Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжым помсты за «здраду». Колькі былых сілавікоў трапілі за краты з палітычных матываў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

13 студзеня ў Менскім абласным судзе пачынаецца працэс над пяцьцю экс-афіцэрамі міліцыі, якія ў жніўні 2020 году заклікалі былых калег «не выступаць карнікамі».

13 студзеня ў Менскім абласным судзе пачынаецца працэс над пяцьцю экс-афіцэрамі міліцыі, якія ў жніўні 2020-га заклікалі былых калег «не выступаць карнікамі». Былым жодзінскім афіцэрам міліцыі інкрымінуецца «распальваньне варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК) і «нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы» (ч. 3 арт. 361 КК).

Абвінавачаным пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы.

«Ня трэба наводзіць тэрор, выступаць карнікамі»

У 2020-м усе гэтыя афіцэры былі ўжо ў адстаўцы або ў запасе. Ігар Кісьляк раней узначальваў аддзел ГУБАЗіК Барысаўскага РАУС. Звольніўся з органаў у 2012 годзе. Вячаслаў Ільін быў намесьнікам начальніка Жодзінскага ГАУС, узначальваў крымінальную міліцыю і выйшаў у адстаўку ў 2008 годзе. Андрэй Дарошка быў намесьнікам начальніка Жодзінскага ГАУС у ідэалягічным забесьпячэньні і кадрах, выйшаў на пэнсію ў 2012-м. Віталь Папроцкі быў начальнікам Смалявіцкага раённага аддзела Сьледчага камітэта. Дзьмітры Ўдовін працаваў у Жодзінскім ГАУС і ў Сьледчым камітэце. Яны таксама звольніліся ў 2012-м.

Усе былыя афіцэры на відэа прамаўляюць спакойна, памяркоўна, узважана, у іхных зваротах няма заклікаў, пагрозаў, грубых словаў. Ёсьць толькі просьбы.

«Кожны з нас больш за 20 гадоў свайго жыцьця аддаў службе ў органах унутраных спраў. Мы служылі не за мізэрныя заробкі, а за ідэю, — зьвяртаецца на відэа да сілавікоў Ігар Кісьляк. — Галоўнай мэтай была абарона людзей і барацьба са злачыннасьцю. А сёньня вашыя ўчынкі ў біцьці людзей на вуліцах, якія не зрабілі нічога... Няма тут ні арганізаваных злачынных групаў, няма замежных агентаў... Ня трэба наводзіць тэрор, выступаць карнікамі, прыцягваць войскі, ставіць сябе па-за законам. І супрацьпастаўляць сябе нашаму спакойнаму працавітаму народу».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Вячаслаў Ільін і Андрэй Дарошка просяць цяперашніх міліцыянтаў абыходзіцца з грамадзянамі так, як са сваімі блізкімі:

«Прашу вас, работнікі міліцыі, паводзьце сябе ў дачыненьні грамадзянаў так, як бы вы паводзілі сябе ў дачыненьні сваіх блізкіх, бацькоў, дзяцей. Не стварайце панікі, дзейнічайце паводле закону, паводле сумленьня», — прамаўляе, у прыватнасьці, Андрэй Дарошка.

«Нельга біць нявінных людзей, якія проста вяртаюцца з працы з начной зьмены, пераходзяць дарогу альбо ідуць з крамы. Не праяўляйце залішняй жорсткасьці. Ёсьць паняцьці „цьвёрдасьць“ і „жорсткасьць“. Ведаю сам вельмі шмат выпадкаў, калі нашы праваахоўнікі праяўляюць залішнюю жорсткасьць. Ня трэба гэтага рабіць. Вам потым давядзецца глядзець у твар сваім сынам, маці, сябрам, мы ж жывём у гэтым горадзе», — казаў у 2020 годзе Дзьмітры Ўдовін.

Усіх пяцярых былых міліцыянтаў затрымалі ў лютым 2024 году — праз тры з паловай гады пасьля звароту.

«Яны паказалі сябе адэкватна, і сыстэма ім гэтага не даруе»

Былы опэрупаўнаважаны аддзяленьня крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС, былы лейтэнант міліцыі Ўладзімер Жыгар быў адным зь фігурантаў «справы ByPol». Яго асудзілі завочна на 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прызначылі штраф у 200 тысяч рублёў. Жыгар перакананы, што ня мае ніякага значэньня, што канкрэтна казалі затрыманыя міліцыянты на відэа і зь якой танальнасьцю зьвярталіся да калег.

«Тут наагул ня трэба разглядаць, як і што казалі жодзінскія міліцыянты: добра або дрэнна, памяркоўна і ўзважана ці кагосьці пакрыўдзілі — гэта ня мае ніякага значэньня. У той момант, калі сыстэма хісталася, яны паказалі сябе адэкватна. І сыстэма ім гэтага не даруе. Лічылася, што пры адборы ў праваахоўныя органы сыстэма ня можа прапусьціць людзей, якія ідэалягічна няправільна падкаваныя. Гэтыя людзі кінулі выклік сыстэме, і сыстэма іх проста ненавідзіць. І яна зробіць усё, каб іх зьнішчыць, і знойдзе любыя прычыны, любыя аргумэнты», — кажа была опэрупаўнаважаны Ўладзімер Жыгар.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

Што да тэрмінаў, жодзінскім афіцэрам міліцыі дадуць па максымуме, мяркуе суразмоўца.

«І да 2020 году, калі фігурантам крымінальнай справы быў супрацоўнік міліцыі — ці за ДТЗ са сьмяротным зыходам, ці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў або махлярства — заўсёды было такое негалоснае правіла: міліцыянту давалі максымальнае пакараньне, бо ён разумеў, на што ідзе. Калі гаварыць пра гэтую жодзінскую справу, то тут дадуць максымум толькі дзеля таго, каб іншым „непанадна было“, каб запалохаць астатніх», — перакананы Ўладзімер Жыгар.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На думку юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыі (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС), у выпадку з былымі работнікамі «сыстэмы» рэжым выкарыстоўвае менавіта мэханізм «помсты за здраду», каб дэманстратыўна пакараць і запужаць.

Нават калі крымінальны артыкул прадугледжвае тэрміны пакараньня, напрыклад, ад 2 да 5 гадоў, былому міліцыянту дадуць па максымуме, пацьвярджае яна словы спадара Жыгара. Да таго ж усе працэсы ў дачыненьні былых праваахоўнікаў, сілавікоў праходзяць у закрытым рэжыме.

«Асуджэньне гэтых людзей на працяглыя тэрміны з выкарыстаньнем сфабрыкаваных абвінавачаньняў ня толькі парушае іх права на справядлівы судовы разбор, але і зьяўляецца актам пакараньня за іхныя палітычныя погляды або дзеяньні. Жорсткія рэпрэсіі ў дачыненьні былых дзяржаўных службоўцаў маюць прыкметы катаваньняў, як яны азначаныя ў артыкуле 1 „Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных відаў абыходжаньня і пакараньня“. Згодна з гэтым дакумэнтам, катаваньні ўключаюць наўмысныя дзеяньні, якія наносяць моцны фізычны ці псыхалягічны боль, або пакуты з мэтай пакараньня за ўчынкі, у якіх асоба падазраецца, або запужваньня», — зазначае юрыстка.

42 вайскоўцы, 74 сілавікі

Былога супрацоўніка Сьледчага камітэта Яўгена Юшкевіча, які звольніўся адтуль яшчэ ў 2017 годзе, асудзілі на 11 гадоў турмы паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Былога лідзкага міліцыянта, падпалкоўніка Юрыя Махнача, завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (20 тыс. рублёў). У жніўні 2020 году ён публічна расказаў пра падрыхтоўку міліцыі да карных «зачыстак», біцьцё затрыманых. Гэта палічылі «здрадай дзяржаве». Тады ж, 18 жніўня, Махнач падаў у адстаўку са службы ў міліцыі. Пазьней празь небясьпекі перасьледу ён пакінуў Беларусь.

У лютым 2024 году Менскі гарадзкі суд вынес завочныя выракі ў дачыненьні да фігурантаў «справы ByPol». Былога супрацоўніка Генпракуратуры Алега Талерчыка, былых сьледчых і міліцыянтаў Андрэя Астаповіча, Ігара Лобана, Мацьвея Купрэйчыка, Уладзіміра Жыгара, Аляксандра Азарава асудзілі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў пазбаўленьня волі і вялікія штрафы.

19 сьнежня 2024 году пачалі судзіць Аляксандра Кудрэвіча, былога супрацоўніка Дэпартамэнту крымінальнай выведкі МУС Беларусі — паводле артыкулу 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»), і артыкулу 356 ч. 2 («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.

Юрыстка «Вясны» Вікторыя прыводзіць такія лічбы. Сярод вядомых праваабаронцам выпадкаў палітызаванага крымінальнага перасьледу — 42 былыя вайскоўцы (зь іх як мінімум 20 палітвязьняў на гэты момант), 74 сілавікі (зь іх 24 прызнаныя палітвязьнямі), 33 дзяржаўныя службоўцы (зь іх 14 — палітвязьні). Але гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі, падкрэсьлівае юрыстка. Статыстыка аб сілавіках і дзяржслужбоўцах, якія сутыкнуліся з палітычным перасьледам, абмежаваная, такія выпадкі часта замоўчваюцца.

«У гэтым выпадку ціск і запужваньне больш інтэнсіўныя, што стрымлівае людзей ад апублічваньня і паведамленьняў. Іх жорсткае пакараньне мае за мэту ня толькі пакараць, але і стварыць атмасфэру страху сярод іншых работнікаў сыстэмы, запужваючы магчымымі наступствамі за любое іншадумства. Гэтыя дзеяньні дэманструюць сыстэмнае выкарыстаньне катаваньняў і іншых формаў жорсткага абыходжаньня для падтрыманьня татальнага кантролю.

Жорсткасьць пакараньня і маштаб рэпрэсій супраць былых „сваіх“ сьведчаць пра паранаідальнасьць рэжыму, які баіцца страціць кантроль над нават уласнымі структурамі», — мяркуе юрыстка «Вясны».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG