Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Жамчужны. Палітвязень, які вывучыў у турме беларускую мову


Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Праваабарончы цэнтар «Вясна» абвясьціў, што праваабарончыя арганізацыі Беларусі лічаць заснавальніка ўстановы «Плятформа» Міхаіла Жамчужнага палітычным вязьнем.

Жыхар Віцебску, таленавіты навуковец, не заангажаваны ў палітычную дзейнасьць, трапіў за краты ўжо другі раз.

У верасьні Міхаілу Жамчужнаму споўнілася 60 гадоў. Ён нарадзіўся ў Віцебску, маці Міхаіла працавала настаўніцай — выкладала маляваньне і чарчэньне. Раіса Ігнатаўна памерла некалькі гадоў таму — у той час Жамчужны адбываў першае сваё пакараньне. Гісторыя пра тое, як Міхаіл патрапіў за краты ўпершыню, зьвязана зь ягонай вынаходніцкай дзейнасьцю. У 2008 годзе на яго завялі справу за эканамічныя злоўжываньні. Тады ён выкладаў у тэхналягічным унівэрсытэце, кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду дзеля выкарыстаньня ў прамысловасьці. Пасьля суду Міхаіл Жамчужны 4 гады адбыў у зьняволеньні. Спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак справа была задужа складаная: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў, спрактыкаваных у гэтай сфэры. Урэшце ад ідэі рэабілітавацца Жамчужны адмовіўся, але на працу ва ўнівэрсытэт, дзе яго абвінавацілі, прынцыпова не вярнуўся.

Адбыўшы тэрмін, ён вырашыў далучыцца да праваабаронцаў. Да яго зьвярталіся людзі, зь якімі ён раней быў за кратамі. Яны паведамлялі яму пра тыя ці іншыя праблемы ў месцах пазбаўленьня волі. Разам з Андрэем Бандарэнкам ён заснаваў установу «Плятформа інавэйшн». І затрымалі спадара Жамчужнага неўзабаве пасьля арышту Бандарэнкі, у жніўні 2014 году.

Паколькі ў Віцебску ён ня меў блізкіх сваякоў, пра ягонае апошняе затрыманьне і арышт стала вядома не адразу. Яго ўтрымлівалі ў СІЗА-2, пра сутнасьць абвінавачаньня не паведамлялася нічога канкрэтнага. Анічога ня мог паведаміць з-за кратаў і сам Міхаіл. Але перапіска зь ім дазволіла зрабіць некаторыя высновы, кажа Тацяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД:

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

«Я даведалася пра Міхаіла Жамчужнага ў сувязі з Андрэем Бандарэнкам. Андрэя я ведала, ведала, што ён зьвязаны з „Плятформай“. А вось пра Міхаіла ня ведала анічога! Я далёкі ад навукі чалавек, а ён — навуковец. Я няшмат ведала і пра дзейнасьць „Плятформы“ Ведала толькі тое, што ён быў у віцебскім СІЗА-2, і проста наўгад туды напісала. І атрымала адказ! З таго, што ён пісаў, са стылю напісанага, я зразумела, што гэта чалавек вельмі адукаваны, што ён разумее, што і як зь ім здарылася. І ў першым жа лісьце — пытаньне, ці не чуваць пра ягоных сяброў і знаёмых. Ён гатовы быў цярпець, абы толькі не чапалі блізкіх яму людзей — тых, хто быў побач на волі!»

Праваабаронцы і іншыя неабыякавыя людзі падтрымлівалі яго матэрыяльна, паклапаціліся, каб у Міхаіла Жамчужнага быў адвакат. Зрэшты, Міхаіл быў упэўнены ў тым, што зможа разьбіць падставы абвінавачаньня ў судзе. Пра гэта ён таксама пісаў у лістах, працягвае Тацяна Севярынец:

«Ён пісаў, што спадзяецца на сваю абарону больш, чымсьці на абарону адваката. Я ня думаю, што ён наіўны чалавек, каб так лічыць. Ён сапраўды ў гэта верыў, была надзея дамагчыся праўды. Ён, паводле лістоў, аптыміст, і гэта вельмі важна. Нават у тых цяжкіх умовах ён заўжды падкрэсьліваў, што ў яго ўсё выдатна, і што нават кормяць у турме смачна. Трымаўся годна. І я аднойчы прапанавала, каб яму было чым заняць свой час: „А давайце перапісвацца па-беларуску“. Ён, вядома, спачатку казаў, што даўно беларускую мову вывучаў, і што асноўная ў яго — расейская. Але пагадзіўся, папрасіў выпраўляць памылкі. А я потым паглядзела — дык і няма чаго выпраўляць! Вось што значыць разумны, адукаваны чалавек. Я толькі паглядзела назвы ягоных навуковых распрацовах і вынаходніцтваў — і ўжо была ўражаная! І мы зь ім лістуемся па-беларуску».

1 чэрвеня 2015 году Міхаіла Жамчужнага судзілі. Працэс у Віцебскім абласным судзе быў закрыты. Абараніцца падсуднаму не ўдалося, вырак суду ад 10 ліпеня быў жорсткі: 6 гадоў калёніі строгага рэжыму. Аднак ён не здаваўся — падаў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Дзяржаўны абвінаваўца, які адразу патрабаваў для Жамчужнага 7 гадоў пазбаўленьня волі, палічыў прысуд занадта мяккім, і таксама зьвярнуўся ў вышэйшую судовую інстанцыю. У выніку 23 кастрычніка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў касацыйную скаргу асуджанага й павялічыў тэрмін зьняволеньня яшчэ на паўгода.

Міхаіл Жамчужны прызнаны вінаватым паводле некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэксу: наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія маюць службовую тайну, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама дача хабару.

Камэнтуючы тое, што беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем, прэзыдэнт Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава Тацяна Равяка адзначыла:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

«Уся гэтая справа — перадача Жамчужнаму інфармацыі, якая ўтрымлівае сакрэтныя зьвесткі — ініцыяваная Ўпраўленьнем КДБ Віцебскай вобласьці. Гэта была апэратыўная распрацоўка. Атрымліваецца, што супрацоўнікі КДБ або цалкам справакавалі гэтую сытуацыю, або зрабілі працяглую ў часе справу з чатырма эпізодамі, не спынілі гэтыя супрацьпраўныя дзеяньні пасьля першага эпізоду гэтага экспэрымэнту і такім чынам значна пагоршылі становішча Жамчужнага, бо ўсе далейшыя дзеяньні ўжо кваліфікаваліся як паўторныя злачынствы».

Праваабаронцы маюць дакумэнты, што Жамчужны на працягу 2013 −2014 гг., атрымліваў ад дзяжурнага мэдыцынскага выцьвярэзьніка УУС Віцебскага аблвыканкаму службовыя дакумэнты зь інфармацыяй: зьвесткі аб заведзеных крымінальных справах у дачыненьні да службовых асоб, зводкі за 2012 і 2013 гады аб здарэньнях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спэцданясеньне па факце раптоўнай сьмерці ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму і г.д. Гэтыя зьвесткі Жамчужны ўспрымаў як інфармацыю, якая мае грамадзкі інтарэс, атрымліваў іх, каб выявіць незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і зрабіць іх публічнымі.

Цяпер праваабаронцы патрабуюць перагляду справы Міхаіла Жамчужнага справядлівым судом, прызнаючы, што ў ягоных дзеяньнях ёсьць склад правапарушэньня — а менавіта дача хабару. Хаця дагэтуль невядома, ці супрацоўнікі КДБ справакавалі Жамчужнага на тое, што ён пачаў выкупляць гэтыя зьвесткі, ці сам Жамчужны шукаў такіх кантактаў з супрацоўнікамі сілавых структур.

Цяпер Жамчужны знаходзіцца на месцы адбыцьця пакараньня — у калёніі № 14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну. З карантыну яго перавялі ў атрад № 18. Міхаіл Жамчужны імкнецца трымаць сябе ў добрай спартовай форме і па-ранейшаму глядзець на сьвет з аптымізмам, кажа праваабаронца Леанід Сьвецік:

Леанід Сьвецік
Леанід Сьвецік

«Калі ён знаходзіўся ў СІЗА, і падчас суду, і цяпер, калі ён у калёніі, лісты ад яго бадзёрыя. Ён піша, што здароўе не падводзіць, заўжды гатовы падтрымаць дыскусію, заўжды малюе „смайлікі“, калі нешта вясёлае піша. Відаць, што чалавек не здаецца, хоць яму за кратамі і ня вельмі добра. Я заўжды пытаюся, што яму патрэбна — з рэчаў, лекаў, пэрыядычнага друку. У гэтым сэнсе ён вельмі сьціплы, і я думаю, што такі ён па жыцьці. Просьбы ў яго чалавечыя — каб яму пісалі лісты, каб былі зь ім у кантакце, каб паведамлялі навіны. Бо ён заўжды цікавіцца, як жыве краіна, Віцебск, што адбываецца навокал».

Міхаіл Жамчужны просіць, каб яму перадалі самы просты гадзіньнік — праваабаронцы ўжо знайшлі такі, і плянуюць перадаць. Яшчэ палітвязень хоча ведаць апошнія навіны, хай сабе і афіцыйныя, таму просіць знайсьці для яго радыёпрымач.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG