Шаша М6, што ідзе ад Менску праз Горадню да Брузгоў, што на мяжы з Польшчай, стане платнай па завяршэньні рэканструкцыі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на міністра транспарту Беларусі Анатоля Сівака.
Цяпер платныя два ўчасткі М6: ад Шчучына да Горадні і ад Менску да Шараёў, сумарна 121 км дарогі. Таксама платныя дарогі зь Менску да Гомлі і Магілёва, да Берасьця і да Ваўкавыску і польскай мяжы, да Ашмянаў і літоўскай мяжы, да Воршы і расейскай мяжы, а таксама ад Віцебску да расейскай мяжы.
Як заявіў Анатоль Сівак, раней было прынятае рашэньне аб тым, што ўсе дарогі, якія будуць рэканструяваныя, стануць платнымі. Выключэньне зробяць для МКАД-2, хоць яе рэканструкцыя адбываецца за замежныя крэдыты (на рэканструкцыі ўчастку ля Астрашыцкага Гарадка будзе патрачана каля 3,5 млн даляраў на 1 км дарогі).
Цяпер у Беларусі каля 1500 км платных дарог, да 2021 году плянуецца, што такіх стане 1786 км. За 2017-2020 гады мяркуецца прыцягнуць у дзяржаўны бюджэт 817 млн рублёў (каля 419 млн даляраў). За дарогі ў Беларусі маюць плаціць кіроўцы легкавікоў, зарэгістраваных па-за Мытным саюзам, і грузавікоў і аўтобусаў масай звыш 3,5 тоны. Для кіроўцаў легкавікоў і мікрааўтобусаў зь Беларусі, Расеі і Казахстану платныя дарогі застаюцца бясплатнымі.