Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка патрабуе весьці разьлікі з Расеяй у валюце

абноўлена

З улікам падзеньня курсу расейскага рубля Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду Беларусі весьці разьлікі з Расеяй у валюце — далярах ці эўра.

«Апошнім часам я ўсё часьцей чую — ах, расейскі рубель абваліўся, а там 40 % нашага экспарту, і мы нясем страты, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але што зробіш, такі ў нас сёньня партнэр, і такая сытуацыя ў Расеі і Ўкраіне — гэта таксама наш партнэр», — цытуе кіраўніка Беларусі БелТА, з нарады па эканамічных пытаньнях

​На думку Аляксандра Лукашэнкі, каб пазьбегнуць неспрыяльнай сытуацыі, трэба весьці разьлікі з Расеяй у цьвёрдай валюце ці ў рублях у адпаведнасьці з курсам на сёньняшні час.

"Так, як мы плацім за электраэнэргію — не ў рублях, а ў далярах. Гэта, дарэчы, недахоп у працы ўраду Расеі — трэба было даўно працаваць і патрабаваць ад іх, каб яны нам таксама плацілі ў цьвёрдай валюце — у далярах і эўра. Урад мне дакладвае, што"лёд крануўся". Пакупнікі нашай прадукцыі ў Расеі плацяць у далярах. Калі ў рублях — то ў адпаведнасьці з курсам на сёньняшні дзень, на сёньняшні час «, — падкрэсьліў прэзыдэнт.

Эканаміст Барыс Жаліба скептычна паставіўся да выказваньня прэзыдэнта пра тое, што Беларусь здолее перавесьці гандаль з Расеяй на валютныя разьлікі. На яго думку, рэальнай задачай павінна стаць павышэньне коштаў на беларускія тавары ў расейскіх рублях:

«За гэтымі словамі не стаіць нічога канкрэтнага. Расейцы ў асноўным разьлічваюцца ў сваёй валюце. На тле дэфіцыту валюты расейцы не пачнуць разьлічвацца з намі далярамі ці эўра. Ім самім цяпер не хапае. Яны як разьлічваліся ў расейскіх рублях, так і будуць працягваць гэта рабіць».

На думку экспэрта, беларускія прадпрыемствы цяпер моцна губляюць з-за разьлікаў у расейскіх рублях.

Прэзыдэнт павінен патрабаваць, каб расейцы перагледзелі кошты на беларускія тавары ў расейскіх рублях, якія імкліва таньнеюць не па днях, а па гадзінах.

«Прэзыдэнт павінен патрабаваць, каб расейцы перагледзелі кошты на беларускія тавары ў расейскіх рублях, якія імкліва таньнеюць не па днях, а па гадзінах. Расейцы на гэта не заўсёды ідуць. А трэба іх разглядаць у бок павышэньня. Вось гэта задача — больш рэальная. А вось перайсьці на разьлікі ў валюце — гэта амаль нерэальна. Больш за тое, нават у тых выпадках, дзе расейцы разьлічваліся з намі ў валюце, яны хутчэй за ўсё пяройдуць на свой рубель», — кажа Барыс Жаліба.

Марголін: У Лукашэнкі надзіва кароткая памяць

З улікам падзеньня курсу расейскага рубля Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду Беларусі весьці разьлікі з Расеяй у валюце — далярах ці эўра.

Гэтую заяву эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін камэнтуе Свабодзе так:

Леў Марголін
Леў Марголін

«У Лукашэнкі нешта ня вельмі добра з памяцьцю. Не далей як два-тры гады таму ён казаў, што, наадварот, нам трэба адмаўляцца ад свабоднага канвэртаванай валюты ў разьліках, і нават разьлікі за нафту і газ трэба пераводзіць у расейскія рублі. Гэта — таксама валюта, нічым ня горшая за даляр і эўра.

Па-другое, на маю думку, пераход на валюту — гэта адзінае магчымае рашэньне. У сытуацыі, калі расейскі рубель так ліхаманіць, нам трэба нешта рабіць. У прыватнасьці — пераход на разьлікі ў валюце, хоць гэта і палка з двума канцамі. Бо, пераходзячы на даляр, мы губляем расейскі рынак. Там, дзе ёсьць аналягічныя расейскія тавары, нашы адразу становяцца ўдвая даражэйшымі.

Празь некаторы час кошты зраўняюцца, што мы бачылі ў 2011 годзе. Але некалькі месяцаў расейцы будуць ня ў стане браць нашу прадукцыю. Прынамсі, калі і будуць браць, то ў значна меншых аб’ёмах. Мне падаецца, што ўсё-такі лепш скарачаць вытворчасьць, нават накіроўваць людзей у вымушаны адпачынак, чым траціць грошы на выраб тавараў, якія прадаюцца ніжэй за іх сабекошт.

А як на гэта адрэагуюць у Расеі? Я думаю, па-рознаму. Там пакуль такога няма, што прэзыдэнт сказаў — і ўсе адразу ўзялі пад казырок. Там, дзе беларуская прадукцыя запатрабаваная, дзе яна канкурэнтаздольная, можна перавесьці разьлікі ў валюту. А там, дзе ёсьць расейская замена, будзе складана. Возьмем, напрыклад, лядоўні — нашы і LG, якія выпускаюцца ў Расеі. Калі перавесьці разьлікі ў даляры, то нашы стануць неканкурэнтаздольнымі. Гэта адназначна. Тое ж самае, напэўна, можна сказаць пра адзеньне і абутак. Звузіцца і рынак для нашых прадуктаў, бо яны будуць даражэйшымі за расейскія».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG