Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працуе супраць Украіны расейская «фабрыка троляў»


Значную частку пастоў і камэнтароў на інтэрнэт-форумах, прысьвечаных палітыцы, пакідаюць прафэсійныя тролі, якія атрымліваюць за ўдзел у дыскусіях заробак. Фальшывых акаўнтаў у «Твітэры», «Фэйсбуку», ЖЖ, «Укантакце» тысячы, а дзякуючы расейска-ўкраінскага канфлікту, іх становіцца ўсё больш і больш.

«Крамлёўскія тролі» пасуцца на расейскамоўных лібэральных форумах, камэнтуюць сайты міжнародных СМІ, у тым ліку Радыё Свабода. Расейскія мадэратары паступова навучыліся іх вылічваць, а на Захадзе плыні, як правіла, непісьменных камэнтароў у падтрымку Пуціна выклікаюць зьбянтэжанасьць.

Самая вядомая «фабрыка троляў» — кантора пад назвай «Інтэрнэт-дасьледаваньні», — кругласутачна працуе ў Пецярбургу. У апошні час пачасьціліся «уцечкі» з гэтай сакрэтнай арганізацыі: адразу тры былыя яе супрацоўніка распавялі Свабодзе пра тое, як яны «любілі Пуціна» 12 гадзін на дзень за 40 000 рублёў у месяц.

Пецярбурскі блогер Марат Буркхард два месяцы адпрацаваў у аддзеле, які займаўся камэнтарамі на малавядомых правінцыйных форумах.

— Марат, вы напісалі ў сваім блогу, што вашых матэрыялаў аб працы на «Фабрыцы троляў» хопіць на цэлую кнігу. Вырашылі там працаваць з авантурызму, для забавы?

— Так, авантурызм дакладнае слова. Таму што больш такой працы, па-мойму, няма нідзе.

— Цяжка ўладкавацца?

— Цяжка, так. Там трэба напісаць тэксты — перш, чым вырашаць, ці падыходзіш ты на гэтую працу. Гэткі літаратурны адсеў.

— Якога кшталту тэксты?

— Спачатку нэўтральны тэкст: «Вэгетарыянства: за і супраць». Далей пачынаецца бліжэй да справы — што, напрыклад, я думаю пра гуманітарныя канвоі ў Данецк.

— Вам, напэўна, прыйшлося моцна крывіць душой, таму што вы чалавек лібэральных поглядаў?

— Так, я празаходніх поглядаў, натуральна. Для мяне гэта натуральна, а для іх, вядома, ненатуральна. Пра свае погляды я не пісаў нічога, інакш бы мяне не прынялі на працу, адразу б пагналі адтуль. Там пастаянны ідэалягічны кантроль за тым, што пішацца. Я пару разоў трапляў, «несьвядомы» быў у нейкіх момантах.

— Адразу вызначылі заробак у 45 тысяч рублёў або паступова даюць павышэнне?

— Не, адразу — за выкананьне нормы. Гэта сапраўдная фабрыка, дзе існуюць вытворчыя нормы, пры выкананьні нормы ты зарабляеш 45 тысяч. А норма — гэта 135 камэнтароў за зьмену, якая доўжыцца 12 гадзін.

— Колькі там аддзелаў?

— Гэта сучасны будынак, чатыры паверхі. Там ёсьць яшчэ аддзел «Жывога Журналу», аддзел навінаў, аддзел, дзе карцінкі ўсялякія робяць, аддзел дэматыватараў, аддзел, дзе відэа робяць. Але я ў гэтых аддзелах ніколі ня быў, у кожнага свой кабінэт, сталы з кампутарамі, і асабліва там па кабінэтах ніхто не шнырае, усе сядзяць па сваіх месцах.

— Колькі ў вашым аддзеле было чалавек?

— Дваццаць.

— Усе працавалі па 12 гадзін штодзень?

— Так. Існуе дзённая і начная зьмена.

— Трэба сядзець у офісе ці можна з хаты працаваць?

— Там няма выдаленай працы. Ноччу прыходзіць іншая зьмена, начная. Я працаваў у дзённай.

— 12 гадзін бязвылазна сядзець у канторы... А чаму такія гіганцкія зьмены?

— Гэта два праз два дні. Мабыць, яны так палічылі, што замест 8 трэба працаваць па 12. Наш аддзел камэнтаваў пасты. Разнастайныя ёсць форумы, напрыклад, Infosamara.ru і іншыя, усе гарады і вёскі Расеі, у кожнага ёсьць сайт агульнагарадзкі, на якім ёсць форум. Спэцыяльныя людзі на гэты форум нешта пішуць, нейкую навіну, а наша задача была яе пракамэнтаваць. Прычым, камэнтуецца такім чынам: мы на тройкі падзеленыя, адзін з нас «злыдзень», той, які піша, што нібыта ня згодны з тым, што напісана на гэтым форуме, хаіць ўлады. Астатнія двое ўступаюць у дыскусію: не, вы ня маеце рацыі, усё правільна. Прычым, адзін павінен забясьпечыць камэнтар нейкім малюначкам, прыдатным паводле сэнсу, а другі спасылкай на сваю рацыю. Злыдзень, малюнак, спасылка.

— Гэта значыць, вы сядзіце ўтрох побач, дамаўляецеся і разыгрываеце такую п’есу на гэтым форуме?

— Там кабінэтаў 40, і ў кожным сядзіць па 20 чалавек, у кожнага свае задачы. Пішуць і пішуць цэлы дзень: то Абама, то Мэркель, то Грэцыя, то Паўночная Карэя. Камэнтар павінен быць аб’ёмам ня менш за 200 знакаў. Навіна пішацца, яе камэнтуе нехта, але рэальныя людзі, мне здаецца, гэта наагул не чытаюць. Так наша троечка праходзіцца па ўсёй краіне, па ўсіх форумах, пачынаючы ад Калінінграда, заканчваючы Ўладзівастокам.

Там ёсьць ключавыя словы, тэгі, яны патрэбныя для пошукавых машын. Даюцца пяць ключавых слоў, напрыклад: Шайгу, міністар абароны, расейская армія. У кожнага з нашай троечкі гэта ключавое слова павінна быць усюды ў кожным камэнтары.

Вось адно з заданьняў, якое атрымала «троечка» Марата Бурхард.
Асноўная ідэя: «Прысутнасьць войскаў НАТО ў складзе ўкраінскага кантынгенту».

Ключавыя словы: навіны Ўкраіны, Расея і Ўкраіна, вайна ва Ўкраіне, палітыка Ўкраіны, Ўкраіна НАТО.

Гэтую тэму трэба падняць на 35 правінцыйных форумах. Зыходны пост «НАТО зноў засьвяцілася» перш за ўсё зьяўляецца ў ЖЖ.

«Кіеўская хунта рэгулярна нацкоўвае падкантрольныя ёй СМІ на Расею, а тыя бессаромна хлусяць напрапалую, сьцьвярджаючы, што УС РФ ваююць на тэрыторыі Ўкраіны, але доказы сваіх слоў даць адмаўляюцца (таму як няма іх). Затое, калі справа даходзіць да збройных сілаў Украіны, то ніякія доказы прысутнасьці ў іх складзе замежных наймітаў і агентаў заходніх спэцслужбаў, якія заселі ў Кіеве, амэрыканскіх марыянэтак не бянтэжаць --- хлусяць і не чырванеюць»!

Затым гэты пост у альфабэтным сьпісе зьяўляецца на астраханскім форуме. Тут у справу ўступае «троль-злодзей» пад нікам Yana24. Злодзей сумняецца: «Ды якія гэта найміты НАТО? Расея як заўсёды абвінавачвае Ўкраіну ў тым, што сама ў прынцыпе робіць».

Злодзею адказвае троль са спасылкай: «Вы тэкст уважліва прачыталі? Калі ў курсе тэмы, то павінны ведаць, колькі ўжо было прадстаўлена доказаў таго, што вайна ва Ўкраіне працягваецца з-за Захаду і нежаданьня Парашэнкі набліжацца да міру. Дзе доказы таго, што ва Ўкраіне расейскія войскі? Няма! Як і саміх войскаў!

Потым настае чарга троля з карцінкай, пасьля чаго пачынаецца «жыцьцё» на форумах у іншых гарадах, гэтым разам — на літару Б.

Дзьмітры Волчак

Поўны тэкст — на сайце Расейскай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG