Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс не закранае вучэньняў


Чарговыя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні адбудуцца сёлета ў верасьні. У сіле застаецца ранейшая дамоўленасьць, што вучэньні будуць праводзіцца кожныя два гады на тэрыторыі кожнай з краінаў па чарзе.

Як сказаў у сераду журналістам у Менску міністар абароны Юры Жадобін, “падрыхтоўка да вучэньняў ідзе бяз зрываў”. Яго расейскі калега Анатоль Сердзюкоў удакладніў, што на гэты раз вучэньні пройдуць на расейскай тэрыторыі -- адначасова на Гарахавецкім палігоне ў Ніжагародзкай вобласьці і на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласьці. З удзелам міністраў сёньня ў Менску прайшла сумесная калегія абаронных ведамстваў дзьвюх дзяржаваў.

Мінулыя вучэньні “Захад -2009” праходзілі ў Беларусі на палігоне пад Баранавічамі. На завяршальным этапе іх наведалі Дзьмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка. Тады ж і была дасягнутая дамоўленасьць праводзіць сумесныя вучэньні штодвагады. У вучэньнях --2009 удзельнічалі больш за 12 тысяч вайскоўцаў, прыблізна пароўну з кожнага боку. Такая ж колькасьць называецца і на гэты раз. Паводле міністра Сердзюкова, будзе задзейнічана больш за 50 самалётаў і верталётаў, а таксама да 200 адзінак іншай баявой тэхнікі. Як адзначыў міністар, вучэньні дазволяць праверыць гатоўнасьць сыстэм кіраваньня і войскаў да выкананьня сумесных задач.

Сердзюкоў паведаміў, што сёлета Расея завяршыла першы этап рамонту і мадэрнізацыі зэнітных ракетных сыстэм С-300 узброеных сіл Беларусі. Паводле яго слоў, дасягнутая дамоўленасьць пра пастаўкі беларускай арміі "адпаведных зэнітных ракетных сыстэм у будучыні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG