Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Бераговіч: «Русский мир» — гэта дыягназ


Павал Бераговіч з сымбалічным чэкам прэміі “Дэбют”.
Павал Бераговіч з сымбалічным чэкам прэміі “Дэбют”.

Днямі ў Менску прайшло ўзнагароджваньне чарговых ляўрэатаў Літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Імі сталі паэтка Тацьцяна Нядбай і празаік Аляксей Палачанскі. Заснавальнікамі прэміі выступаюць Саюз беларускіх пісьменьнікаў, беларускі ПЭН-Цэнтар і дабрачынны фонд «Вяртаньне», з кіраўніком якога Паўлам Бераговічам мы сустрэліся ў «Вольнай студыі».

— Павал, чаму вы вырашылі ўкладаць грошы туды, адкуль яны не вяртаюцца? У бізнэсоўцаў гэта, здаецца, не прынята.

Укладаньне грошай у падтрымку беларускай культуры — справа ня марная.

— Ну, ня ўсё так безнадзейна выглядае. Укладаньне грошай у падтрымку беларускай культуры — справа ня марная. Пры пэўных абставінах нават можна разьлічваць на тое, каб грошы вярталіся. Так, беларуская справа таксама можа быць прыбытковай. Што да прэміі, то даўно вырашана: калі я магу дапамагчы камусьці пашырыць беларускую прастору, то я павінен гэта рабіць. «Дэбют» — гэта невялікая падтрымка маладых пісьменьнікаў (ляўрэат атрымлівае 30 мільёнаў беларускіх рублёў — М. С.), яна даецца за першую кнігу, выдадзеную па-беларуску. Як там далей іх лёс складзецца — залежыць ад іх саміх. А наша задача — падтрымаць творцаў на пачатку шляху. Вельмі шмат людзей падтрымалі ідэю прэміі, дзякуй ім.

Сапраўдны шляхціч на сваёй сядзібе.
Сапраўдны шляхціч на сваёй сядзібе.

— Некалькі гадоў таму вы набылі старую сядзібу ў Падароску, дзе мяркуеце зрабіць Музэй беларускай шляхты. Ці штосьці там ужо робіцца?

— Сядзіба ў Падароску някепска захавалася ў параўнаньні зь іншымі. Музэй — справа не аднаго месяца, трэба было распрацаваць вялікую колькасьць дакумэнтацыі, атрымаць дазволы Міністэрства культуры і мясцовых уладаў. Паводле зацьверджанай у Мінкульце канцэпцыі мы павінны зрабіць гэтую працу некалькімі этапамі. Падароск — невялікае мястэчка паміж Ружанамі і Ваўкавыскам. Калі едзеш па гэтай дарозе, то няма дзе спыніцца, каб папіць кавы і адпачыць. Таму найпершая мэта — зрабіць на тэрыторыі сядзібы пункт прыдарожнага сэрвісу. Наступны этап — пабудаваць невялікі гатэль. А ўжо апошнім этапам будзе сам музэй.

— Музэй шляхты — гучыць прывабна. Якім ён вам бачыцца ў далёкасяжных марах?

— Спадзяюся, што гэта ня вельмі далёкасяжныя мары. Можна было б зрабіць там музэй гісторыі сядзібы, тых людзей, якія там жылі. Але гэта не зусім тое, што я хачу. Мне здаецца, што беларусам не хапае ведаў пра шляхту. Шляхта ў Беларусі і сёньня выглядае як нейкая чужая зьява, больш характэрная для Польшчы ці Літвы. Вось я і хачу паказаць у музэі, што шляхта — гэта эліта грамадзтва. І пакуль мы ўсе не зразумеем, што шляхта — гэта таксама беларускі народ, датуль нас не пакіне адчуваньне ўласнай непаўнавартаснасьці. Як там у савецкіх падручніках пісалі: беларусы — сялянскі народ, прыгнечаны панамі-чужынцамі і г. д. Але гэта ня так. Беларуская шляхта існавала. Возьмем, напрыклад, такія прозьвішчы, як Валовічы, Абуховічы, Сапегі. Гэта ж мясцовага паходжаньня людзі. Яны нарадзіліся на беларускай зямлі, яны заўсёды разглядалі сябе асобна ад той жа Варшавы (калі браць пэрыяд Рэчы Паспалітай), змагаліся за свой Край са зброяй у руках. І таму заслугоўваюць нашай удзячнай памяці. Музэй шляхты ня будзе навуковай установай, дзе звычайна стаяць шафы з экспанатамі. Я хачу, каб ён даў першы штуршок наведнікам — самім шукаць сваю гісторыю. Мне хацелася б, каб у гэтым музэі адбывалася своеасаблівая ініцыяцыя чалавека, ягонае пасьвячэньне ў беларусы. Каб чалавек, трапіўшы ў музэй, апынаўся пад інфармацыйным, эмацыйным узьдзеяньнем і адчуў штосьці новае ў сабе, задумаўся пра тое, хто ён, што ён робіць у гэтай краіне. Каб ён увогуле адчуў Беларусь як сваю краіну. Гэта такія гучныя словы, ня ведаю, ці атрымаецца так зрабіць, але менавіта такім мне бачыцца будучы музэй.

— А не баіцеся, што на ваш музэй з усёй яго прыдарожнай інфраструктурай зірне скоса дзяржава?

— Нават калі дзяржава ў мяне ўсё гэта забярэ, то ня спаліць жа яна і не ўзарве тую сядзібу.

— Нават калі дзяржава ў мяне ўсё гэта забярэ, то ня спаліць жа яна і не ўзарве тую сядзібу. Сядзіба ў Падароску налічвае ўжо 500 гадоў. Яна перажыла войны, паўстаньні, каралёў, імпэратараў расейскіх, фашыстаў, камуністаў — перажыве і ўсіх іншых.

— Адкуль у вас такая любоў да беларускай мінуўшчыны? Калі не памыляюся, вы толькі на чвэрць беларус.

— Так, мая бабуля па маці нарадзілася на Віцебшчыне, пад Чашнікамі. А сам я прыйшоў на сьвет у 1968 годзе ў горадзе, які цяпер называецца Сьнежынск, а за савецкім часам быў Чалябінскам-70, закрытым цэнтрам атамнай прамысловасьці. Там працавалі мае бацькі. Калі мне споўнілася тры гады, мы пераехалі ў Сьвярдлоўск, і ўсё маё далейшае жыцьцё было зьвязана з гэтым горадам.

Павал Бераговіч.
Павал Бераговіч.

— У якім узросьце вы ўсьвядомілі сябе беларусам?

я на школьных дэманстрацыях заўсёды выбіраў сьцяг Беларусі.

— Калі быў курсантам вайсковай навучальні. Школьнікам я, вядома ж, ведаў, што ёсьць саюзныя рэспублікі, але чамусьці думаў, што там жывуць такія ж людзі, як і ў Сьвярдлоўску, і размаўляюць усе па-расейску. Ведаючы пра Беларусь трохі больш дзякуючы бабулі, я на школьных дэманстрацыях заўсёды выбіраў сьцяг Беларусі. І хоць гэта быў сьцяг савецкай Беларусі, мне было прыемна несьці менавіта яго. Але тады я ўсё роўна думаў, што ўсе рэспублікі аднолькавыя. І толькі ў вайсковай навучальні ў 1985 годзе я ўпершыню пабачыў, што ў СССР жывуць розныя народы. Там вучыліся і ўкраінцы, і беларусы, і туркмэны... І калі я ўжо служыў маладым лейтэнантам, то таксама атрымліваў першыя ўрокі нацыяльнага выхаваньня. Найперш ад украінцаў. Мяне заўсёды зьдзіўляла, зь якой павагай яны ставяцца да сваёй радзімы. Вядома ж, савецкае войска было і школай інтэрнацыяналізму, але, як гэта ні парадаксальна, менавіта там можна было ўбачыць, што савецкая імпэрыя складаецца з розных, не падобных між сабой, народаў.

— Беларускую мову вы ўпершыню ад бабулі пачулі?

— На жаль, бабуля не размаўляла па-беларуску, хоць у яе ўсё жыцьцё быў вельмі моцны і пазнавальны акцэнт. У вайсковай навучальні, дзе займаліся хлопцы зь Дзятлава, зь Менску, з Баранавічаў, зь Ліды, я адчуваў, што яны — сапраўдныя беларусы, у адрозьненьне ад мяне. Я проста маю нейкае дачыненьне... Потым, калі я пакінуў войска і пачаў займацца бізнэсам, то мая сувязь з Беларусьсю амаль страцілася. Потым яна аднавілася выпадкова, калі я ў інтэрнэце пачаў раз-пораз трапляць на нейкія беларускія сайты. Паступова паспрабаваў чытаць беларускія кнігі, якія мне дасылалі па маёй просьбе. Першай маёй беларускай кнігай быў зборнік ліставаньня Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна «Дажыць да зялёнай травы», укладзены Сяргеем Шапранам. Гэта, вядома ж, складаны занятак — вывучаць мову па лістах Барадуліна.

— У вас быў самы незвычайны буквар. Наўрад ці нехта яшчэ вывучаў беларускую мову па лістах, хай сабе і такіх выдатных пісьменьнікаў, як Быкаў і Барадулін.

— Так, па лістах і вершах. Калі я пабачыў, што траціну тэксту проста не разумею, папрасіў, каб мне даслалі расейска-беларускі слоўнік, але ён таксама ня вельмі дапамог. Упершыню я паспрабаваў загаварыць па-беларуску ў 2010 годзе, калі прыехаў у Беларусь па запрашэньні Ўладзімера Арлова. Спачатку ён мяне праз слова папраўляў... Мне і цяпер бракуе моўнай практыкі. Калі прыяжджаю ў Беларусь, гляджу Белсат і слухаю радыё — вось і ўся мая школа.

— У фэйсбуку я часам бачу вашага сына ў бел-чырвона-белай бэйсболцы. А ён ужо неяк нацыянальна вызначыўся?

— Пакуль што сын дакладна ведае, што бацька ягоны — беларус. Ён бачыць, што я чытаю беларускія кніжкі, час ад часу пытаецца ў мяне пра нешта. Я не прымушаю яго размаўляць са мною па-беларуску, не праводжу зь ім урокаў беларускай мовы. Але калі ён пераканаецца, што беларуская справа мяне шчыра захапляе, то і яму будзе гэта цікава. Сыну цяпер 11 гадоў, і ён ужо пачынае крыху разумець, што да чаго. Я зьвярнуўся да беларушчыны, калі мне быў 41 год, думаю, у яго гэта адбудзецца значна раней. З цягам часу сын, спадзяюся, мяне падтрымае. А жонка мяне ўжо цяпер падтрымлівае. Праўда, так атрымалася, што я сёньня жыву на два гарады — Варшаву і Талін. Варшава — асноўнае месца працы, а ў Таліне жыве мая сям’я.

— Вы больш за сорак гадоў пражылі ў Расеі. Ці можаце растлумачыць, што такое «русский мир», якому цесна на абшары ад Сахаліну да Калінінграду?

у Расеі хлусьня проста ўзьведзеная ў абсалют.

— Нядаўна мне трапілася на вочы выказваньне Чаадаева, ня самага апантанага расейскага імпэрыяліста. Ён пісаў: «Мы павінны раскінуцца ад берагоў Бэрынгава праліву да Одэру, каб нас прыкмецілі». Разумееце, гэта мэгаляманія, гэта як псыхічная хвароба. Можна сказаць, што «русский мир» — гэта своеасаблівы дыягназ. Прыгадваецца яшчэ, як у адной з тэлеперадачаў артыст Юры Стаянаў распавядаў пра сумесныя гастролі зь Міхаілам Жванецкім. Селі яны ў самалёт, і Жванецкі, гледзячы ў ілюмінатар кажа: «Так, вялікая краіна Расея. Выйшаў у поле — сеў, пас...ў, прайшоў кілямэтар — зноў сеў, пас...ў, прайшоў яшчэ кілямэтар — зрабіў тое самае. А Швайцарыя — краіна маленькая, пас...ў — прыбраў, пас...ў — прыбраў». Вось такое тлумачэньне «руского мира». Хоць існуюць і іншыя. Хтосьці тлумачыць імкненьне пашыраць тэрыторыі камплімэнтарна, маўляў, расейцы заўсёды імкнуліся сысьці ад сваёй дэспатычнай улады, таму ўцякалі ад Масквы ўсё далей і далей. Жыць на адным месцы і ўдасканальваць яго расейцам нецікава. Таму і бардак па ўсёй краіне. Да таго ж, у Расеі хлусьня проста ўзьведзеная ў абсалют. Прычым усе ведаюць, што ўлада хлусіць, і ўсіх гэта задавальняе, ніхто не пярэчыць. Для мяне такое стаўленьне незразумелае. Таму мы і зьехалі з Расеі, я там проста не магу жыць.

— Але вы застаецеся грамадзянінам Расеі. Ці няма ў вас намеру прыняць беларускае грамадзянства?

— Перамяніць грамадзянства ня так проста, хоць такія пляны ёсьць. Цяпер я расшукваю патрэбныя дакумэнты, датычныя бабулі. Я, вядома ж, разумею, што Беларусь — далёка ня рай зямны, але гэта краіна, у якой я адчуваю сябе ўтульна. У Беларусі мне ўсё ж дыхаецца лягчэй.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG