Суд Маскоўскага раёну Менску адмяніў папярэджаньне пра магчымае накіраваньне Паўла Канавальчыка ў лячэбна-працоўны прафілякторый, вынесенае 31 ліпеня 2015 году.
Павал Канавальчык зьбіраўся стаць кіраўніком ініцыятыўнай групы па вылучэньні Юрыя Шульгана кандыдатам у прэзыдэнты на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах.
Судзьдзя Рудніцкая ўстанавіла, што на момант вынясеньня гэтага папярэджаньня Канавальчык не зьяўляўся хворым на хранічны алькагалізм. Гэта пацьвярджае мэдычнае заключэньне. Цягам году яго не прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасьці тры і больш разоў за адміністратыўныя правапарушэньні ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Улічваючы гэта, суд пастанавіў, што не было падставаў для вынясеньня Паўлу Канавальчыку папярэджаньня пра магчымасьць накіраваньня яго ў ЛПП, паведамляе spring96.org.
Паводле Канавальчыка, справа рухалася цяжкавата, судовае паседжаньне нават пераносілі з-за таго, што не зьяўляўся прадстаўнік адказчыка:
«Але ўрэшце на нашым баку былі ўсе аргумэнты, адвакату ўдалося давесьці наш пункт гледжаньня. Суд прыняў гэта да ўвагі і скасаваў папярэджаньне.
І ў маім выпадку міліцыянты зрабілі „як заўжды“ і зрабілі са мной так, як прызвычаіліся рабіць зь іншымі грамадзянамі. У мяне была магчымасьць паглядзець знутры, як адбываецца гэтая працэдура, што яна мае збольшага фармальны характар. І тое, што я пайшоў абскарджваць такое беспадстаўнае рашэньне, дало плён. Я думаю, што палова з тых грамадзянаў, якіх папярэджваюць або накіроўваюць у ЛПП, магла б гэтага пазьбегнуць».
Юры Шульган і Павал Канавальчык былі затрыманыя 17 ліпеня каля ўваходу ў ЦВК. Яны зьбіраліся падаць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэньні Юрыя Шульгана кандыдатам у прэзыдэнты.
Тады на абодвух склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле артыкула «Расьпіцьцё алькагольных, слабаалькагольных напояў ці піва ў грамадзкім месцы, або зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў п’яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасьць і маральнасьць». Суд Маскоўскага раёну пакараў кожнага штрафам у 30 базавых велічынь (5 мільёнаў 400 тысяч рублёў) і абвінаваціў у нецэнзурнай лаянцы.