Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 незалежных юрыстаў лічаць справу Бандарэнкі сфальшаванай


Андрэй Бандарэнка ў судзе, 2014 год
Андрэй Бандарэнка ў судзе, 2014 год

Праваабаронцы і адвакаты Андрэя Бандарэнкі рыхтуюць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Група незалежных юрыстаў правяла прэсавую канфэрэнцыю, на якой падзялілася высновамі незалежнай экспэртызы крымінальнай справы праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі.

Заснавальнік арганізацыі прававой дапамогі вязьням «Плятформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства.

Незалежную экспэртызу крымінальнай справы Андрэя Бандарэнкі правялі 5 вядомых у Беларусі юрыстаў і праваабаронцаў. Гэта былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі, дацэнт Міхаіл Пастухоў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандар Дабравольскі, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву», былы сьледчы менскай гарадзкой пракуратуры Алег Воўчак, юрыст Ігар Рынкевіч, які абараняў кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, грамадзкі актывіст, праваабаронца Юры Валчок.

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

«Галоўная выснова, якую мы зрабілі, — справа Андрэя Бандарэнкі была сфальшаваная, а некаторыя яе эпізоды наўпрост справакаваныя пэўнымі службамі, каб спыніць сьмелую праваабарончую дзейнасьць Андрэя Бандарэнкі. Да такой высновы мы прыйшлі кожны паасобку, калі прааналізавалі матэрыялы гэтай рэзананснай крымінальнай справы, а таксама судовага паседжаньня і факты перасьледу Бандарэнкі да і пасьля суду», — паведаміў карэспандэнту Свабода юрыст Міхаіл Пастухоў.

Паводле Міхаіла Пастухова, група незалежных экспэртаў, у якую ён уваходзіў, абгрунтавала 5 высноваў сваёй экспэртызы. Найперш ён вылучыў тое, што на думку экспэртаў, перасьлед Бандарэнкі носіць палітычны і сыстэмны характар. Ціск і правакацыі супроць Андрэя Бандарэнкі арганізоўваліся адмысловымі службамі, падкантрольнымі беларускім уладам, як задоўга да суду над праваабаронцам, гэтак і пасьля суду, ужо ў зьняволеньні, і працягваюцца дагэтуль.

Другая выснова, якая тычыцца непасрэдна крымінальнай справы аб злосным хуліганстве, — складу гэтага злачынства, на думку экспэрта, не было, такім чынам прысуд, які вынесены Андрэю Бандарэнку, незаконны.

Таксама экспэрты зрабілі выснову, што крымінальны перасьлед Андрэя Бандарэнкі быў шчыльна зьвязаны зь перасьледам віцебскага праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, заснавальніка арганізацыі «Плятформа», якая была папярэдніцай «Плятформы інавэйшн». Крымінальныя справы супроць абодвух праваабаронцаў фактычна супадаюць па часе і маюць адну першапрычыну — помсту за спробы выкрываць злоўжываньні супрацоўнікаў міліцыі на месцах, лічаць юрысты-экспэрты.

Выснова № 4, зробленая групай экспэртаў, тычыцца судовага працэсу над Андрэем Бандарэнкам. Яны палічылі, што працэс праходзіў з шэрагам парушэньняў, у тым ліку шматкроць парушаліся правы Бандарэнкі на абарону. Цягам працэсу 24 хадайніцтвы абаронцы Андрэя Бандарэнкі былі адхіленыя, прыводзяць прыклад юрысты Міхаіл Пастухоў ды іншыя.

Паводле экспэртаў, правакацыі і незаконныя пакараньні, якія працягнуліся адносна Андрэя Бандарэнкі пасьля суду ў Бабруйскай і Шклоўскай калёніях, таксама сьведчаць пра палітычна матываваны перасьлед праваабаронцы. На думку экспэртаў, прысуд Андрэю Бандарэнку варты адмены, сам ён мусіць быць вызвалены, а Пракуратура Беларусі мусіць прыняць захады адносна службовых асобаў, якія арганізавалі перасьлед праваабаронцы і працягваюць гэты перасьлед ва ўмовах пэнітэнцыярнай сыстэмы.

Міхаіл Пастухоў паведаміў, што юрысты, праваабаронцы і адвакаты Андрэя Бандарэнкі рыхтуюць ад імя Андрэя Бандарэнкі скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Таксама адвакат вязьня зьбірае матэрыялы, каб абскардзіць дзеяньні адміністрацыі Шклоўскай калёніі, дзе на Андрэя Бандарэнку былі накладзеныя спагнаньні, якія сталі прычынай новага суду над ім і перавода з калёніі ў турму. Акрамя пагаршэньня ўмоваў утрыманьня для Бандарэнкі гэта прывяло да таго, што летась ён быў пазбаўлены права на амністыю, зазначаюць экспэрты.

Ужо больш за паўгода Андрэя Бандарэнку ўтрымліваюць у Магілёўскай турме як злоснага парушальніка парадку адбыцьця пакараньня з адпаведнымі абмежаваньнямі , у тым ліку ў перапісцы і сустрэчах са сваякамі. Праваабаронцы таксама лічаць гэта адной з формаў перасьледу свайго калегі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG