адзін час цягала з сабой нунчакі нават. Раз гэта ўсё дапамагло адбіцца ад віетнамца, які спачатку прапаноўваў спартовы касьцюм наўзамен за сэкс, а потым "ну ня хочаш, як хочаш" і паспрабаваў сілай ... Найбольш складана адбіцца ад таго, каму давяраеш і ад каго не чакаеш, ступар робіць цябе зусім безабаронным/ай ..
Fair
Баюся, але трэба сказаць дзеля дзяўчынак, якія таксама праз гэта прайшлі. Дзеля тых, хто загінуў ад рукі гэтага чалавека. Суд. Ён згвалціў і зарэзаў дваіх, Адна дзяўчынка звар'яцела, але засталася жывая. Уратавалася і засталася ў прытомнасьці толькі я — простая таму, што знайшла ў сабе сілы гаварыць з гэтым гвалтаўніком, скрозь яго пальцы, якімі ён заціскаў мне рот і разьдзіраў твар у кроў. Паўгоду мне прывозілі ў школу фатаграфіі, на якіх я павінна была пазнаць Яго. Потым — скрозь люстраное шкло выбраць яго ўжо зь пяці Чалавек. Потым — гаварыць на судзе, быць адзінай жывой І здаровай пацярпелай і глядзець у вочы бацьку, дзяцей якому ўжо ня вярнуць. Мне было 13. Я ніколі гэта не забуду.
Сьвятлана
Мабыць, я ўсё ж напішу #янебоюсьсказати. Бо ніхто заміж мяне гэтага ня скажа. Змалку я мела сваю сэрыю ніхарошых эпізодаў, і гэта спачатку прывяло мяне ў лютую мізагінію. Мне было агідна належаць да гэтага слабага, пагарджанага полу, да падлюдзей, якіх можна ўпэцкаць так лёгка і так неадмыўна. Таму што сэксуальны гвалт страшэнна пэцкае і выварочвае, яго не параўнаць са зьбіцьцём. Гвалт гэты, пагарду да "баб" я бачыла паўсюдна. Дзесяцігодзьдзямі я гаварыла сабе: цябе гэта ня тычыцца, ты не зусім жанчына. Ды што там, ты зусім не жанчына. Ня слабы пол, не маляўка і ня тая, каго можа абгадзіць і зламаць навек. Прайшлі дзесяцігодзьдзі, але і дагэтуль мізагінія ляжыць ува мне глыбока. Чаму? - думала я, пакуль мне не абрабавалі дом. Калі ўбачыш свой разораны дом, дзе твае дзёньнікі і першыя валасы твайго сына валяюцца пад бруднымі чыімісьці сьлядамі, ты да канца не зразумееш, што такое ўварваньне ў чужыя межы. Цела - ня проста дом, а адзіны і апошні. Менавіта таму такія частыя самагубствы і ПТСР у згвалтаваных - у іх няма дому, дзе ўкрыцца. Іх дом навекі згнюшаны. Як у Віталя Біянкі быў аповед - аднойчы ў гнязьдзечка мышаняці Піка прыйшоў вялікі сьлізкі сьлімак. Пік адмыў домік ад сьлізі, але жыць у ім ня змог. І гэта не фанабэрыя. Адны выжываюць, а другія ня могуць.
P.S. Або зьмяняюць сваю прыроду, адмаўляюцца ад яе.
Алена
Год у 9-11 мае ногі ў савецкіх дзіцячых калготках абмацваў у аўтобусе нехта, лез пад спадніцу, я не магла зразумець хто і ня ведала, што рабіць. Я аглядалася, думаючы, што гэта нейкі дурань-аднагодак, але вакол шчыльна стаялі толькі дарослыя.
- Мальчик! - абурана выгукнула я ня вельмі гучна неіснуючаму хлопчыку амаль перад тым, як аўтобус спыніўся. Маме, зь якой я ехала, я не змагла нічога патлумачыць.
Калі ў мяне яшчэ толькі крыху прыпухлі смочкі, на карʼерах, куды я прыйшла купацца разам зь сямʼёй да мяне пачаў чапляцца дарослы мужчына, казаць ліпкасьці. Я, малое дзіцё, была толькі ў купальных трусах. Адстаў, калі я адыйшла ад яго да людзей. Нікому не казала. Папрасіла маму купіць мне закрыты купальнік.
У 14 мяне разглядалі як кандыдатку ў моладзевую зборную Беларусі па валейболе. Я разам зь дзяўчынкамі-аднагодкамі з іншых гарадоў Беларусі жыла ў гатэлі "Дружба" на Талбухіна. Аднойчы ўвечары нас усіх сабралі ў адным пакоі два трэнэры, сівы пажылы, які трэніраваў жаночую зборную, і кучаравы памаладзей, які займаўся намі. Сказалі, што будуць правяраць асанку, і мы ўсе мусім распрануцца па пояс. Кучаравы заўважна троху трусіў, сівы яго падбадзёрваў, гаварыў з намі дзелавым тонам. Мы разумелі, што яны робяць нешта ня тое вечарком у гатэлі, але неяк не маглі запярэчыць старэйшым. Мне толькі правялі рукамі па сьпіне, астатнім - ня памятаю. Было гадка.
Пра сівога казалі, што ён лапае старэйшых дзяўчат з моладзевай зборнай, якую трэніраваў. Пра адну дзяўчыну казалі, што яна з ім цалуецца, ён садзіць на калені. Рыхтавацца ў зборную я адмовілася, мне не спадабалася на зборах. А так бы жыла ў спортінтэрнаце ў Менску, залежная ад тых дзядзяў. Маю прыяцельку таксама не аддалі туды, яе маці заўважыла, што той стары трэнэр гладзіў дзяўчынку па калене проста падчас сумоўя.
У 17 я вярталася ўвечары дадому праз школьны стадыён, была пакрыўджаная і вельмі злая. Джынсы, куртка. Позна заўважыла, што ля хмызоў мяне чакаюць двое, я зразумела для чаго. Бегчы назад н мае сэнсу -- дагоняць, а там бязьлюдней, чым наперадзе. Забрала валасы ў хвост і пайшла наперад. З той яшчэ астатачнай злосьцю думала, што зараз буду біцца, крычаць, што проста так ня дамся. Мяне схапілі за рукаў, я рэзка торгнула руку і вырвалася. І не пабегла ад іх, а пайшла далей, не мяняючы тэмпу. У сьпіну пачула агаломшанае "Крутая што лі?" Толькі выйшаўшы да гаражоў, дзе асьветлена, і людзі, зразумела, што толькі што выйшла зь вялікай небясьпекі, у мяне падкасіліся ногі. Калі б не была тады злая, спалохалася, стала б уцякаць, невядома, як бы ўсё скончылася.
Для таго, каб цябе разглядалі, як абʼект, якім можна пакарыстацца для задавальненьня мужчынскіх сэксуальных патрэб, не трэба рабіць нічога асаблівага, дастаткова проста быць дзяўчынкай, дзяўчынай, жанчынай.
Я насьмелілася, ідучы, есьці марожанае.
- А х** так можешь?..
Пра сытуацыі гвалту над сяброўкамі я маўчу.
Пра тое, што мне трэба дбаць пра сваю бясьпеку таму што я жанчына, я памятаю штодня.
Аліна
у любой формы гвалту і агрэсіі ў цэлым ёсьць два пеклы: калі яно здараецца і калі ўсьведамляеш, што здарылася.
гвалт — гэта ня момант, а стан, які разьвіваецца падобна да сьнежнага кому: момант да яго — са страхам, няшчасьце падчас яго — са страхам і болем, усё жыцьцё пасьля — са страхам, болем і сорамам. яно здараецца назаўжды, нават калі прайшло шмат гадоў, нават калі нішто не нагадвае. яго нельга да канца вымавіць, выплакаць, замаліць, замаўчаць і забыть. яго можна выцесьніць або ўсьвядоміць. і ў любым выпадку, жыць далей ня так, як да. ключавое пачуцьцё — страх, галоўная перамога — уменьне зь ім працаваць і кіраваць. гэта нармальна — так ніколі не перамагчы
#ЯнеБоюсьСказати
Ганна
Гэты флэшмоб вельмі круты менавіта тым, што ты пачынаеш разумець: ад таго, што здарылася з табой, табе не мусіць быць сорамна. Расказваць такія гісторыі — не табу, а нармальная рэч, і калі б усе гэта ведалі, магчыма, гвалту было б нашмат менш. Пакуль праблема нябачная, яе нібыта і няма, пакуль праблема гвалту нябачная, фемінізм здаецца многім людзям (перадусім мужчынам, нават тым, хто ніколі не зробіць нічога кепскага) чымсьці бязглуздым і непатрэбным.
Калі мне было гадоў 12, нейкі мужчына схапіў мяне на вуліцы, проста каля майго пад’езда, і кудысьці панёс. Мне было вельмі страшна, і гэты страх мяне паралізаваў, а вакол ніхто не рэагаваў. Праз некаторы час ён паставіў мяне на зямлю, і я пабегла ад яго прэч.
Калі мне было 18, вечарам на прыпынку нейкі мужчына паспрабаваў сілай зацягнуць мяне ў машыну. На прыпынку было шмат людзей, ніхто на гэта не звярнуў увагі. Помню, што адбівацца давялося досыць сур'ёзна.
Пару гадоў таму да мяне на бульвары Талбухіна падышоў падлетак і спытаў, колькі часу. Я адказала, пасля чаго ён папрасіў у мяне грошай. Я адмовілася даваць яму грошы, і тады ён схапіў мяне ніжэй за талію. Я вырвалася, крыкнула: “Прыбяры лапы!” Вакол, на жаль, нікога не было, але быў дзень. Я вельмі шкадую, што не змагла ўдарыць яго так, каб яму было балюча, бо гэта яму, а не мне, мусіла быць пасля той сітуацыі кепска.
Гэта не самыя трэшовыя гісторыі з майго жыцця, на больш трэшовыя духу ў мяне не хопіць. Мне вельмі страшна ўсё гэта пісаць, але я хачу падтрымаць тых, што ўжо расказалі свае гісторыі, а таксама паказаць, што такія рэчы здараюцца на кожным кроку. Быць жанчынай — часам сапраўды цяжкае і непрыемнае выпрабаванне.
Юлія
Калі мне было 19, мяне згвалціў сябра сям'і маёй сяброўкі. Я не магу пра дэталі, але я ніколі на забуду яго твар над сабой. І яго званкі, і погляды на вуліцы, і як трэба было ціснуць зь сябе "прывітаньне". Таму што нічога не было, таму што нічога не магло быць. Гэта першы, але не апошні раз, калі МНЕ было сорамна, жудасна, гідка, агідна, страшна. Я не хачу, каб вы мяне зараз пашкадавалі, я хачу, каб гэта спынілася. Каб мы навучылі сваіх дзяўчынак, што яна і толькі яна можа распараджацца сваім целам. Каб мы навучылі сваіх хлопчыкаў, што яе жаданьне гэтаксама важна, як і яго, інакш - гэта злачынства.
Я моцна ганаруся кожнай, хто кажа пра гэта цяпер. І ганаруся сабой. Я так доўга пра гэта маўчала.
Марыя
Гэты шэраг гісторый уражвае, і ў маёй памяці таксама ўсплываюць дзьве. Ня гвалту, але дамаганьні.
У 14 гадоў зімой іду на курсы, ужо цёмна, 17 вечара, і каб выйсьці да прыпынку, трэба прайсьці адзін двор. Чую, як ззаду раздаюцца галасы двух хлопцаў. Можа гадоў 17-18. Я ледзь хутчэй пачынаю ісьці, яны таксама паскараюцца і сьмяюцца. А потым даганяюць і пачынаюць чапаць мяне. Я вырываюся (балазе, яны не асабліва трымалі, і ўсё адбываецца звышхутка) і выбягаю на асьветлены ўчастак. Еду на курсы, нікому нічога не распавядаю, але тое пачуцьцё падпаленых шчок, абурэньня і зьняважанасьці (так, менавіта гэтае пачуцьцё) я добра памятаю і цяпер.
І потым гадоў у 16 была яшчэ адна ў транспарце. Не абарочвалася, асобы ня бачыла, толькі чакала, калі ж будзе прыпынак, каб бегчы, бегчы.
Пісаць пра гэта нязвыкла і няпроста. Толькі ведаю, што пра гэта важна казаць.
Маргарыта
Ой, зусім забылася: яшчэ аднойчы было, што ў натоўпе адзін дзіўны грамадзянін аб мяне мастурбаваў.
Сымптаматычна ж тое, што вядома ж, я зноў абвінаваціла сябе. За расеянасьць. Таму што, ня выспаўшыся, засынала стоячы - ну і не адразу заўважыла, што там такое ззаду дзіўна трасецца. Успрыняла гэта як прытчу: варта толькі расслабіцца, як нехта цябе ўжо мае.
Маргарыта
У сувязі з флэшмобам я не баюся, а хачу сказаць. Страшна чытаць рэальныя гісторыі, і яшчэ страшней камэнтары. "Сама дура вінаватая" так глыбока сядзіць у грамадстве, што сустракаюцца як мужчыны, так і жанчыны з такой пазіцыяй. Гэта страшна, несправядліва, няправільна.
Мне пашанцавала з тым, што ўсе сытуацыі, зь якімі я сутыкалася - былі кароткімі эпізодамі, так сказаць, "без кантакту", без аніякіх наступстваў.
А пішу я гэты пост, каб зрабіць акцэнт на тым, што няма такой лініі паводзінаў, якая б дапамагла пазьбегнуць абʼюзу са 100% верагоднасьцю. Для прыкладу, усе 4 эпізоды, якія здарыліся са мной, адбыліся ў Менску і днём: 2 у грамадзкім транспарце, 1 у парку і 1 на беразе возера, калі адпачывала зь сябрамі (і натоўпамі людзей вакол). Эксбіцыяніста ля майго белунівэру я ня бачыла, таму сюды аднесьці не магу, хаця не сказала б, што яго наяўнасьць мяне не напружвала. На фоне таго, што людзі распавядаюць, гэта лухта і дробязі, але гэта той мінімум, зь якім сутыкаецца кожная (я асабіста ня ведаю выключэньняў) дзяўчынка. Нават калі яна, як я, толькі вучыцца ды гуляе з аднаклясьнікамі-сябрамі, ня носіць спадніцы ды не фарбуецца.
Я проста хачу яшчэ раз паўтарыць - ахвяра не вінаватая. Немагчыма пазьбегнуць усяго, а гэтага як выявілася так шмат... Якімі б пай-дзевачкамі дзяўчаты б не былі (кім быць не абавязаныя), той, каму няймецца, можа аказацца побач. Ніхто не вінаваты, што зь ім здарылася нешта, чаго ён актыўна не хацеў.
Давайце не баяцца казаць, слухаць і дапамагаць адно аднаму.
Юлія
Эніра
Настасься
Паліна