Бацька праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі заяўляе пра чарговы пэрыяд правакацый і пакараньняў адносна ягонага сына, што абярнулася значным узмацненьнем рэжыму ўтрыманьня.
Андрэй Бандарэнка ў магілёўскай турме адбывае 3 гады па абвінавачаньні ў злосным хуліганстве.
Ягоны бацька Валер Бандарэнка распавёў карэспандэнту Свабоды:
«Пачалося ўсё, ці лепш сказаць, аднавіўся асаблівы жорсткі ціск пасьля нядаўняй вымовы за парушэньне парадку, якую атрымаў Андрэй. Раптам сярод дня ўварваліся ў камэру ахоўнікі. Сядзіць Андрэй у „адзіночцы“ і раней было цалкам нармальным сярод дня знаходзіцца на ложку. За гэта ніхто не чапляўся. А тут уварваліся і склалі пратакол за парушэньне, далі вымову. Пасьля гэтага стала зусім цяжка. Да адваката выводзяць у кайданках, на прагулку — у кайданках ды яшчэ пад аховай сабак, у камэры ўсталявалі відэа, каб сачыць кожную хвіліну. Перадачу з лекамі і вітамінамі затрымалі.
Магчыма, гэта рэакцыя на тое, што Андрэй не скарыўся і дасылае шмат лістоў пра сваю справу па розных адрасах, усё спрабуе даказаць, што ягоная справа сфабрыкаваная?
То бок раней сьледчыя яму за зброю палічылі зьвязку ключоў, а цяпер ахоўнікі ў турме — асадку, якой ён піша скаргі», — мяркуе бацька праваабаронцы.
Былы заснавальнік і кіраўнік праваабарончых арганізацый «Плятформа» і «Плятформа інавэйшн», якія абаранялі правы вязьняў, Андрэй Бандарэнка з 2014 года адбывае пакараньне ў 3 гады паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. На судзе ён прызнаў віну часткова, па адным з эпізодаў, але ўсю справу назваў помстай за сваю праваабарончую дзейнасьць. Меркаваньне праваабаронцаў і актывістаў адносна справы Андрэя Бандарэнкі падзяліліся. Некаторыя адзначаюць, што атрыманае Бандарэнкам пакараньне адпавядае практыцы, якая склалася ў Беларусі, іншыя лічаць справу Бандарэнкі сфабрыкаванаю спэцслужбамі і дамагаюцца яе перагляду ды прызнаньня яго ахвярай палітычна матываванага перасьледу.
Андрэй Бандарэнка спачатку адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі, дзе зьведаў правакацыі, якія адбіліся на ўмовах ягонага ўтрыманьня. Пратэст праваабаронцы прывёў да зьмяшчэньня ў ізалятар, а пазьней і да суду, які зьмясьціў вязьня ў Магілёўскую турму. Там Бандарэнка быў спачатку ў агульнай камэры, але потым яго зьмясьцілі ў «адзіночку».
«Ужо ня ведаюць, як на яго ціснуць, чым дапячы! Трымаюць за нейкага тэрарыста, але гэта незаконна!», — абураецца адносна больш жорсткага ўтрыманьня сына Валер Бандарэнка.
Спробы Андрэя Бандарэнкі аспрэчыць прысуд не далі вынікаў. Беларускія праваабаронцы, якія заступаюцца за Андрэя Бандарэнку, накіравалі зварот у міжнародныя праваабарончыя структуры з заклікам прызнаць яго ахвярай палітычна матываваных рэпрэсій.