Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў даручыў першаму віцэ-прэм’еру Ігару Шувалаву і Міністэрству фінансаў разабрацца з канфіскацыяй Беларусьсю тавару, які ішоў транзытам з Калінінградзкай вобласьці, паведамляе Інтэрфакс.
«Мы зараз займаемся тым, каб перааформіць выдадзеныя раней Рэспубліцы Беларусь крэдыты. Гэтая складаная праца павінна быць спалучаная з узаемным даверам з боку партнэраў», — сказаў першы віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў журналістам па заканчэньня паседжаньня расейскага ўраду ў чацьвер.
У той жа час, паводле ягоных слоў, сытуацыя, зьвязаная з канфіскацыяй тавараў, такому даверу не спрыяе.
«Тое, што мы пазаўчора пачулі на паседжаньні дзяржкамісіі па разьвіцьці Калінінградзкай вобласьці пра канфіскацыю тавараў, якія ішлі транзытам празь Беларусь з Калінінграду, і гэты тавар быў канфіскаваны, рэалізаваны, — гэта ўсё не стварае дадатковы давер, хутчэй, наадварот, разбурае», — сказаў ён.
«Дзьмітры Анатолевіч даў даручэньне мне і міністру фінансаў і іншым чальцам ураду з гэтай сытуацыяй разабрацца», — паведаміў Ігар Шувалаў.
У той жа час ён падкрэсьліў, што дадзеная сытуацыя не паўплывае на вырашэньне пытаньня аб пралянгацыі крэдыту Беларусі.
«Будзем пралянгіраваць», — сказаў ён.