Пра гэта стала вядома падчас сустрэчы амбасадара Беларусі ў Бэльгіі і Люксэмбургу Аляксандра Міхневіча з кіраўніцтвам ЭІБ у Люксэмбургу 13 сьнежня, перадае БелаПАН.
Праект быў ухвалены радай ЭІБ 11 сьнежня.
«На працягу сьнежня 2017 — студзеня 2018 плянуецца ўзгадніць тэкст крэдытнага пагадненьня для яго падпісаньня бакамі», — паведамляе беларуская амбасада ў Бэльгіі. Падчас сустрэчы таксама былі падрабязна абмеркаваныя стан спраў, пэрспэктывы і праблемныя пытаньні па кожным з праектаў ЕІБ у Беларусі.
Раней паведамлялася, што на праект рэканструкцыі аўтамагістралі і пункту пропуску ЭІБ можа вылучыць 110 мільёнаў эўра.
Траса М7 злучае Менск і мяжу зь Літвой, далей працягваючыся па літоўскай шашы А3 да Вільні. Уваходзіць у склад эўрамаршруту Е28 і панэўрапейскага калідору. Агульная працягласьць складае 139 км.
***
Беларусь атрымала доступ да працы з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам пасьля адмены санкцыяў Эўразьвязу. Па сутнасьці, гэта апошні ключавы фінансавы інстытут, які ня быў прадстаўлены ў Беларусі.
У чэрвені 2017 году было ратыфікаванае рамачнае пагадненьне паміж Беларусьсю і ЭІБ. Яно прадугледжвае, што банк можа прадстаўляць фінансаваньне ў выглядзе крэдытаў, гарантыяў або іншых фінансавых інструмэнтаў, а таксама тэхнічную дапамогу пад інвэстыцыйныя праекты, якія прадстаўляюць інтарэс для Беларусі.
У чэрвені жа першы намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Круты казаў журналістам, што ЭІБ прапануе «камфортныя ўмовы фінансаваньня». Так, крэдыты даюцца на тэрмін да 25 гадоў з мараторыем на выплаты па асноўным доўгу да пяці гадоў і стаўкай ад 1 да 3% гадавых. «З улікам даляравай інфляцыі гэта не зусім бясплатныя грошы, але вельмі камфортныя па выплатах», — падкрэсьліваў Круты.
Эўрапейскі інвэстыцыйны банк быў заснаваны ў 1958 годзе як банк Эўразьвязу. Ён знаходзіцца ва ўласнасьці 28 дзяржаваў — сябраў Эўразьвязу. Банк прадстаўляе фінансавыя сродкі, тэхнічныя веды і вопыт для рэалізацыі абгрунтаваных і жыцьцяздольных праектаў у Эўропе і за яе межамі.