У абменных пунктах беларускіх банкаў распачаўся падвышаны попыт на валюту. Пад вечар 18 сьнежня людзі сутыкаюцца з тым, што ў касах няма ані даляраў, ані эўра. Яны выстройваюцца ў чэргі ў чаканьні, што хтосьці захоча памяняць валюту на беларускія рублі.
Аддзяленьні нацыянальнага і камэрцыйных банкаў цяпер поўняцца наведнікамі: людзі традыцыйна робяць аплаты, часам збываюць валюту і ўсё часьцей яе набываюць, шукаючы больш выгаднага курсу беларускага рубля. Размаўляю зь людзьмі:
Карэспандэнтка: «Ці вы спрабуеце набыць валюту?»
Спадарыня: «Так, была ў тым банку, але там чарга вялізная, і тут — таксама».
Супрацоўніца банку, выстаўляючы новыя лічбы на інфармацыйным таблё: «Курсы мяняюцца цягам кожнай паўгадзіны».
Карэспандэнтка: «І на колькі?»
Супрацоўніца: «На тысячы».
Карэспандэнтка: «Гэтак зрэдку бывае ці штодня?»
Супрацоўніца: «Цяпер штодня».
Наведнікі абменьнікаў ня толькі сьпехам набываюць валюту, але спрабуюць высьветліць таксама прычыну хуткага росту курса валюты і падвышанага попыту на яе. Але супрацоўнікі банкаў тлумачэньняў не даюць і пакідаюць права рабіць высновы самім грамадзянам:
Карэспандэнтка: «Што думаеце пра рост курсаў валют адносна рубля?»
Спадар: «З-за таго, што я думаю, ня зьменіцца нічога, бо эканоміка — гэта навука, якую мусяць добра вывучаць эканамісты, і ўрад краіны мусіць мець вопыт і веды».
Карэспандэнтка: «Што мусяць рабіць у гэтай сытуацыі самі людзі, каб не пацярпець?»
Спадар: «Мусяць хадзіць на выбары, выбіраць урад і сачыць за ягонай дзейнасьцю — выбіраць свой урад».
Карэспандэнтка: «Гэта значыць, што ўрад вінаваты ў тым, што адбываецца з курсам рубля?»
Спадар: «Ня толькі — усясьветная эканоміка таксама ўплывае, але ўрад павінен умець адсочваць усе тэндэнцыі. Бо што такое дзяржава? Тая сыстэма, якая бароніць чалавека на пэўнай тэрыторыі».
Карэспандэнтка: «Нас бароніць?»
Спадар: «Не заўсёды».