Да пэрспэктывы разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы Ўкраіна ставіцца насьцярожана. Пра гэта журналістам у Менску заявіў дарадца прэзыдэнта Пятра Парашэнкі Ігар Сьмяшко.
«Грамадзкая думка адназначна адмоўна будзе да гэтага ставіцца. Тое, што кіраўніцтва Беларусі прыняло рашэньне аб тым, што гэта несвоечасовы крок, ва ўкраінскай грамадзкай думцы было ўспрынята вельмі станоўча. Мы павінны ўспомніць, што мы ўсе вельмі зьвязаныя адзін з адным», — заявіў ён.
Сьмяшко паабяцаў журналістам, што падыме перад прэзыдэнтам Парашэнкам пытаньне аб наданьні беларусам, якія ваююць на баку Ўкраіны на Данбасе, украінскага грамадзянства. Акрамя таго, ён выказаў падзяку беларускаму кіраўніцтву за яго ўдзел у мірным урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, хоць сам фармат менскіх перамоваў, на яго думку, мае досыць абмежаваныя магчымасьці.
«Сёньня Беларусі трэба актыўна выпрацоўваць сваё месца ў Эўропе, — адзначыў таксама ён. — Я вітаю будаўніцтва магутнай, эканамічна і ваенна самадастатковай дзяржавы Беларусь. Беларусь заслужыла гэта. Калі зьвярнуцца да гісторыі, то ў Вялікім Княстве Літоўскім адну з галоўных роляў гуляла менавіта Беларусь», — сказаў Сьмяшко.