Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клясавыя баі бізнэс-пралетарыяту


Падчас сёньняшняй акцыі прадпрымальнікаў не было ніякіх палітычных лёзунгаў, дробныя бізнэсоўцы патрабавалі ўсяго толькі скасаваньня ўказу №760.


Але рэпрэсіі, якія абрынуліся на іх, цалкам супастаўныя з тымі, якія ўлада ўжывае адносна палітычнай апазыцыі: і запалохваньне, і публічная дыскрэдытацыя, і прэвэнтыўныя затрыманьні паводле надуманых падставаў, і крымінальны перасьлед удзельнікаў масавых акцый. Хаця здавалася б – чыстая эканоміка, так бы мовіць, “сацыялка”, нічога болей, самая што ні на ёсьць справа сацыяльнай дзяржавы. Нават міністэрства эканомікі налічыла 46 тысяч прадпрымальнікаў, якія дагэтуль не перарэгістраваліся ў ПУПы. Гэта значна больш, чым 1767 “дэструктыўных элемэнтаў”, дакладна падлічаных шэфам КДБ Ю. Жадобіным. А сродкі – як супраць “дэструктыўных”.

Чыноўнікі тлумачаць неабходнасьць 760-га ўказу патрэбамі эканомікі, часам гучаць нават спасылкі на замежныя краіны зь пераходнай эканомікай, дзе колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў беларускага тыпу істотна зьменшылася, калі яны ня зьніклі наагул. І гэта насамрэч так, бо краіны зь пераходнай эканомікай як раз гэты пераход і ажыцьцявілі. У гадавых справаздачах Усясьветнага банку ўражваюць долі ў ВУП краінаў рэгіёну, якія вырабляе прыватны сэктар: Польшча – за 80%, Расея – 70%, Беларусь – 25% (!). З усіх постсавецкіх краінаў такая самая доля ўкладу прыватнага сэктару ў ВУП – толькі ва Ўзбэкістане.

Беларусь нікуды не пераходзіць, вось у чым праблема.

Напрыканцы году ў кампаніі цкаваньня прадпрымальнікаў узяў удзел асабіста кіраўнік дзяржавы, натхняючы сваім прыкладам шараговых прапагандыстаў. Прадпрымальнікі былі абвінавачаныя ў падрыве нацыянальнай (дзяржаўнай, зразумела) прамысловасьці: вязуць таннае, зьбіваюць цэны, у выніку церпяць прадпрыемствы і іх работнікі. Тое, што як пакупнікі работнікі гэтых прадпрыемстваў як раз выйграюць, купляючы танны тавар, - пра гэта чамусьці ня ўзгадвалася.

Ужо, здаецца, колькі гадоў прайшло з абяцаньня страсаць прадпрымальнікаў “як ушывых блох”, а ў сэнсе эканамічнай філязофіі, як бачым, нічога не зьмянілася.
Хаця можа ўлада і мае рацыю ў тым сэнсе, што знакамітая “кітайская мадэль” двухсэктарнай эканомікі, на якую так любяць спасылацца, ў нашых краёх неяк не атрымліваецца: ці нармальная рынкавая эканоміка, у якой колькасьць дробных прыватнікаў сапраўды зьмяншаецца, ці эканоміка адзяржаўленая, дзе прадпрымальнікі – як пятае кола ў возе. І калі апазыцыя для ўлады – вораг палітычны, то прадпрымальнікі – клясавы.

Магчыма, такую жорсткасьць у “дыялёгу” з прадпрымальнікамі ўлада дэманструе таму, што ведае, іх хаця і шмат, але яны – ў пэўным сацыяльным гета, наўрад ці іх пратэст знойдзе шырокую падтрымку іншых слаёў насельніцтва, для іх бізнэсоўцы – тыя, хто ў “масьле качаецца” і “грошы рыдлёўкай грабе”. Хаця хто ведае, пратэст з выхадам на цэнтральныя плошчы сталіцы – гэта ўзор, гатовая форма. Паводле дадзеных апытаньняў, леташняе скасаваньне льгот і скачок цэн даволі істотна падвысілі ўзровень незадавальненьня ў грамадзтве. Пакуль гэтае незадавальненьне ніяк не праяўляецца, акрамя бурчэньня, але сытуацыя робіцца няўстойлівай і нават маленькі штуршок можа спарадзіць лявіну. Нешта, у тым ліку і страйк прадпрымальнікаў, можа стаць каталізатарам пратэсту тых, хто можа і ніяк не падтрымлівае барацьбу бізнэсоўцаў. Магчыма, перасьцярогай ад такога сцэнару і тлумачыцца тая жорсткасьць, зь якой улады абышліся з чыста эканамічным пратэстам прыватных прадпрымальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG