Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі і былыя палітвязьні заклікалі прызнаць палітвязьнямі Бандарэнку і Жамчужнага


Дзьмітры Дашкевіч і Кацярына Садоўская падпісваюць зварот
Дзьмітры Дашкевіч і Кацярына Садоўская падпісваюць зварот

18 лістапада больш за 20 вядомых у Беларусі палітыкаў, праваабаронцаў і былых палітвязьняў падпісалі зварот да міжнародных арганізацый сьвету з заклікам прызнаць палітвязьнямі заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага.

Андрэй Бандарэнка і Міхаіл Жамчужны цяпер знаходзяцца ў вязьніцах. Аўтары звароту лічаць, што абодвух беларускія ўлады перасьледуюць за іх праваабарончую дзейнасьць. Гэта праз прыкладзеныя да звароту дакумэнты аб папярэдняй праваабарончай працы абодвух вязьняў і іх крымінальныя справы аўтары даводзяць аўтарытэтным у сваёй галіне арганізацыям Amnesty International, Human Rights Watch, World Organization Against Torture і да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

«Лічым, што крымінальныя справы супроць Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага былі сфабрыкаваныя з мэтай спыненьня іх актыўнай праваабарончай дзейнасьці і ліквідацыі створанай імі праваабарончай арганізацыі. Заклікаем міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнаць беларускіх праваабаронцаў Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага палітвязьнямі і зрабіць усё магчымае для іх хуткага вызваленьня», — сказана ў звароце. Дакумэнт падпісалі кіраўнік ініцыятывы «За волю» Ганна Шапуцька, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, каардынатар руху салідарнасьці «Разам» Ільля Дабратвор, старшыня маладзёвай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў, былыя палітвязьні Мікалай Аўтуховіч, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Зьміцер Дрозд, Зьміцер Касьпяровіч, праваабаронцы Алег Воўчак, Кацярына Садоўская, грамадзкія актывісты Натальля Гарачка, Яўген Батура ды іншыя.

Дзьмітры Бандарэнка і Міхаіл Пастухоў на прэсавай канфэрэнцыі
Дзьмітры Бандарэнка і Міхаіл Пастухоў на прэсавай канфэрэнцыі

Андрэй Бандарэнка асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Аўтары звароту мяркуюць, што супраць Бандарэнкі ня толькі ўчынілі правакацыю, каб асудзіць менавіта па артыкуле, які прадугледжвае зьняволеньне, але і ў вязьніцы працягваюць над ім зьдзекі, якія варта прыраўняць да катаваньняў — на вязьня штучна «павесілі» прыніжальны статус, з-за якога ягоныя кантакты зь іншымі зьняволенымі немагчымыя. У апошнім лісьце з шклоўскай калёніі Андрэй Бандарэнка напісаў, што ўжо дакладна год сядзіць у адзіночцы. «Атрымліваецца, ужо год сяджу ў адзіночцы з-за распаўсюджанай дэзынфармацыі. За гэты час толькі і рабілі, што каралі, ганьбілі і пагражалі. Калі караюць за паход у царкву і ўчыняюць правакацыю са статусам, то, відаць, нешта не ў парадку ў галовах людзей, якія адказныя за выпраўленьне асуджаных», — напісаў бацьку Андрэй Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

Аўтары звароту ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі зьвярнулі ўвагу на тое, што правакацыі з статусам адносна Бандарэнкі ўзьніклі ўпершыню ў бабруйскай калёніі, дзе праваабаронца сядзеў у канцы 2000-х гадоў па адмененым пазьней прысудзе. Калі Бандарэнка выйшаў на волю, дык апавёў крытычныя зьвесткі пра парадкі ў бабруйскай калёніі. «Год таму ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС дакладна ведалі і пра крытыку Бандарэнкі на адрас бабруйскай калёніі, і пра своесаблівыя парадкі ў ёй, але адмыслова накіравалі праваабаронцу для адбыцьця апошняга пакараньня менавіта туды. Як вынік — правакацыя з статусам, з-за якой Бандарэнка не выходзіць з адзіночкі», — апавяла актывістка Ганна Шапуцька.

Паводле зьвестак Андрэя Бандарэнкі, хутка над ім у калёніі мусіць адбыцца суд, пасьля якога яго перавядуць на турэмны рэжым. Дзень суду яшчэ не прызначаны.

Ня ўсе праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што перасьлед Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага адбываецца паводле палітычных прычын. Гэтак, у «Вясьне» зьвяртаюць увагу на тое, што пакараньне праваабаронцы Бандарэнкі не адрозьнівалася ад агульна прынятага ў Беларусі за злоснае хуліганства. Адносна Міхаіла Жамчужнага, якога асудзілі на 6 з паловай гадоў нібыта за спробу даць хабар міліцыянту, праваабаронцы заўважаюць, што суд над ім быў закрыты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG