Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стральцоў: «Хай нам падзякуюць за тое, што мы пілі»


Прысьніўся верш — ня верш, а два радкі.
Абломак лодкі ўсплыў са дна ракі,
І кружыць вір счарнелую траву.
З абломкам лодкі к берагу плыву.
Прачнуўся. Дзень трывогаю прапах,
І два радкі гаркотай на губах.

Радкі паэта Міхася Стральцова цяжка стасуюцца з тым пэйзажам, які я пабачыў у лесе паміж вёскай зь вясёлай назваю Міцькі і Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам. Доўгі драўляны плот зьмяняецца КПП. За КПП цягнецца высокі мур з калючым дротам і вартавымі на вышках. Перад штабам — бюст Фэлікса Дзяржынскага. Напэўна, гэта самы прыгожы Дзяржынскі, якога я калі бачыў. Рыцар рэвалюцыі ў мазырскім лягеры падобны да высакароднага Дон-Кіхота. Гэта калёнія строгага рэжыму.

Мазыр. Міхалкі. ЛПП
Мазыр. Міхалкі. ЛПП

На пачатку 80-х гадоў у гэтых сьценах месьціўся знакаміты лячэбна-працоўны прафілякторый, па-савецку ЛТП. Знакаміты таму, што ў ягоных сьценах лячылася нямала цікавых асобаў. Але я прыехаў пагаварыць з былымі афіцэрамі аховы пра двух. Пра Міхася Стральцова і Аляксандра Пракапенку.

Мне пашанцавала. Я прыехаў у былы ЛТП, калі тут адзначалася прафэсійнае сьвята ўнутраных войскаў. У клюбе ішоў канцэрт, дзе маладыя лейтэнанты надрыўна раўлі «Афіцэры, расіяне, пусьць свабода васьсіяет». А я выцягваў з залі афіцэраў-беларусаў, адстаўнікоў, якія ахоўвалі гэтыя сьцены, калі тут быў ЛТП. У антуражы зьмянілася няшмат. Са словаў Мікалая Дубрава, разважлівага, спакойнага немаладога чалавека.

Мікалай Дубраў
Мікалай Дубраў

— Гэта было падобна да турмы. Поўны распарадак дня. Работа. У савецкі час яны сваё ўтрыманьне павінны былі апраўдваць.

— Хоць яны не злачынцы...

— Па пастанове народнага суда, самага справядлівага сьвеце, яны накіраваныя былі на прымусовае лячэньне ад наркаманіі і алькагалізму ва ўмовах ізаляцыі.

Каб трапіць сюды, недастаткова было хварэць на алькагалізм. Пуцёўку ў гэты, даруй Госпадзе, прафілякторый трэба было заслужыць.

— Сем’ям жыцьця няма. Яны ж тут былі не з-за таго, што пілі. А з-за таго, што стваралі невыносную абстаноўку для блізкіх. Павінны быць і міліцэйскія прыводы, і выклікі. Алькаголікаў поўна, але ж усіх не накіроўваюць у ЛТП. Калі ён стварае праблемы іншым, добраахвотна лячыцца ня хоча, перапынкаў не бывае, калі вычарпаны іншыя меры, тады і накіроўваюць.

— А што ж мог учудзіць, што адзін, што другі?

— А што Пракапенка? «Волгу» прапіў. Яго ж ня тое што злавілі п’яным на трэніроўцы ці дзе. Гэта павінна была быць цэлая гісторыя.

Што ж такое трэба зрабіць, каб цябе Саюз пісьменьнікаў адправіў у гэты лягер? Слова таварышу Міхася Стральцова гісторыку Анатолю Сідарэвічу.

— У рускіх ёсьць такі выраз — «бядовы чалавек». У яго была бяда. Мяне папярэдзілі раз і назаўсёды людзі, якія зь ім разам пілі — Міша, калі напіваецца, становіцца вельмі агрэсіўным. І калі я бачыў, што зьбіраюцца па рублю, я сыходзіў па-ангельску. Бо мог убачыць тое, што тонкі лірык, паэт, выдатны празаік апускаецца ніжэй за... Брыль па праву старэйшага яго лаяў на чым сьвет стаіць.

— Зьмены адбыліся?

— Ён завязаў.

Але вернемся да размовы з былым афіцэрам аховы Мікалаем Дубравым.

— Стральцоў быў «сабе наўме», нешта хадзіў, мармытаў сам сабе пад нос. Але, мне здаецца, ён па-расейску пісаў. Усё хадзіў, як цяпер помню, паўтараў — «Не дай мне бог сойти с ума, уж лучше посох и сума». А ці далей дапісаў ён гэты верш, я ня ведаю. Але я не чытаў працяг недзе. Можа, недзе ёсьць працяг гэтага верша.

Падвяла афіцэра эрудыцыя. Але паўтарэньне пушкінскіх радочкаў пра «посах і суму» добра ілюструе той стан, у якім быў беларускі паэт.

— А можна было сказаць, што ён быў у прыгнечаным стане?

— Не. Нейкія грошы дасылалі з Саюзу пісьменьнікаў.

Паэт, і тут трэба аддаць належнае кіраўніцтву Саюзу пісьменьнікаў, не працаваў на вытворчасьці. Ён загадваў бібліятэкай. Лепшай пасады для гэтай установы не прыдумаеш. Дамо слова былому лекару прафілякторыя Васілю Мельчанку.

Васіль Мельчанка
Васіль Мельчанка

— Ён быў цікавым чалавекам. Нават чай пілі. Хоць звычайна гэта не прынята. Ён загадваў бібліятэкай. Памятаю, як мы абмяркоўвалі кнігу Чакоўскага «Блякада». Я казаў, што гэта партыйная замова, усё напісана па схемах. Спрачаліся зь іншымі, а зь ім мы былі аднадумцамі. Ён быў вельмі сьціплы ў жыцьці. Я нават не надаў значэньня, не адразу зразумеў, якой велічыні гэты чалавек. Я гэта ўсьвядоміў толькі пасьля ягонага вызваленьня. Але ён быў негаваркі чалавек. Я ведаю, што ён быў вельмі прывязаны да родных мясьцін. Іх ён вельмі часта ўспамінаў.

— Хто прыяжджаў да Стральцова?

— Я ня памятаю.

Людзі, вядома, прыяжджалі. Бывала і жонка. Бывалі і сябры. Пра свой візыт у Мазыр узгадвае Леанід Дранько-Майсюк.

Леанід Дранько-Майсюк
Леанід Дранько-Майсюк

— Я не скажу, што ён быў зьбянтэжаны, што ён быў разгублены. Прайшло ўжо месяцы чатыры, як ён там быў. Ён быў уражаны. Такім я яго больш ня бачыў. Ён быў уражаны тым месцам, дзе знаходзіўся. Я не магу назваць гэтае месца пеклам Дантэ альбо «мёртвым домам» Дастаеўскага, гэта было б перабольшваньне. Але гэта вельмі нагадвала турму. Плот, на якім скрозь густыя скруткі калючага дроту, узброеная ахова. Калі мы пачалі гутарку, увесь час, на працягу гадзіны, побач быў вайсковец. Ён нас слухаў. Ён нам не замінаў. Паміж намі была высокая дошка, і, размаўляючы, трэба было ўвесь час падымаць галаву. Гаварылі шмат пра што. Памятаю, ён зьвярнуўся з такой просьбай. «Зайдзі, старычок, у Саюз пісьменьнікаў да Шамякіна. І скажы яму. Ён дапаможа, каб я вярнуўся ў Мінск». Не хацелася яму там быць, і зразумела чаму. За гэтыя пяць месяцаў ён засумаваў. І па творчасьці. Я спытаў: «Ці пішаце вы што-небудзь?» Ён адказаў: «Пішацца, як мокрае гарыць».

На пачатку 80-х гадоў у гарадзкім футбольным чэмпіянаце Мазыра сярод камандаў заводаў, камбінатаў і будтрэстаў гуляла і каманда працаўнікоў ЛТП. У народзе яе называлі «алкашы». Хоць ніводнага сапраўднага алькаголіка ў той камандзе не было. Гулялі ахоўнікі. Але вось у 1985-м годзе каманда «алкашоў» зазнала свой сапраўдны ўзьлёт. Бо ў яе шэрагах зьявіўся сапраўдны алькаголік. Звалі яго Аляксандар Пракапенка. Як загараюцца вочы ў былых ахоўнікаў, варта вымавіць гэтае імя! Сёньня гэта цяжка ўявіць. Зорка беларускага футболу. Чэмпіён СССР, алімпійскі бронзавы прызэр, гулец легендарнага менскага «Дынама». І гэты лягер. Слова былому ахоўніку Мікалаю Раманаву.

Мікалай Раманаў
Мікалай Раманаў

— Пракапенка — гэта зорка беларускага футболу. І калі ён трапіў сюды, мы, вядома, усе былі зьдзіўленыя. Калі ён тут быў, прыяжджаў сам Малафееў, прыяжджаў Гарай. Я яму спатканьні даваў. Яго не забывалі. Калі ён сюды трапіў, яму была зялёная вуліца. «Увальніцельную» нікому не давалі, а я яго ў горад вазіў на трэніроўкі. У футбол гуляў. А што такое было — футбол?! У ЛТП была свая каманда.

У той час мазырскі стадыён зьбіраў аншлягі. Бо хадзілі на сапраўдную зорку. На Пракапенку.

— Вам не перадаць, што тварылася. «Алкашы» гуляюць! Мы часалі ўсіх. Пасьля першы сакратар гаркаму партыі казаў: «Калі „алькаголікі“ выйграюць, я ўсіх трэнэраў і судзьдзяў павыганяю!»

Першы сакратар гаркаму партыі казаў: «Калі „алькаголікі“ выйграюць, я ўсіх трэнэраў і судзьдзяў павыганяю!»

Алімпійскі прызэр і чэмпіён СССР быў у Мазырскім ЛТП два разы. Першы раз яго сюды зьмясьцілі напрыканцы 84-га. Другі раз — у студзені 89-га. Але другім разам прымалі яго ня так радасна і гасьцінна. Пракапенка моцна пакрыўдзіў людзей у пагонах. Слова Мікалаю Дубраву.

— Ён быў вясёлы, нармальны чалавек. Першы раз яму стварылі ўсе ўмовы. Ён і бегаў, і ў футбол гуляў, і спортам займаўся штодня. Яго работай не нагружалі. Стварылі яму ўсе ўмовы. Пасьля, калі ён сышоў... У нас жа перапіска чытаецца. Карэспандэнцыя кантынгенту ўся праглядаецца. І напісаў адтуль таварышу. Няўхвальна кажучы нават пра людзей, якія для яго стараліся. Пісаў: «Перадавай прывітаньне такому і такому, ён чалавек, здаецца, нармальны. Хоць лепшы мент — гэта мёртвы мент». Вось такое. А пасьля прыйшоў сюды другім наваратам. Але ніякіх палёгак яму ўжо не стваралі.

Другім разам Пракапенка ўжо не гуляў у футбол. Рабіў на вытворчасьці.

— Раней каровы былі ў ланцугах каля кармушкі. Вось такія ланцугі тут рабілі. Ён працаваў на зварцы. Памянялася стаўленьне да яго, калі другі раз прыйшоў, з боку кіраўніцтва. А з чаго раптам яму другім разам ствараць такія ўмовы?

Лячэбна-працоўны прафілякторый пад Мазыром
Лячэбна-працоўны прафілякторый пад Мазыром

А вось што расказвае пра лепшага беларускага футбаліста мэдык Васіль Мельчанка.

— Я зь ім вельмі часта сустракаўся. Калі ноччу дзяжурыш, ён прыходзіў да мяне і расказваў байкі. Слухаць яго было складана, бо ён заікаўся. А расказваць ён любіў. Ён мог гаварыць цэлую ноч. І пра ўсіх гульцоў, і хто чаго варты, і кім бы ён мог быць. Што ён бы мог згуляць на любой пазыцыі.

— Гэта было выхвальства?

— Не. У алькаголіка зьмяняецца псыхіка, адбываецца зьмена асабовасьці. Гэта ў яго было.

Слухаючы спадара Васіля пра тое, чым выхваляўся Пракапенка, разумею, што ў ягоных хлапечых паводзінах праглядаецца прага пачувацца «зоркай». Ужо ён павінен быў ведаць цану свайму майстэрству. Сёньня ён мог бы зарабляць мільёны ў супэрклюбах. У тыя часы максымум, на што хапала ягонай фантазіі, — гэта заехаць на сваёй «Волзе» на ганак сталічнага рэстарана. У рэстаране ён і памёр. Адразу пасьля выхаду з ЛТП у сакавіку 89-га.

— Ён расказваў, як заяжджаў у мінскі рэстаран «Патсдам». «Я заяжджаў так, каб колы машыны сталі на дзьвюх прыступках рэстарана». Многа было падобных расказаў. Як яму мэблю даставалі, як кватэру... Настолькі гэтага было многа, гэтых расказаў.

Нечакана ў памяці маіх суразмоўцаў усплыў яшчэ адзін зорны пацыент. Стваральнік Беларускага камэрнага аркестра Юры Цырук. Якога даставілі сюды бяспамятнага, і ён нават не адразу зразумеў, дзе ён. Але дзякуючы Цыруку афіцэры на свае вочы пабачылі першых зорак беларускай сцэны. Мулявіна, Лучанка, Ціхановіча і Паплаўскую. Прыемна за салідарны эстрадны цэх.

— Цырук — гэта нейкі дзіўны выпадак, што ён сюды трапіў. Недзе паслаў участковага. Ня трэба было гэта рабіць. Паслаць участковага — гэтага было дастаткова, каб сюды прыехаць. Ён толькі тут ачомаўся і зразумеў, дзе ён! Дырыжор камэрнага аркестра! І пасьля мы думалі, як яго адсюль выправіць.

Я не скажу, што бачыў сьвет.
Але на моры і на сушы
Жывых людзей жывыя душы
Ў маёй пакінулі свой сьлед —
To сьлед гаючы, то балючы.
Ды чалавечае бяды
У час балючых зь ёй заручын —
Куды найбольшыя сьляды.

Перачытваючы гэты верш Міхася Стральцова і згадваючы афіцэраў, зь якімі мне давялося пагутарыць у былым ЛТП, думаю, што ў Мазыры паэту пашанцавала зь людзьмі. Для яго гэта быў усё ж ня лягер.

— Цырук быў пакрыўджаны. Для яго гэта было чужое асяродзьдзе. А Стральцоў — наадварот. У яго было пачуцьцё, што пасьля будуць новыя магчымасьці. Для яго гэта было як магчымасьць творча паразважаць.

А зараз слова Дранько-Майсюку, які згадвае Стральцова пасьля ягонага вяртаньня з ЛТП.

— Ён казаў: «Хай нам падзякуюць за тое, што мы пілі». Тыя, хто рваўся да шматтомных выданьняў. Ён ня жаліўся, ня скардзіўся, не наракаў. Магчыма, ён шкадаваў той час, які правёў там. Але калі ён выйшаў адтуль, ён напісаў некалькі дзівосных эсэ. Якія застануцца ў нашай літаратуры. Іх можна параўноўваць зь лепшымі раманамі. «Ад маладзіка да поўні», эсэ, прысьвечанае творчасьці Рыгора Барадуліна, эсэ пра творчасьць Максіма Гарэцкага. У беларускім прыгожым пісьменства Міхась Стральцоў быў і назаўсёды застанецца самым вялікім стылістам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG