Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лас-Вэгасе каля гатэля Трампа выбухнуў Cybertruck. Улады ЗША расьсьледуюць сувязь паміж выбухам аўтамабіля і тэрактам у Новым Арлеане


Выбух электрапікапа Tesla Cybertruck побач з гатэлем Trump International у Лас-Вэгасе
Выбух электрапікапа Tesla Cybertruck побач з гатэлем Trump International у Лас-Вэгасе

Улады ЗША расьсьледуюць, ці зьвязаныя наезд грузавіка на мінакоў у Новым Арлеане і выбух электрапікапа Tesla Cybertruck побач з гатэлем Trump International у Лас-Вэгасе.

Пра гэта заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, падкрэсьліўшы, што на дадзены момант у праваахоўных органаў няма доказаў, якія пацьвярджаюць гэтую сувязь.

Байдэн паведаміў, што «ўсяго за некалькі гадзін да сьмяротнага наезду аўтамабіля ў Новым Арлеане падазроны разьмясьціў у сацыяльных сетках відэа, у якіх сьцьвярджаў, што яго натхніла [на зьдзяйсненьне тэракту] „Ісламская дзяржава“».

Гэтыя відэа таксама дэманструюць «жаданьне забіваць», дадаў прэзыдэнт, удакладніўшы, што атрымаў гэтую інфармацыю ад ФБР.

У горадзе Новы Арлеан у штаце Луізіяна на поўдні ЗША ня менш як 15 чалавек загінулі, больш за 30 былі параненыя пасьля таго, як грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, якія адзначалі Новы год у цэнтры гораду. Кіроўца грузавіка адкрыў агонь і ўступіў у перастрэлку з паліцыяй, пры гэтым двое паліцыянтаў былі параненыя.

Абвінавачаны ў наезьдзе — грамадзянін ЗША, 42-гадовы жыхар Тэхасу, вэтэран амэрыканскай арміі Шамсуд-Дзін Джабар. Ён загінуў на месцы ў перастрэлцы з паліцыяй, паведамілі афіцыйныя асобы.

Фэдэральныя ўлады і мясцовыя праваахоўныя органы Новага Арлеана заявілі, што Джабар дзейнічаў не ў адзіночку і што яны шукаюць ягоных саўдзельнікаў, перадае «Голас Амэрыкі». ФБР паведаміла, што на грузавіку Джабара быў сьцяг тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава», і разглядае атаку як магчымы акт тэрарызму. У машыне таксама знайшлі самаробныя бомбы і пульт кіраваньня да іх.

Як паведамляюць KTNV-TV і Denver7 са спасылкай на крыніцы, паліцыя вызначыла асобу падазраванага ў падрыве аўтамабіля Tesla Cybertruck у Лас-Вэгасе ў сераду. Ім аказаўся былы вайсковец арміі ЗША 37-гадовы Мэт'ю Лівэльсбэргер з Каларада-Спрынгс.

Паводле крыніц тэлеканала Denver7, ён служыў на той жа вайсковай базе, што і Шамсуд-Дзін Джабар, які падазраецца ў наезьдзе на натоўп у Новым Арлеане.

Сьледчыя ФБР праводзяць ператрусы ў адным з дамоў у Каларада-Спрынгс, дзе жыў Лівэльсбэргер.

Электрычны аўтамабіль Tesla Cybertruck выбухнуў у сераду днём каля гатэля ў Лас-Вэгасе, які належыць абранаму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу. Кіроўца аўтамабіля загінуў, сем чалавек былі параненыя.

Прычына выбуху пакуль ня вызначана, але ўнутры аўтамабіля знайшлі піратэхніку і каністры з бэнзінам. Сьледзтва высьвятляе, ці мог загінулы кіроўца наўмысна справакаваць выбух.

Сьледчым таксама трэба будзе вызначыць, ці была акцыя каля гатэля накіраваная супраць Трампа або ўладальніка Tesla Ілана Маска, які ў апошнія месяцы стаў найбліжэйшым паплечнікам абранага прэзыдэнта. Маск таксама дапусьціў узаемасувязь паміж здарэньнямі, адзначыўшы, што выбух быў выкліканы вельмі вялікай колькасьцю фаервэркаў або выбуховым прыстасаваньнем, а ня станам электрамабіля Cybertruck.

Паліцыя заявіла, што ўсё яшчэ працуе над вызначэньнем прычыны выбуху. Амэрыканскія СМІ, у тым ліку тэлеканалы NBC і CBS, паведамілі, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, што ўлады разглядаюць яго як магчымы тэрарыстычны напад.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG